Беларусь

Экалагічная бяспека роднай Ганцаўшчыны – цалкам іх справа…


Ганцавіцкая раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя летась трапіла ў самы кругаварот падзей – экалагічных і асабістых
Мінулы год для раённай інспекцыі (дарэчы, адной з лепшых у вобласці) аказаўся змястоўным і багатым на разнастайныя падзеі. Эколагі з Палесся годна прэзентавалі сябе на Дні беларускага пісьменства ў райцэнтры, паўдзельнічалі ў стварэнні фільма “Загадкі Ганцаўшчыны” пра хараство прыроды роднага краю, а яшчэ – адсвяткавалі 60-годдзе свайго нязменнага кіраўніка і ідэйнага лідара Аляксея Сызранцава. Гэта далёка не поўны пералік прыгод і дасягненняў. Але пра ўсё – па чарзе.
Д’АРТАНЬЯН І ЯГО МУШКЕЦЁРЫ
Аляксей Сызранцаў на працягу 17 гадоў узначальвае інспекцыю прыродных рэсурсаў. Абаяльны натураліст з велізарным стажам валодае сапраўднай калекцыяй разнастайных узнагарод і адзнак: тры падзячныя пісьмы ад Прэзідэнта краіны, дзве граматы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, адна – Савета Міністраў. Апошнюю, дарэчы, уручылі не так даўно – падчас правядзення
IX Рэспубліканскага экалагічнага форуму ў Брэсце. Практычна штогадова гэты “залаты фонд” папаўняецца новымі прафесійнымі трафеямі, а некаторы час фотаздымак усмешлівага Аляксея Канстанцінавіча нават красаваўся на Дошцы гонару Мінпрыроды.
Але атрымліваць розныя прызы і тытулы за прыгожыя вочы – прэрагатыва прадстаўнікоў іншых прафесій. Эколагі ж свае зарабляюць выключна справай. За справядлівасць і выдатнае пачуццё гумару Аляксей Сызранцаў, вядома, мае бонусы ў выглядзе бясконцай павагі сваіх падначаленых і калег па цэху, ды шматлікія дыпломы і граматы – усё-такі вынік грунтоўнай працы.
У абавязкі даручанай яму інспекцыі ўваходзіць дзяржаўны кантроль за аховай паветранага басейна раёна, паверхневых і падземных вод, зямлі і нетраў, жывёльнага і расліннага свету, асабліва ахоўных тэрыторый. Значная ўвага тут удзяляецца і выкананню прыродаахоўнага заканадаўства ў вобласці абыходжання з адходамі, а таксама правядзенню экалагічных экспертыз праектаў. Словам, сядзець склаўшы рукі не прыходзіцца. Кожны новы дзень насычаны клопатамі пра экалагічны дабрабыт роднай Ганцаўшчыны.
Разам з Аляксеем Сызранцавым у інспекцыі працуюць яшчэ тры спецыялісты з вышэйшай адукацыяй і бясцэнным практычным вопытам. У кожнага з іх – свой сектар абавязкаў. Ганцавіцкія эколагі стараюцца не дубліраваць адзін аднаго і не перашкаджаць таварышам па агульнай справе, таму ўсё паспяваюць у тэрмін. Сяргей Іокіш курыруе пытанні аховы атмасфернага паветра і водных рэсурсаў, Міхаіл Гайцюкевіч адказвае за жывёльны і раслінны свет, а Ніна Купрыянік займаецца праблемамі абыходжання з адходамі. Безумоўна, толькі вышэйпералічаным дзейнасць райінспекцыі не абмяжоўваецца.
– Эколаг – паняцце шматграннае, у нечым нават універсальнае, – тлумачыць Аляксей Сызранцаў. – Ёсць моманты, калі даводзіцца быць і інспектарам, і следчым, і пракурорам у адной асобе. Маю на ўвазе факты парушэння прыродаахоўнага заканадаўства.
