Беларусь

Сцеражыся аўтамабіля!


На долю аўтатранспарту прыпадае 83 працэнты ад агульнай колькасці выкідаў таксінаў у атмасферу
Аўтамабіль – хутчэй неабходнасць, чым раскоша. Шлях ад працы да дома становіцца карацейшым, а патрэба ўціскацца ў перапоўнены аўтобус адпадае сама сабой. Як ні круці, гэта зручна і камфортна. Але!..
Транспарт – яшчэ і асноўная крыніца забруджвання паветра. Па статыстыцы на яго долю прыпадае 83 працэнты ад агульнай колькасці выкідаў. І хоць апошнім часам стан паветранага басейна гарадоў вобласці паляпшаецца, праблема па-ранейшаму застаецца актуальнай.
Аб тым, што можа  змяніць сітуацыю, расказвае Віталь МЕШКА, начальнік аддзела дзяржаўнага кантролю за аховай і выкарыстаннем атмасфернага паветра абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
– Віталь Рыгоравіч, фраза “сцеражыся аўтамабіля” сёння асацыіруецца не толькі з аднайменнай савецкай кінастужкай. Раскажыце, калі ласка, пра экалагічны складальнік такой небяспекі.
– Безумоўна, уладальнікам асабістага транспарту варта задумацца пра шкоду, якую яны наносяць жывым арганізмам, у тым ліку сабе і сваім блізкім. З медыцынскага пункту гледжання чадны газ злучаецца з гемаглабінам значна хутчэй, чым кісларод. Да таго ж ён прыгнятае актыўнасць ферментаў клетак печані, сэрца, мозга, павышае ўзровень цукру ў крыві, выклікае дэпрэсію цэнтральнай нервовай сістэмы. Летась ад перасоўных крыніц забруджвання ў атмасферу трапіла каля 140 тысяч тон таксінаў. Гэта менш, чым у 2009 годзе. І ўсё ж…
Наіўна пераконваць аўтааматараў паступіцца сваім камфортам увогуле, але адмовіцца ад жалезнага каня на адзін дзень – цалкам магчыма. Якраз на гэтым тыдні, 22 верасня, грамадскасць адзначала Міжнародны дзень без аўтамабіля. Цудоўней нагоды і не прыдумаеш!
–  Як на Брэстчыне кантралюецца якасць паветранага басейна гарадоў?
– Мы праводзім назіранні ў буйных населеных пунктах. Адбіраем пробы паветра і тэсціруем яго на шкодныя рэчывы. Стацыянарныя пасты, абсталяваныя неабходнай для гэтай справы тэхнікай, ёсць у Брэсце і Пінску. Якасць паветра ў Баранавічах правяраецца падчас экспедыцыйных абследаванняў выязнымі лабараторыямі. Звышнарматыўнае забруджванне яго караецца па законе. Прычым гэта тычыцца і прадпрыемстваў, і аўтамабілістаў-аматараў. У дарожных умовах выяўляць парушальнікаў дапамагаюць супрацоўнікі ДАІ.
Вадзіцелі, якія не надаюць асаблівай увагі тэхнічнай спраўнасці сваёй машыны, могуць атрымаць штраф да пяці базавых велічынь за забруджванне паветра звыш нормы. Калі транспартным сродкам валодае індывідуальны прадпрымальнік ці юрыдычная асоба, пакаранне ўзрастае да 50 – 200 базавых велічынь.
Летам у рамках аперацыі “Чыстае паветра” мы праверылі на экалагічную бяспеку звыш 3 тысяч аўто. Каля 450 вадзіцеляў пакаралі за перавышэнне нарматываў таксічнасці на дарозе. Гэта кожны сёмы аўтамабіліст!
– А што робіцца ў вобласці для зніжэння забруджвання атмасферы таксічнымі выкідамі ад аўтамабіляў?
– Магчыма паўтаруся, калі яшчэ раз нагадаю: працэнт таксічнасці і дымнасці адпрацаваных газаў рухавіка прама залежыць ад стану транспартнага сродка. Так, новыя машыны менш небяспечныя. Вельмі радуе, што на дарогах Брэстчыны іх становіцца ўсё больш. Ды і аўтобусны парк вобласці штогод абнаўляецца на 10 працэнтаў. Гэта дазваляе гаварыць пра адносную стабілізацыю забруджвання паветра.
Эколагі раяць аўтамабілістам перавесці транспарт на дызельныя рухавікі, якія яшчэ больш знізяць выкід у паветра шкодных рэчываў.
Што да стымуляцыі: традыцыйнымі сталі конкурс на лепшую аўтатранспартную арганізацыю, аперацыя “Чыстае паветра” і іншыя.
– І апошняе: як звычайна праходзіць Міжнародны дзень без аўтамабіля на Брэстчыне?
– Эколагі вобласці старанна рыхтуюцца да гэтай акцыі. Пачынаецца яна з прапаганды ў сродках масавай інфармацыі, вулічных расцяжак і распаўсюджвання тэматычных лістовак у месцах масавага знахо-джання транспартных сродкаў.
План мерапрыемстваў і сёлета быў даволі шырокі. Нашы спецыялісты сумесна з супрацоўнікамі Дзяржаўтаінспекцыі, гар-і райвыканкамамі арганізавалі паказальныя велапрабегі, спаборніцтвы для дзяцей і дарослых, тэматычныя “круглыя сталы”, выступалі з лекцыямі. Самых маленькіх вучылі ездзіць на самакатах і ролікавых каньках. Правялі агітацыйныя мерапрыемствы “Пакінь аўтамабіль дома” і “Падвязі суседа”. Аўтааматары, якія ў гэты дзень пераселі ў грамадскі транспарт, атрымалі “бонус”: бясплатны праезд у любую кропку горада. Ды вадзіцельскае пасведчанне ўсё роўна варта мець пры сабе – на выпадак кантролю. Лічу, што ўклад у вырашэнне праблемы забруджвання паветра трэба ўзнагароджваць, можна і такім спосабам.
Калі мы разам возьмемся за важную справу, яна, безумоўна, пойдзе на лад. Нават у межах аднаго дня…
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”.
Мовай лічбаў

Першымі адзначаць Дзень без аўтамабіля пачалі французы ў 1998-м. Сёння акцыю падтрымліваюць больш чым у 40 краінах свету. Аналагічная традыцыя ў Беларусі вядзе адлік з 2008 года.
Толькі за адзін дзень (22 верасня) аб’ёмы выкідаў таксінаў у атмасферу рэспублікі змяншаюцца на 250 і болей тон.
На Брэстчыне налічваецца звыш 710 тысяч аўтамабіляў, у асабістым карыстанні – звыш 618 тысяч з іх. Аўтамабіль займае трэцяе месца сярод самых разрэкламаваных тавараў пасля алкаголю і тытуню.
Падлічана: штодзень пад коламі аўтамабіля гіне каля трох тысяч чалавек ва ўсім свеце, а кожную хвіліну з канвеера сходзіць новенькае аўто.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля