Паўмільярда за другасную сыравіну
Камунальнае ўнітарнае шматгаліновае вытворчае прадпрыемства “Брэсцкая ЖКГ” трэці раз стала прызёрам рэспубліканскага конкурсу па максімальным атрыманні другасных матэрыяльных рэсурсаў з камунальных адходаў
І ўсё таму, што камунальнікі горада над Бугам клапоцяцца пра чысціню і экалагічную бяспеку свайго другога дома. А рэалізуючы другасную сыравіну, зарабляюць грошы.
У КУШВП “Брэсцкая ЖКГ” атрыманнем другаснай сыравіны з камунальных адходаў летась займаліся жыллёвае рамонтна-эксплуатацыйнае ўпраўленне Брэста і вытворчае камунальнае ўнітарнае прадпрыемства “Камунальнік”. Першае – вяло раздзельны збор бытавых адходаў. Для гэтых мэт на гарадскіх тэрыторыях у жылым фондзе знаходзіцца 1425 спецыяльных кантэйнераў, якія размешчаны на 702 пляцоўках.
Станцыя сарціроўкі, дасарціроўкі і перапрацоўкі другаснай сыравіны ЖРЭУ абсталявана ўніверсальнымі ротарнымі здрабняльнікамі, пакеціровачнымі гідраўлічнымі прэсамі, барабаннымі здрабняльнікамі-змешвальнікамі для перапрацоўкі адходаў рубероіду. Ёсць у ЖРЭУ пяць аўтамашын для збору і транспарціроўкі другаснай сыравіны, аўтапагрузчык, машынка для рэзкі адходаў мяккага дахавага пакрыцця, бензарэз, цялежкі, вагавае абсталяванне. Летась аб’ём другасных матэрыяльных рэсурсаў, атрыманых раздзельным спосабам адходаў па месцы іх утварэння, склаў 1941,2 тоны.
Сарціроўкай змешаных камунальных адходаў з далейшым атрыманнем другаснай матэрыяльнай сыравіны займаюцца на станцыі-сарціроўцы “Камунальніка”. За мінулы год тут адабрана, адсарціравана і адгружана на нарыхтоўчыя і перапрацоўчыя прадпрыемствы рэспублікі 603,6 тоны другаснай сыравіны.
Усяго летась прадпрыемствамі гарадской жыллёва-камунальнай гаспадаркі сабрана 2757,9 тоны другаснай сыравіны. За яе камунальнае ўнітарнае прадпрыемства “ЖРЭУ г.Брэста” і вытворчае камунальнае ўнітарнае прадпрыемства “Камунальнік” выручылі 534,9 мільёна рублёў. Ад рэалізацыі другасных рэсурсаў, атрыманых ад утылізацыі буйнагабарытных адходаў, ЖРЭУ атрымала яшчэ 32,8 мільёна рублёў.
Работы па атрыманні другаснай сыравіны з камунальных адходаў працягваюцца і сёлета. За сем месяцаў сабрана і адгружана на нарыхтоўчыя і перапрацоўчыя прадпрыемствы рэспублікі 1726,5 тоны другасных матэрыяльных рэсурсаў.
А ў чэрвені ў Брэсце завершана будаўніцтва другой чаргі (“Механіка-біялагічная ўстаноўка па перапрацоўцы 100 тысяч тон цвёрдых бытавых адходаў і 370 тысяч метраў кубічных мулу і ападкаў у год”) смеццеперапрацоўчага завода. Гэта дазволіць гарадскім камунальнікам дабівацца яшчэ большых вынікаў па атрыманні другасных матэрыяльных рэсурсаў з бытавых адходаў, а Брэст стане чысцей і прыгажэй.
Надзея ВЕРАС, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.