Брыльянтавы “фон”
КАШТОЎНЫ КАМЕНЬ НА ВАШЫХ ГРУДЗЯХ МОЖА СТАЦЬ ЛАКАЛЬНЫМ ЧАРНОБЫЛЕМ
Набліжаецца навагодняе свята, а гэта значыць, настаў час рыхтаваць падарункі. Аднымі з самых прыемных могуць стаць натуральныя і штучныя камяні і вырабы з іх. Беларускі рынак, услед за расійскім і ўкраінскім, пачаў актыўна напаўняцца імпартнымі каштоўнымі камянямі. Аднак паручыцца за якасць і экалагічную чысціню іх можна толькі пасля дасканалай мінералагічнай экспертызы.
Справа ў тым, што прыгожая афарбоўка аграненага каменя дасягаецца за кошт апраменьвання яго небяспечнымі часцінкамі высокай энергіі – нейтронамі, і пры бескантрольнай вытворчасці замест стабільных атамаў у крышталічнай рашотцы мінералу могуць утварацца радыеактыўныя ізатопы. Кулон ці пярсцёнак з брыльянтам будзе “фаніць” і стане, па сутнасці, лакальным Чарнобылем на гру-дзях ці пальцах уладальніцы ўпрыгажэння.
Як засцерагчыся ад такой напасці? Калі на каштоўнасць няма спецыяльнага заключэння экспертызы, дык ад пакупкі такой рэчы лепш за ўсё адмовіцца. Тым больш, што нядобрасумленныя прадаўцы, спрабуючы выдаць штучны колер каменя за натуральны, выстаўляюць на яго вельмі высокую цану. Праз паўгода-год дарагое ўпрыгажэнне, апрамененае нейтронамі, пачынае губляць свой дзіўны “непаўторны” колер – і, як гаворыцца, “плакалі” вашы грошы.
Ды здароўе ўсё ж даражэй. І калі брыльянты купляюць далёка не ўсе, дык ювелірныя вырабы, інкруставаныя цудоўным на выгляд перламутрам, па кішэні вельмі многім брастаўчанам. Менавіта такія ўпрыгажэнні з’явіліся ў апошні час у многіх камерцыйных крамах Брэста, Пінска, Баранавіч і іншых гарадоў вобласці.
Здавалася б, нічога дрэннага ў гэтым няма. Аднак і перламутр можа “фаніць”! А з-за таго, што цана вырабаў з яго зусім не “брыльянтавая”, дык купляюць іх і дарослыя, і нават дзеці. Адкуль жа ў перламутру радыяцыйны фон? Справа ў тым, што гэты матэрыял бярэцца з унутранага слоя ракавін малюскаў, частка з якіх жыве ў глеістых адкладаннях рачных, азёрных і балотных вадаёмаў Беларусі, Украіны і іншых еўрапейскіх краін, што пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС.
Таму, купляючы рэчы, інкруставаныя ці апрацаваныя перламутрам, пацікаўцеся іх геаграфіяй: асцерагайцеся сярэднееўрапейскіх вытворцаў, а набывайце і насіце лепш за ўсё тыя, што выраблены ў Японіі, Індыі, Кітаі, Бірме і іншых краінах Паўднёва-Усходняй Азіі.
Альберт БАГДАСАРАЎ,
прафесар геалогіі,
г. Брэст.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.