Беларусь

Банкамат ці… жалязяка?


З пастаянствам, якое не назавеш зайздросным, ламаецца разліковы комплекс ААТ “Белаграпрамбанк” на праспекце Машэрава ў Брэсце
Прыпынак грамадскага транспарту МОПРа – для многіх перасадачны пункт. Тут заўсёды шматлюдна, як і ў магазінах, размешчаных на гэтым участку праспекта Машэрава. Бліжэйшы банкамат – ля магазіна “Асстор-вест”, а належыць ён ААТ “Белаграпрамбанк”. Аб’ект запатрабаваны, але нестабільна працуючы.
Апошні “выхадны” ў банкамата надарыўся на гэтым тыдні. У нядзелю, 8 студзеня, кліентаў сустракаў надпіс “Выбачайце, банкамат часова не працуе”. Назірала бурклівых грамадзян, якіх гэтая аб’ява зусім не парадавала. Усцешылася, што мне грошай здымаць не трэба. Заўтра рабочы дзень – выправяць.
У панядзелак, 9 студзеня, дачка папрасіла пакласці грошы на мабільны тэлефон. У абедзенны перапынак накіравалася да банкамата. Якім жа было маё здзіўленне, калі на экране прачытала: “Выбачайце, банкамат часова не працуе”. На гадзінніку – амаль 14.00. Выходзіць, максімум суткі кліенты не маглі атрымаць ніводнай банкаўскай паслугі?..
Не ведаю, калі банкамат запрацаваў. Не адсочвала. А паведамляць аб няспраўнасці надакучыла, бо рабіла гэта не раз за апошнія паўгода. Некаторыя ж разважанні захацелася агучыць.
Брэст – не мегаполіс кшталту Токіа ці Масквы. Няўжо ў “Белаграпрамбанка” столькі банкаматаў, што нельга адсачыць іх работу? Чаму павінны нервавацца кліенты, а не супрацоўнікі банка – іх жа аб’ект зламаны? Калі гэта “жалезная скрынка” (як назвала яго адна раззлаваная жанчына, якая следам за мной 9 студзеня хацела зняць грошы) бясконца ламаецца, дык ці не час замяніць яе на новы апарат?
Нехта скажа: дык у магазінах амаль паўсюдна можна разлічыцца па пластыкавай картцы. Так. А што рабіць, калі вашаму дзіцяці трэба прынесці грошы ў школу на харчаванне? Ці вы пазычалі ў суседкі да пэўнага дня? Ці на рабоце збіраюць на падарунак юбіляру? Такіх дробных, на нечы погляд, сітуацый, калі патрабуюцца наяўныя грошы, можа быць колькі заўгодна. Дык што – за кожным разам бегаць у разліковы цэнтр банка?
Надзейнасць – гэта самае галоўнае для любой фінансавай арганізацыі, тым больш – для банка. Але адна справа дэклараваць яе, і зусім іншая – быць надзейным. Ва ўсім! А банкамат, які ламаецца бясконца, зразумела, надзейнасці не спрыяе, як і даверу кліентаў.
Маю знаёмых, якія адразу ў дзень зарплаты забіраюць з рахунка ўсё да апошняга рубля. Можа, і мне рабіць тое ж? Хоць адной нервовай сітуацыяй будзе менш!
Лідзія КУРБАТ, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля