Сёння ў Маладзечна стартуе X рэспубліканскі экалагічны форум, сярод удзельнікаў якога – дэлегацыя Брэсцкай вобласці
Экалагічнае мерапрыемства сёлета прысвечана пытанням асветніцтва, адукацыі і выхавання ў сферы аховы навакольнага асяроддзя. Форум па традыцыі будзе доўжыцца тры дні, і праграма ўключыць у сябе шэраг акцый, выстаў, канферэнцый. Чакаецца, што ў гэты перыяд Маладзечна наведаюць каля 500 дэлегатаў з Беларусі, краін далёкага ды блізкага замежжа, сярод якіх – прадстаўнікі прыродаахоўных службаў, органаў дзяржаўнай улады, грамадскіх аб’яднанняў і сродкаў масавай інфармацыі.
– Асноўнымі мэтамі правядзення форуму з’яўляюцца кансалідацыя і актывізацыя ўсіх слаёў грамадства ў вырашэнні прыродаахоўных праблем, – расказала Любоў Пахомава, намеснік начальніка аддзела арганізацыйнай, прававой і кадравай работы абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. – Таксама для натуралістаў вельмі важна максімальна залучыць людзей у экалагічны рух, павысіць экалагічную культуру насельніцтва Беларусі, бо толькі падрыхтаванае ў гэтым плане грамадства зможа забяспечыць устойлівае развіццё дзяржавы. Тэматыка сёлетняга рэспубліканскага форуму, накіраваная менавіта на выхаваўчы аспект, будзе да месца ў дадзеным кантэксце.
Экалагічны форум у Маладзечна пачнецца на цэнтральнай плошчы з тэатралізаванага шэсця яго шматлікіх удзельнікаў. У праграме таксама авіяшоу, марафон мастацкіх калектываў устаноў культуры Міншчыны, выставы сабак першай нацыянальнай пароды беларускі ганчак, экспазіцыі работ айчынных мастакоў і фотамастакоў…
Літаральна на самым старце адбудзецца масавая акцыя па зборы пэт-бутэлек, якую прадпрымальныя арганізатары прымеркавалі да Года кнігі ў Беларусі і пазначылі дэвізам “Здай другасныя матэрыяльныя рэсурсы –
атрымай у падарунак кнігу!”. У прынцыпе, немудрагелістая тэкстоўка цалкам адлюстроўвае сутнасць мерапрыемства, а яно, дарэчы, выйдзе за рамкі самога форуму і працягнецца аж да 30 верасня. Таму паўдзельнічаць змогуць не толькі госці папулярнага экалагічнага фэсту, але і ўсе гараджане.
У фінале мерапрыемства свае ўзнагароды атрымаюць і пераможцы рэспубліканскага этапа конкурсаў: па максімальным атрыманні другасных матэрыяльных рэсурсаў з камунальных адходаў, на лепшую кампазіцыю па азеляненні і добраўпарадкаванні тэрыторый, лепшую аўтатранспартную арганізацыю ў рабоце па зніжэнні забруджвання паветра, лепшае ўладкаванне і ўтрыманне месцаў масавага адпачынку насельніцтва ў межах водаахоўных зон водных аб’ектаў, лепшую фатаграфію і публікацыю на экалагічную тэматыку.
Сярод пераможцаў падобных спаборніцтваў заўжды былі брастаўчане – таму хочацца спадзявацца, што гэты форум у Маладзечна не стане выключэннем. Дарэчы, вынікі абласнога этапа конкурсу спецыялісты абласнога камітэта прыродных рэсурсаў падвялі яшчэ ў пачатку жніўня, тады ж назвалі і імёны мацнейшых, якія паспрабуюць свае сілы ў фінальнай стадыі. Усе яны ўключаны ў склад дэлегацыі вобласці, таму прымуць удзел у галоўнай экалагічнай падзеі краіны. Выніковая рыса пад працай эколагаў, якую падвядзе мерапрыемства, аднак не стане фінішнай. Брэсцкія спецыялісты ў галіне аховы навакольнага асяроддзя і надалей працягнуць працаваць над тым, каб паветра і вада былі чыстымі, а на зямлі ўладарыў парадак. Пажадаем нашым дэлегатам поспехаў на форуме і з нецярпеннем чакаем ад іх цікавых аповядаў пра маладзечанскую сустрэчу.
Тамара ВАСІЛЬКОВА, “НТ”.
Пераможцы абласнога этапа рэспубліканскага экалагічнага конкурсу:
Максімальнае атрыманне другасных матэрыяльных рэсурсаў з камунальных адходаў – камунальнае ўнітарнае шматгаліновае вытворчае прадпрыемства “Брэсцкая гарадская жыллёва-камунальная гаспадарка”.
Лепшае ўладкаванне і ўтрыманне месцаў масавага адпачынку ў межах водаахоўных зон водных аб’ектаў – зона адпачынку на возеры Паперня Пружанскага раёна (дзіцячы санаторый “Ружанскі” Нацыянальнага Банка Рэспублікі Беларусь).
Лепшая аўтатранспартная арганізацыя ў рабоце па зніжэнні забруджвання атмасфернага паветра – СТАА “Брэстзнештранс”.
Лепшая кампазіцыя па азеляненні і ўладкаванні тэрыторый – дзяржаўная вопытная лесагаспадарчая ўстанова “Кобрынскі вопытны лясгас”.
Лепшая публікацыя на экалагічную тэматыку “Наш агульны дом”: катэгорыя “Аматары” – Міхась МІЗЕВІЧ, Бярозаўскі раён; катэгорыя “Прафесіяналы” – Таццяна СЕГЕН, г. Столін.
Фотаконкурс “Гэта твая зямля” – Вікторыя ТАЛАКНЯНІК, Пружанскі раён; намінацыя “Прыгажосць роднай прыроды”: катэгорыя “Аматары” – Сяргей РАБАЎ, г. Баранавічы, катэгорыя “Навучэнцы” – Вячаслаў ПРАТАШЧЫК, г. Кобрын; намінацыя “Экалогія і чалавек”: катэгорыя “Аматары” – Сяргей РАБАЎ, г. Баранавічы.
Лепшы дзіцячы малюнак на экалагічную тэматыку – Соня ІСАЕНКА, г. Брэст (малодшая група); Дзяніс НОВІК, Драгічынскі раён, Анастасія ШЫКЕЛЯ, Іванаўскі раён (старэйшая група).
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.