Эколагі Брэстчыны асабістым прыкладам паказваюць, як трэба клапаціцца аб ахове навакольнага асяроддзя
Пакуль большая частка чалавецтва радуецца надыходу лета і дамінаванню цёплага надвор’я, эколагі ў чарговы раз спрабуюць расставіць акцэнты на актуальных сёння праблемах. З 2000 года ў Беларусі стала добрай традыцыяй адзначаць Дзень аховы навакольнага асяроддзя. Для натуралістаў гэта цудоўны шанс зноў нагадаць: адносіны чалавека і прыроды павінны грунтавацца на гармоніі.
На Брэстчыне гэты дзень пройдзе ў рамках Міжнароднага года лясоў пад дэвізам “Лясы: выкарыстоўваючы паслугі прыроды”. Дыяпазон абранай тэматыкі досыць шырокі. У летні перыяд адна з важнейшых экасістэм становіцца асабліва ўразлівай. Выпадковыя гульні з агнём ці мэтанакіраваныя сельскагаспадарчыя выпальванні, шкодныя насякомыя ці дрэннае надвор’е часта становяцца для лясных масіваў трагедыяй, якая не можа не ўплываць на нармальную чалавечую жыццядзейнасць.
Па словах старшыні абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Тамары Ялкоўскай, шэраг падрыхтаваных прыродаахоўных мерапрыемстваў прасціраецца далёка за межы аднаго дня, бо на выхаванне правільнага экалагічнага мыслення і адпаведнай культуры патрэбна значна больш часу. Спецыялісты абласнога камітэта і раённых інспекцый абяцаюць арганізаваць мноства акцый з красамоўнымі назвамі “Тыдзень лесу”, “Чыстае паветра”, “Дапаможам птушкам”, “Дзень Зямлі” і іншыя. У розных куточках Брэстчыны пройдуць шматлікія тэматычныя фотаконкурсы, выставы, “круглыя сталы”, кіналекторыі, конкурсы валанцёрскай дапамогі асабліва ахоўным прыродным тэрыторыям.
Ужо некалькі гадоў запар берасцейскія эколагі ўдала асвойваюць новую звычку: уласнаручна саджаюць лес, чысцяць яго ад смецця, добраўпарадкоўваюць экалагічныя сцежкі. Рэалізоўваць цудоўную задумку максімальна выгадна спецыялістам дапамагаюць прадстаўнікі падрастаючага пакалення, якія, магчыма, у хуткім будучым таксама звяжуць свой лёс з клопатамі аб прыродзе. Працоўныя рэйды разам са школьнікамі, студэнтамі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна з кожным разам становяцца ўсё цікавейшымі, таму падобная дзейнасць таксама ў планах абласной арганізацыі.
Канец лета з пункту гледжання спецыялістаў абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя павінен стаць надзвычай пазнавальным. З 26 па 28 жніўня горад над Бугам прыме традыцыйны Рэспубліканскі экалагічны форум. Сотні гасцей наведаюць у гэты перыяд Брэст, а яго жыхары апынуцца ў самым эпіцэнтры падзей. Такія мерапрыемствы сваёй масавасцю і відовішчнасцю, сапраўды, нагадваюць свята, але ж ніхто ні на хвілінку не забываецца пра іх галоўную мэту – прапаганду ўстойлівага выкарыстання прыроднай спадчыны і павышэнне экалагічнай культуры насельніцтва краіны.
Закранаючы апошняе, варта дадаць, што на Брэстчыне падобная дзейнасць, па-першае, мае багатую і насычаную гісторыю, а па-другое, дае нядрэнныя вынікі.
– У дзіцячых садках вобласці створаны групы з экалагічнай накіраванасцю, у школах, акрамя адпаведных гурткоў па інтарэсах, функцыянуюць зялёныя патрулі і школьныя лясніцтвы, – зазначыла Любоў Пахомава, намеснік начальніка аддзела арганізацыйнай, прававой і кадравай работы абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. – Нават вольны час юныя натуралісты праводзяць з карысцю для сябе і наваколля: наведваюць эколага-біялагічныя цэнтры, якіх у вобласці пакуль што пяць – у Брэсце, Баранавічах, Кобрыне, Пінску і Белаазёрску.
Летась выдаткі на ахову навакольнага асяроддзя па Брэстчыне склалі 14,7 мільярда рублёў з дзяржаўных – рэспубліканскага і мясцовага – фондаў аховы прыроды. Ды не толькі ў фінансах справа: вельмі хочацца, каб праблемы навакольнага асяроддзя хвалявалі грамадства часцей, чым адзін раз у год.
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.