Ці закранае нас “зялёная” эканоміка?..
5 чэрвеня грамадскасць адзначыць Сусветны дзень аховы навакольнага асяроддзя
Цудоўней нагоды задацца пытаннем: “А што ўласна я магу зрабіць, каб зменшыць антрапагенную нагрузку на прыроду?” – нават прыдумаць цяжка. Дарэчы, тэма сёлетняга Дня аховы навакольнага асяроддзя прыкладна так і гучыць: “Зялёная” эканоміка: ці закранае яна нас?” Аднак правільны адказ на даволі хітрае пытанне не павінен абмяжоўвацца толькі словамі. Ад красамоўнасці і прыгожых абяцанак, напрыклад, наш абласны горад чысцей не стане. Іншая справа – узяць у рукі мяшок, выйсці на бераг Мухаўца і прыбраць смецце…
ЯШЧЭ РАЗ
ПРА СМЕЦЦЕ
– Усё залежыць ад чалавека, ад яго выхавання і культуры паводзін, – расказвае Марына Піліпенка, галоўны спецыяліст аддзела дзяржаўнага кантролю за абыходжаннем з адходамі абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. – Адзін пазбаўляецца смецця, нават не дайшоўшы да сметніка, а іншы не лянуецца прыбраць і за сабой, і за суседам. Усё ж прыемна адзначыць, што за апошнія 15 гадоў Брэстчына стала чысцей. Здаецца, не так даўно людзі скідвалі разнастайны бытавы хлам у агульны кантэйнер, а сёння пра паасобны збор адходаў не чуў хіба што глухі. Кожны год для гэтай мэты жыллёва-камунальнымі службамі вобласці набываюцца спецыяльныя каляровыя кантэйнеры. На дадзены момант іх колькасць ужо наблізілася да 4 тысяч. Сістэма паасобнага збору адходаў паспяхова ўкараняецца і ў сельскай мясцовасці. Функцыянуюць пункты прыёму адпрацаваных элементаў сілкавання і рэчаў, якія ўтрымліваюць ртуць.
Да апошніх, дарэчы, прыкавана асаблівая ўвага брэсцкіх эколагаў. Калі, напрыклад, адпрацаваныя батарэйкі прымаюцца фактычна на кожным кроку, то з люмінесцэнтнымі энергазберагаючымі лямпачкамі сітуацыя цалкам супрацьлеглая. Ды спецыялісты запэўніваюць: у хуткім часе і гэта перастане быць праблемай. На базе Брэсцкага электралямпавага завода ўведзена першая, а да канца года будзе здадзена ў эксплуатацыю і другая чарга абсталявання па перапрацоўцы адходаў, якія ўтрымліваюць ртуць. Прынцып дзеяння новай устаноўкі заснаваны на раздзяленні ртутных лямпачак на галоўныя складальнікі: шкло, металічныя цокалі і люмінафор. Шкло і цокалі ўключаць у паўторны зварот як другасную сыравіну, а даволі рэдкі метал люмінафор стане выдатным матэрыялам для атрымання ртуці.
Спецыялісты ў галіне экалогіі расказалі і пра ўнікальны праект Праграмы развіцця ААН на 2011-2013 гады, які рэалізуецца ў Кобрыне. У яго межах ацэньваюцца і прагназуюцца аб’ёмы ўтварэння, сартавання і перапрацоўкі цвёрдых камунальных адходаў. Падобныя даследаванні дапамогуць наладзіць высокую ступень атрымання другасных матэрыяльных рэсурсаў.
Закранулі Брэстчыну і мерапрыемствы Нацыянальнага плана выканання абавязацельстваў, прынятых Беларуссю па рэалізацыі палажэнняў Стакгольмскай канвенцыі аб устойлівых арганічных забруджвальніках. На аснове дакумента быў распрацаваны абласны план дзеянняў. Ён прадугле-джвае кантроль за абсталяваннем і адходамі, якія ўтрымліваюць поліхларыраваныя біфенілы. Гэтыя хімічныя рэчывы адносяцца да
I класа небяспекі і шкодныя тым, што доўгі час здольны пераходзіць з ланцуга ў ланцуг. Само абсталяванне, як правіла, эксплуатуецца яшчэ з 70-х гадоў, але да 2015-га яго павінны замяніць на больш бяспечнае новае.
НЕ ШКОДЗІЦЬ… ВАДЗЕ
“Зялёная” эканоміка была б няпоўнай без належных клопатаў аб стане водных артэрый Брэстчыны. Сёння сітуацыя на вадзе характарызуецца стабільнасцю. Па словах Людмілы Шаўкуновай, начальніка аддзела дзяржаўнага кантролю за аховай і выкарыстаннем водных рэсурсаў, робіцца ўсё магчымае, каб якасць жыватворнай вільгаці не пагаршалася. А кіруюцца эколагі ў сваёй рабоце прынцыпам “не шкодзіць” – чаго і астатнім жадаюць.
У выніку разнастайных водаахоўных мерапрыемстваў эфектыўней сталі працаваць ачышчальныя збудаванні ў Баранавічах, Кобрыне, Драгічыне, Пінску, Белаазёрску. Завершана будаўніцтва аналагічных збудаванняў біялагічнай ачысткі ў штучных умовах у Івацэвічах, працягваюцца рэканструкцыі ў Бярозе, Брэсце, Ганцавічах. Дарэчы, больш дэталёва праблемы ачысткі сцёкаў вод будуць разгледжаны 7 чэрвеня на калегіі абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, а потым – і на адпаведным пасяджэнні Міністэрства прыроды ў Мінску.
Блакітныя лёгкія Брэстчыны – рэкі – можна назваць адносна чыстымі. Эколагі жартуюць: маўляў, трансгранічныя аб’екты Заходні Буг і Прыпяць, напрыклад, наш бок фактычна не псуе – на тэрыторыі вобласці вада па якасці такая ж, як і на Украіне ці Польшчы.
КОЛЬКІ ВАЖЫЦЬ
ПАВЕТРА?
Ад блакітных лёгкіх пяройдзем да таго, што, сапраўды, можна абазначыць прыметнікам “лёгкі” – у сэнсе “бязважкі”. Гаворка, вядома ж, пра паветра. Як аказалася, асноўныя праблемы ў гэтай галіне звязаны з выкідамі забруджвальных рэчываў ад стацыянарных і перасоўных крыніц. Летась яны склалі звыш 160 тысяч тон. Дык, можа, не такое ўжо яно і лёгкае – гэта паветра?..
Зніжэнне выкідаў таксінаў у атмасферу ад стацыянарных крыніц дасягаецца шляхам удасканалення тэхналагічных працэсаў на вытворчасці, ужываннем сучасных метадаў спальвання паліва ў кацельных ці ўкараненнем альтэрнатыўных крыніц энергіі. Так, на Пінскім суднарамонтным-суднабудаўнічым заводзе, баранавіцкай мэблевай фабрыцы “Лагуна” і шэрагу іншых замест фарбавальных матэрыялаў з утрыманнем лятучых арганічных злучэнняў выкарыстоўваюцца адпаведнікі на воднай аснове. Каб знізіць нагрузку на наваколле, будуюцца і міні-ГЭС, эксплуатуюцца біягазавыя комплексы, а ў Брэсцкім і Баранавіцкім аддзяленнях Беларускай чыгункі нават задзейнічаны сонечныя батарэі. На прадпрыемствах вобласці эксплуатуюцца сучасныя высокаэфектыўныя ўстаноўкі па ачыстцы атмасфернага паветра. Летась 65 такіх установак з агульным зніжэннем выкідаў 350 тон у год былі ўведзены ў строй.
