І не патрэбен нам бераг турэцкі

І не патрэбен нам бераг турэцкі

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Лета набліжаецца да свайго зеніту. Час актыўнага адпачынку і розных вандраванняў. Хтосьцi толькі адкрывае для сябе Турцыю з Егіптам, некаму яны ўжо надакучылі, а нехта і зусім не мае фінансавых магчымасцяў туды адправіцца. Але чаму абавязкова за трыдзевяць зямель трэба ехаць?
Неяк пачуў меркаванне, што ў Беларусі акрамя Нясвіжскага і Мірскага замкаў, і глядзець няма чаго. Гэта хлусня! Султанскія палацы і егіпецкія піраміды паспяхова можна замяніць і пуўчамі, і азёрамі, і гістарычнымі месцамі нашай сінявокай краіны. Чаму б на свае вочы не паглядзець, напрыклад, на рэканструкцыю Косаўскага палаца? Ён знаходзіцца ў Івацэвіцкім раёне. Гісторыя палаца пачынаецца ў 1838 годзе, калі яго заклалі на сродкі ваяводы Казіміра Пуслоўскага. Пазней яго ўнук прайграў палац у карты. Калі знаходзішся побач з палацам Пуслоўскіх (другая назва гэтага замка), складаецца ўражанне, што ты не ў Беларусі, а дзесьці ў Англіі ці Уэльсе. У палацы налічвалася больш за 100 пакояў і не было ніводнай падобнай. У Белай зале, напрыклад, праводзіліся балі, у Чорнай – гулялі ў карты. Кажуць, што сцены Чорнай залы былі абліцаваны чорным мармурам. Падлога аднаго з пакояў палаца была шкляной, а пад ёй плавалі экзатычныя рыбкі. Не меней унікальнымі і раскошнымі былі сад і аранжарэя ў сядзібе Пуслоўскіх. На сённяшні дзень замак знаходзіцца на рэстаўрацыі, і гэта вельмі цешыць. Спадзяюся пасля яе заканчэння гэта жамчужына Беларусі заблішчыць у поўную сілу.
Можна зазірнуць на Драгічыншчыну ў Заказель. Там знаходзіцца магільны склеп старажытнага роду Ажэшка можна смела назваць адным з найпрыгажэйшых помнікаў неаготыкі. На фасадзе капліцы на сённяшні дзень захаваліся два чыгунных шчыта з гербамі дзвюх галін знакамітага роду. Усярэдзіне знаходзіцца мармурова-металічны алтар. Гэты помнік, пабудаваны ў 1849 годзе, знаходзіцца ў вольным доступе. На мой погляд, гэта адно з тых месцаў, якія трэба абавязкова наведаць.
На Пружаншчыне другое жыццё атрымлівае Ружанскі палац Сапегаў. У Ляхавіцкім раёне свабодна можна наведаць Грушаўку – сядзібу Рэйтанаў. Гэты маёнтак таксама некалі належаў Радзівілам, а потым перайшоў ва ўладанне Міхася Рэйтана. Тут ёсць што паглядзець. Уражвае магільны склеп Рэйтанаў з капліцай у стылі неаготыкі, якую пабудаваў у 1910 годзе Генрых Грабоўскі.
Вандраванне па гэтых гістарычных месцах будзе цікава не толькі заўзятаму краязнаўцу, але і кожнаму чалавеку, здольнаму атрымліваць асалоду ад сузірання такіх велічных пабудоў.
Арцём ГАРБАЦЭВІЧ,
г. Баранавічы.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Школа жыцця першыя ўрокі дае ў сям’і

Следующая запись

Куды прыводзяць мары? У журналісты я пайду…