Можна танна адпачыць у родных мясцінах. Але ці заўжды камфортна?
Рака, пляж і… смецце
Не кожны мае магчымасць па-ехаць адпачыць далёка на доўгі час. А адпачынак так патрэбны – хаця б мінімальны! Многія выбіраюць тое, што пад бокам – эканомія часу і сродкаў. А ці ёсць камфорт у такім адпачынку?
У Столінскім раёне афіцыйна зарэгістравана 10 месцаў адпачынку: тры абслугоўвае ЖКГ (у Століне, Рэчыцы і Давыд-Гарадку), астатнія – сельвыканкамы. Аднак не ўсе гэтыя “афіцыйныя пункты” на самай справе можна назваць месцам сапраўднага адпачынку.
Самым абсталяваным і блізкім для жыхароў райцэнтра з’яўляецца пляж у раёне выратавальнай станцыі. Тут –
і альтанкі, і лавачкі, і спецыялісты, якія сочаць за вашым купаннем, і спецыяльнае абсталяванне на выпадак крытычнай сітуацыі. Акрамя таго, у выхадныя побач размяшчаецца гандлёвая кропка. Адзін асноўны недахоп – вада. Затон, што ўтварыла рака, ужо амаль не злучаецца з праточнаю вадою.
– Нядаўна мы адпраўляліся на пошукі тапельца. Была патрэбна лодка. Дык яна ледзь прасунулася вось на тым перамелі, – паказвае старшыня раённай арганізацыі Беларускага рэспубліканскага таварыства выратавання на водах Эдуард Пашкевіч. – Не першы год гаворым пра тое, што вадаём трэба ачышчаць, зрабіць яго праточным, але на гэта патрэбны значныя сродкі. Калі іх выдаткуюць – невядома…
Запатрабаваным з’яўляецца ў Століне і так званае Плэса. Тут купаюцца і дзеці, і дарослыя. Аднак месца гэта не лічыцца афіцыйным для адпачынку, таму і не мае ніякіх прыкмет добраўпарадкавання. Магчыма, варта было б па-іншаму да яго паставіцца. Калі людзі пастаянна прыходзяць сюды купацца, дык трэба стварыць ім бяспечныя ўмовы для гэтага.
У Белавушы прырода стварыла ідэальнае месца для адпачынку. Дзякуючы таму, што колькасць вады ў рацэ значна знізілася, людзям адкрыўся пясчаны беражок – амаль марскога кшталту. А калі хочаш адпачыць на траве, дык падыміся вышэй. Другі год Белавушскі сельвыканкам актыўна займаецца добраўпарадкаваннем пляжа. Паставілі альтанку, раздзявальню, лавачкі, туалет, смецце прыбіраюць. Устаноўлены шыльды, на якіх значацца звесткі аб водаахоўнай зоне і адказнасці, што ўскладаецца на парушальнікаў.
Але ў Белавушы ёсць яшчэ адно месца адпачынку, якое афіцыйна нідзе не значыцца, ды карыстаецца папулярнасцю сярод моладзі. На ўездзе ў вёску, каля старога рэчышча ракі, можна часта ўбачыць людзей, якія купаюцца. Як адвучыць іх ад рызыкоўнай, безумоўна, звычкі, ніхто не ведае…
Вадасховішча Дубянецкае вабіць сваёй прыгажосцю, чыстаю вадою, пясчаным дном. Сярод яго недахопаў адзначыла б… вялікую колькасць наведвальнікаў у выхадныя дні.
– На гэтым пятачку ў нядзелю збіраецца каля 70 чалавек, – расказвае старшыня Беражноўскага сельвыканкама Віталь Чэх. – З году ў год абнаўляем абсталяванне пляжа. Ставім лавачкі, пабудавалі новую альтанку, туалет. Аднак штогод нехта ўмудраецца хоць што-небудзь ды зламаць. Вунь лавачка: летась мела казырок, сёлета яго ўжо няма. Вось такая культура адпачынку, – з горыччу дадае Віталь Анатольевіч.
Пазначана месца размяшчэння аўтатранспарту, вісяць плакаты аб мерах, якія трэба прымаць пры ратаванні чалавека, папярэджанне аб правілах паводзін на вадзе. Але, зноў жа, людзей цяжка прывучыць захоўваць згаданыя правілы.
Сельвыканкам знайшоў сродкі і чалавека, які нясе адказнасць за месца адпачынку. Заключаны дагавор, згодна з якім рабочы падкошвае пляж, прыбірае на ім смецце. Апошняга магло быць менш, калі б адпачывальнікі прыбіралі за сабой. Наўрад ці кідаюць яны пустыя пакеты, бутэлькі на падлогу ў сваіх дамах або дварах…
Ад Беражнога да Давыд-Гарадка, хаця поруч з вёскамі і цячэ Гарынь, ёсць вадаёмы, на якіх купаюцца, але абсталяваных месцаў адпачынку няма.
А вось у Давыд-Гарадку другі сезон, як змяніў сваё месцазнахо-джанне афіцыйны пляж. Прызнаюся, мяне заўжды пужаў ранейшы, які быў на Гарыні – паўнаводнай вірлівай рацэ з хуткім цячэннем. Тут і даросламу страшна плаваць. А што дзецям рабіць? Таму было вырашана перанесці пляж на старыцу Гарыні. Месца больш-менш добраўпарадкаванае: ёсць і тыя ж лавачкі, і павець, пад якой можна схавацца ў час дажджу і ад спякотных промняў сонца. Хаця дзірка ў туалеце, якая выходзіць прама на пляж, – гэта, безумоўна, здзек. Ды і сам “домік” можна было б паставіць далей ад ракі.
На пляжы дзяжурыць выратавальнік, у якога пад рукою – лодка, выратавальныя камізэлькі і круг. Ён і расказаў, што ў выхадныя, увечары пасля працоўнага дня на пляжы шматлюдна, большасць адпачывальнікаў – дзеці. Вадаём падабраны такім чынам, што ёсць месца, на якім могуць спакойна плюхацца малыя, і побач – дзе можна паплаваць аматарам глыбіні. І ўсё ж, мяркую, не зусім правільна адпускаць дзяцей купацца саміх, бо аднаго выратавальніка можа і не хапіць.
На возеры Альшанскім у Альшанах месца адпачынку можна заўважыць толькі па групе падлеткаў. Астатніх прыкмет цывілізацыі тут проста няма. Хаця не – ёсць: смецце, якім засыпаны бераг возера. Прыкра, што ні людзям, ні адказным асобам да гэтага няма справы.
Для адпачынку каля вады, але без купання, цудоўна падыходзіць “Бярозавая прыстань” Кашара-Альманскага лясніцтва. Тут работнікі лясніцтва стварылі цэлы комплекс – альтанкі і месцы для вогнішча, мангалы, стойкі для казанка. Таму і карыстаецца папулярнасцю “Бярозавая прыстань” у гараджан і вяскоўцаў. Вось бы паўсюдна зоны адпачынку былі дагледжаныя ды мелі прывабны выгляд заўсёды!
Таццяна СЕГЕН,
Столінскі раён.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.