Перш, чым сесці за руль аўтамабіля, чалавек таксама павінен задумацца аб тым, што прыгожы жалезны конь вельмі небяспечны для паветранага басейна населенага пункта. Ён лічыцца галоўнай крыніцай забруджвання паветра. Ніхто не патрабуе адмаўляцца ад неабходнага сёння сродка перамяшчэння, але тэхнічная спраўнасць яго павінна стаць абавязковай умовай. Даказана: няспраўныя машыны псуюць паветра таксінамі значна больш, а за гэта вадзіцель можа быць прыцягнуты і да адміністрацыйнай адказнасці. Леташняя аперацыя “Чыстае паветра” выявіла, што з перавышэннем норм таксічнасці і дымнасці эксплуатуецца кожны дзявяты і кожны сёмы аўтамабіль адпаведна. Ды пакутуе ад падобнай нядбайнасці не толькі наваколле, але і самі аўтааматары. Штрафы да пяці базавых велічынь наўрад ці камусьці прыносяць задавальненне.
САПРАЎДНЫ
КОЛЕР ЭКАНОМІКІ
У рэйтынгу самых трапяткіх экалагічных тэм лідзіруючую пазіцыю займае і праблема навя-
дзення парадку на зямлі.
– Сёлета, як і летась, эколагі разам з рабочымі групамі абласных і раённых выканаўчых камітэтаў абследавалі тэрыторыі сельгаспрадпрыемстваў, машынныя двары, гаражныя кааператывы, зоны аўтадарог, могілкі, водаахоўныя зоны і прыбярэжныя палосы, сельскія міні-палігоны, – падзяліўся Уладзімір Рэвяка, начальнік аддзела дзяржкантролю за аховай і выкарыстаннем зямель, расліннага і жывёльнага свету, асабліва ахоўных прыродных тэрыторый абласнога камітэта прыродных рэсурсаў. – Словам, сумеснымі намаганнямі прыбіралі смецце і наводзілі прыгажосць. Надта добра тут папрацавалі Лунінецкая, Ляхавіцкая, Ганцавіцкая, Пінская, Кобрынская, Іванаўская, Драгічынская райінспекцыі прыродных рэсурсаў. Аднак работа ў гэтым кірунку не спыняецца ні на хвіліну і кантралюецца асабліва пільна.
Дык ці закранае нас “зялёная” эканоміка? На гэтае пытанне Любоў Пахомава, намеснік начальніка аддзела арганізацыйнай, прававой і кадравай работы, агучвае статыстыку: больш за 6 тысяч брэсцкіх школьнікаў і студэнтаў далучыліся да традыцыйнай акцыі “Тыдзень лесу-2012”. Разам з дарослымі яны ўдзельнічалі ў пасадцы дрэў. А іншая абласная акцыя пад назвай “Дапаможам птушкам” прывабіла яшчэ больш юных аматараў прыроды – каля 34 тысяч. Яе вынік – мноства новенькіх самаробных кармушак і штучных гнездзішчаў для птушыных сяброў. Маладыя людзі ахвотна ўдзельнічаюць і ў разнастайных экавіктарынах, выставах, конкурсах па зборы макулатуры, добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый, атрыманні другасных матэрыяльных рэсурсаў.
Карацей кажучы, у кожнага з нас – свая ўласная эканоміка, а яе колер прама залежыць ад жадання сябраваць з прыродай. Шчаслівыя тыя, у каго ён сапраўды зялёны!..
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”.
Фота Аляксея ГАНЧУКА, “НТ”.
ДАВЕДКА «НТ»
“Зялёная” эканоміка (ад анг. Green economics, Ecological economics) – кірунак эканамічнай навукі, паводле якога лічыцца, што эканоміка з’яўляецца залежным ад прыроднага асяроддзя кампанентам, у межах якога яна існуе. Паняцце “зялёная” эканоміка” адносна маладое, яно сфарміравалася на працягу апошніх двух дзесяцігоддзяў. Гэта тая эканоміка, якая павышае дабрабыт людзей і забяспечвае сацыяльную справядлівасць, а таксама істотна зніжае магчымыя рызыкі для наваколля.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.