Таварная ліхаманка, або Навошта вам пуд солі?
Канец мая на спажывецкім рынку выдаўся не тое, што гарачым – пякельным. Пакупнікі спачатку кідаліся ў магазіны за цукрам, потым у эпіцэнтр спажывецкага ажыятажу трапілі соль, воцат, электрабытавая тэхніка… Таварная ліхаманка не абышла бокам і раённыя цэнтры, і вёскі. Сёння многія не могуць вытлумачыць гэтую гонку за таварамі. Успамінаюць з усмешкай, а часам і са шкадаваннем, што паддаліся паніцы.
Збіць таварную ліхаманку гандлёвым арганізацыям Ляхавіцкага і Ганцавіцкага раёнаў удалося. Імправізаваны журналісцкі маніторынг дзяржаўных і камерцыйных магазінаў паказаў, што гандаль нарэшце падстроіўся пад попыт і гатовы адпавядаць яго запатрабаванням.
Ва ўніверсаме “Вясёлка” Ляхавіцкага райспажыўтаварыства, здаецца, спецыяльна на самыя бачныя месцы выставілі яшчэ тыдзень таму дэфіцытныя тавары. Прадаўцы тлумачаць: у магазіне ўвесь асартымент у наяўнасці. Многія крупы, макароны – па некалькі відаў, у рознай расфасоўцы і па розных цэнах. Прынамсі, пакупніку зручна, калі ёсць выбар, напрыклад, таго ж цукру: і ў заводскіх пачках, і расфасаваны ў пакеты ў магазіне, звычайны і рафінад, з цукровых буракоў і з цукровага трыснягу.
У рабочы час зранку ў магазіне было нямнога пакупнікоў, тым не менш экспрэс-апытанне паказала: у гандлёвых кропках горада ды вёсак неабходныя тавары ёсць, вось толькі здзіўленне ў спажыўцоў выклікаюць цэны, якія чамусьці штодня змяняюцца.
Невялікі прыватны магазін “Вікторыя” гандлёвага дома “Венецыя” ў Ганцавічах мае ўсяго патроху. Яго работнікі прызнаюцца: адчулі ажыятажны попыт, але людзі зараз неяк супакоіліся, магчыма, таму, што купілі чаго хацелі і колькі хацелі. У магазіне №2 “Палессе” Ганцавіцкага райспажыўтаварыства сітуацыю пракаменціравалі так:
– Перабояў з забеспячэннем таварамі няма. Усе нашы заяўкі выконваюцца своечасова. Так, гандаль выйграў ад гэтай таварнай ліхаманкі. У Ганцавічах многія магазіны за тыдзень-два сабралі месячны аб’ём выручкі. І наш з перавышэннем закончыў май. Ды склады прыкметна разгрузілі. Попыт вяртаецца да ранейшых аб’ёмаў. Людзі ж бачаць, што прадукцыі дастаткова.
Гарадскіх калег падтрымалі і вясковыя работнікі гандлю. Напрыклад, у Хатынічах у магазіне “Спадчына” райспажыўтаварыства расказалі, што нядаўна вяскоўцы па некалькі мяхоў солі ў рукі бралі, крупы – дзясяткамі кілаграмаў. Давялося часцей завозіць тавар, але ж у рэшце рэшт жыхары Хатыніч упэўніліся: месца на паліцах пустым не будзе. У суседнім магазіне прамысловых тавараў складаную бытавую тэхніку раскупілі, але хоць сёння яе гатовыя прывезці пад заказ – па такім прынцыпе і раней магазін гандляваў халадзільнікамі, пральнымі машынамі. Вяскоўцы выказвалі занепакоенасць толькі цэнамі. Іх рост людзі па гэты і па той бок прылаўка назвалі асноўнай прычынай ажыятажу, які стварылі самі ж спажыўцы.
У бліжэйшы час у пакупнікоў стане менш цэнавых прэтэнзій. Беларускі Урад днямі дапоўніў пералік тавараў, цэны на якія вяртаюцца ў рэчышча дзяржаўнага рэгулявання. У яго ўвайшлі рыба, крупы, садавіна, агародніна, некаторыя віды каўбас, курынае мяса і іншыя прадукты харчавання, а таксама сінтэтычныя мыйныя сродкі. А сітуацыя на спажывецкім рынку вобласці і надалей будзе знаходзіцца пад пільнай увагай мясцовай улады. Так, па даручэнні старшыні аблвыканкама Канстанціна Сумара супрацоўнікі абласнога ўпраўлення антыманапольнай і цэнавай палітыкі правялі на гэтым тыдні дэталёвы маніторынг. Яго вынікі будуць паведамлены кіраўніку рэгіёна.
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”,
Ляхавіцкі – Ганцавіцкі раёны.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.