У лагічны ланцужок варта ўключыць яшчэ і маральна-этычны аспект справы. Існуюць розныя спосабы прафілактыкі правапарушэнняў, але пакараць так, каб чалавек пасля сказаў “дзякуй”, бясспрэчна, вышэйшы пілатаж. Ганцавіцкія эколагі памятаюць і такое.
Нягледзячы на сваю нешматлікасць, калектыў дружны, стабільны і адказны. Словам,  Д’Артаньян і тры мушкецёры, хоць адзін з іх (а дакладней – адна) у спадніцы…
ДАЛІКАТНАЯ СПАДЧЫНА
Эколагі з райцэнтра прызнаюцца: з работай ім адназначна пашанцавала. Акрамя таго, што яна, мякка кажучы, некабінетная, дык яшчэ і дазваляе ўвесь час быць у кантакце з прыродай, дыхаць чыстым паветрам і насалоджвацца маляўнічымі краявідамі. Геаграфічнае становішча і асаблівасці рэгіёна таксама даюць падставы для радасці. Што і казаць, натуральнай прыроднай пышнасцю Ганцаўшчына не абдзелена. Гэта край неверагодна прыгожых, бяс-концых лясоў і балот.
Раён – лідар у вобласці па лясістасці. Яна складае 54,7 працэнта пры агульнай плошчы ляснога фонду ў 106,552 тысячы гектараў. На долю балотных масіваў прыходзіцца 13,2 тысячы гектараў. Сярод найбольш значных з іх – Пусташ-Дабралуцкае, Галь, Пятрова Паляна і іншыя.
Гэты куточак Палесся наскрозь пранізаны і воднымі артэрыямі. Буйнейшая рака Лань на тэрыторыі раёна злучаецца з прытокамі Начай, Цной і Бобрыкам. На месцы ўпадзення Начы ў Лань створана вадасховішча Лактышы. Ёсць таксама заказнікі рэспубліканскага значэння: біялагічныя – “Борскі” і “Ялаўскі”, гідралагічны – “Падвялікі Мох” і ландшафтны – “Выганашчанскае”. Апошні ганцаўчане дзеляць з бліжэйшымі суседзямі з Івацэвіцкага раёна. А вось у Круговіцкім лясніцтве знаходзіцца помнік прыроды мясцовага значэння – хвоя Веймутовая. Увогуле, асабліва ахоўныя тэрыторыі, дзе рэгламентавана гаспадарчая дзейнасць, займаюць 10 працэнтаў ад агульнай плошчы рэгіёна.
Хоць багатая прыродная спадчына і цешыць вока, ды клопаты пра яе ніхто не адмяняў. Такі скарб, безумоўна, патрабуе ад спецыялістаў раённай інспекцыі максімальнай увагі і асцярожных, далікатных адносін, таму важным аспектам захавання біялагічнай разнастайнасці з’яўляецца работа па ахове рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл. Сачыць за выкананнем заканадаўства эколагам дапамагаюць калегі з міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, супрацоўнікі органаў унутраных спраў і пракуратуры, санітарна-эпідэміялагічнай і падатковай службаў. Сумесныя рэйды і акцыі, накіраваныя на барацьбу з тымі, хто ўпарта не жадае сябраваць з прыродай, даюць добрыя вынікі.
МЯНЯЕМ СВЕТ ДА ЛЕПШАГА
Як ужо гаварылася, спецыфіка работы ганцавіцкіх эколагаў у большай ступені вызначаецца асаблівасцямі рэгіёна. Ён невялікі па плошчы, таму і антрапагенная нагрузка на наваколле ў параўнанні з іншымі раёнамі адносна невысокая. Асноўнай крыніцай забру-джвання атмасфернага паветра з’яўляецца аўтатранспарт і кацельныя прадпрыемствы. Наконт апошняга: газіфікацыя галіны, па словах супрацоўнікаў інспекцыі прыродных рэсурсаў, спрыяе частковаму вырашэнню праблемы. Замена вадкага паліва на газ ужо дазволіла зменшыць выкіды шкодных рэчываў у паветраны басейн Ганцаўшчыны на 25 працэнтаў.
