Куды прыводзяць мары? У журналісты я пайду…
У гуртку ці секцыі пры цэнтрах дадатковай адукацыі школьнікі часта сустракаюць сваю будучую прафесію
Выдатна, калі ў маладых людзей ёсць нейкае захапленне. Любімы занятак дае магчымасць раскрыць свае здольнасці. Чалавек, які захоплены добрай справай, куды цікавейшы для іншых, чым той, хто бязмэтна бавіць час на вуліцы. На жаль, сярод падлеткаў і такія ёсць. І ўсё ж большасць маіх равеснікаў – людзі захопленыя, ініцыятыўныя, творчыя. І магчымасцей праявіць сябе ў нас нямала.
У верасні 2011 года я прыйшла ў клуб журналістыкі, які працуе ў Цэнтры дадатковай адукацыі г. Бярозы. Займаецца з намі Ірына Антонаўна Мінеева. Ніколі не забуду свой першы ўрок: ён быў такі незвычайны і вясёлы, я проста была здзіўленая. З кожным днём усё больш старанна займалася, як гаворыцца, увайшла ў смак. І сёння не шкадую аб сваім выбары, бо гэты выбар умацаваў маё рашэнне навучыцца журналістыцы, каб займацца ёю прафесійна.
У клубе журналістыкі, акрамя цікавых заданняў, атрымліваю для сябе шмат патрэбнай інфармацыі пра прафесію, аб якой мару. Тут вучуся прыгожа выкладаць думкі як на паперы, так і вусна. Дзякуючы гэтаму клубу, я стала больш раскаванай і камунікабельнай. Зносіны з рознымі людзьмі дадалі мне ўпэўненасці. Я падыходжу да працы з энтузіязмам. Журналіст – гэта той, хто шмат працуе і працуе з захапленнем!
Упэўнена, што ў кожным горадзе, пасёлку ці вёсцы для падлеткаў і моладзі знойдуцца цікавыя гурткі і секцыі, будуць прапановы карысных праграм і акцый. Галоўнае, каб дзяўчаты і хлопцы жадалі скарыстацца слушнымі прапановамі і не ленаваліся.
Юльяна КЛІМЯНКОВА,
клуб журналістыкі ЦДА,
г. Бяроза.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.