Тым не менш у раёне актыўна вядзецца работа па павышэнні экалагічнай бяспекі транспарту. Абнаўляецца і мадэрнізуецца аўтапарк, выкарыстоўваецца  экалагічна  чыстае маторнае  паліва. У межах штогадовай традыцыйнай акцыі “Чыстае паветра” спецыялісты-эколагі разам з інспектарамі ДАІ правяраюць транспарт на таксічнасць і дымнасць. Аўтааматары, якія не ўдзяляюць патрэбнай увагі тэхнічнай няспраўнасці сваіх транспартных сродкаў, прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці. Летась ва ўмовах дарожнага руху складзена каля 150 пратаколаў за звышнарматыўнае забруджванне атмасферы, а агульная сума штрафаў вагалася ў межах 10 мільёнаў рублёў.
Ды, калі хочаш змяніць свет да лепшага, варта пачынаць з сябе. Гэты просты прынцып узялі на ўзбраенне і ганцавіцкія эколагі. Аляксей Сызранцаў заўжды ахвотна падтрымлівае маштабную рэспубліканскую акцыю “Адзіны дзень без аўтамабіля”. Заўзяты прыхільнік веласіпедна-пешаходнага ладу жыцця, кіраўнік раённай інспекцыі ўласным прыкладам пераконвае хаця б на адзін дзень адмовіцца ад камфортнага існавання, каб даць перадышку і сабе, і наваколлю.
Вядома ж, і ў ганцаўчан ёсць свае балючыя месцы і грандыёзныя задумы, якія, спа-дзяёмся, сёлета будуць паціху рэалізоўвацца. Напрыклад, ачышчальныя збудаванні, уведзеныя ў эксплуатацыю яшчэ ў 1989-м, сёння патрабуюць рэканструкцыі. На ачыстку сюды паступае дзесьці 3300 метраў кубічных асадку сцёкаў у суткі.
Хоць за апошніх 10 гадоў адчуваецца дынаміка ў пытаннях збору і ўтылізацыі камунальных адходаў, ды і ў гэтай галіне хапае нюансаў. Для санітарнай ачысткі раёна, якой займаюцца службы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, эксплуатуецца 5 смеццявозаў і 132 кантэйнеры. Асноўным спосабам утылізацыі бытавога смецця з’яўляецца захоўванне яго на міні-палігонах – іх на Ганцаўшчыне 28. У 2010-м на добраўпарадкаванне гэтых аб’ектаў было затрачана каля 100 мільёнаў рублёў. Таксама ў горадзе арганізавана пляцоўка для часовага захоўвання адходаў цэглы, бетону, жалезабетону, асфальтабетону, якія ўтварыліся пры будаўнічых работах.
Радуе, што гараджане практычна стапрацэнтна ахоплены паасобным зборам адходаў. Для гэтага ў райцэнтры ёсць усе ўмовы: абсталяваны 30 пляцовак і 60 спецыялізаваных рознакаляровых кантэйнераў. Як сведчыць статыстыка – недарэмна. У 2011-м з 5,644 тысячы тон смецця атрымалі 1,97425 тысячы тон другасных матэрыяльных рэсурсаў.
Ды ганцавіцкія эколагі заклапочаны тым, што гарадскі міні-палігон цвёрдых бытавых адходаў практычна запоўнены, таму ёсць вострая неабходнасць у будаўніцтве новага. Праектна-каштарысная дакументацыя зараз знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі.
І ўсё ж адна з лепшых інспекцый у вобласці ў год Дракона не збіраецца апускаць прафесійную планку. Тое, што раён маленькі і ўтульны, вядома, заслуга прыроды, але за яго чысцінёй, прывабнасцю для турыстаў дбайна сочаць вопытныя інспектары. Экалагічная бяспека роднага краю – цалкам іх справа. І яна, сапраўды, знаходзіцца ў надзейных руках.
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”,
Ганцавіцкі раён.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля