Беларусь

“Заўтра” чыгуначнай паліклінікі


У нашу газету патэлефанавалі брастаўчане-чыгуначнікі, якія абслугоўваюцца ў цэнтральнай паліклініцы Брэсцкага аддзялення Беларускай чыгункі. Яны занепакоены чуткамі, што неўзабаве ўстанова перастане існаваць, а іх замацуюць за паліклінікамі па месцы жыхарства. Асаблівае хваляванне выклікае магчымая ліквідацыя стаматалагічнага аддзялення, якое абслугоўвае каля 19 тысяч чалавек. Між тым вядома, што гарадская стаматалагічная паліклініка перагружана, існуюць цяжкасці з набыццём талонаў на прыём. Навошта, пыталіся чыгуначнікі, яшчэ больш ускладняць сітуацыю?
Рэдакцыя “НТ” атрымала адказ ад начальніка ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама Ігара ЛАСІЦКАГА:
“8 верасня 2011 года адбылася сустрэча з калектывам цэнтральнай паліклінікі Брэсцкага аддзялення чыгункі з удзелам начальніка ўпраўлення аховы здароўя Брэсцкага выканаўчага камітэта Ласіцка-га І.Г., галоўнага ўрача ўстановы аховы здароўя “Брэсцкая цэнтральная паліклініка” Красоўскага М.В., галоўнага ўрача ўстановы аховы здароўя “Брэсцкая гарадская паліклініка №1” Кліменка У.А., у ходзе якой былі растлумачаны пытанні далейшага функцыянавання ўстановы.
6 кастрычніка галоўны ўрач установы аховы здароўя “Брэсцкая цэнтральная паліклініка” Красоўскі М.В. сустрэўся са стаматалагічнымі работнікамі цэнтральнай паліклінікі Брэсцкага аддзялення Беларускай чыгункі, падчас сустрэчы былі растлумачаны пытанні далейшага функцыянавання стаматалагічнага аддзялення.
У цяперашні час Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб перапарадкаванні цэнтральнай паліклінікі Брэсцкага аддзялення Беларускай чыгункі ў сістэму аховы здароўя г. Брэста і Брэсцкага раёна няма. Аднак у адпаведнасці з праектам і па ўзгадненні з установай аховы здароўя “Брэсцкая цэнтральная паліклініка” перадача будынка, усёй маёмасці і перапарадкаванне плануецца па тэрыторыі абслугоўвання ўстановы аховы здароўя “Брэсцкая гарадская паліклініка №1” у якасці філіяла.
У дзяржаўнай установе аховы здароўя “Цэнтральная паліклініка Брэсцкага аддзялення Беларускай чыгункі” адбываецца змена ўласніка, што пацягне за сабой перадачу ад адной юрыдычнай асобы другой усёй маёмасці. Плануецца захаванне і ўмацаванне існуючай матэрыяльнай базы, павелічэнне колькасці абслугоўваемага насельніцтва за кошт размяшчэння на існуючых плошчах 3-га тэрапеўтычнага аддзялення і іншых службаў лячэбна-дыягнастычнага корпуса №3 установы аховы здароўя “Брэсцкая гарадская паліклініка №1” з перадачай часткі насельніцтва.
У адпаведнасці са штатнымі нарматывамі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь будзе сфарміраваны паўнацэнны філіял установы аховы здароўя “Брэсцкая гарадская паліклініка №1” з захаваннем усіх існуючых медыцынскіх службаў і кабінетаў. У тым ліку з мэтай больш даступнага аказання паслуг насельніцтву г. Брэста плануецца захаваць стаматалагічную службу.
Адпрацаваная калектывам сістэма дыспансерызацыі, лячэння, рэабілітацыі, правядзення ўрачэбна-экспертнай камісіі, аказання стаматалагічнай дапамогі не знаходзіцца пад пагрозай ліквідацыі і пасля змены ўласніка будзе працягваць функцыянаванне ў адпаведнасці з нарматыўна-прававой базай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.
Работнікі паліклінікі будуць максімальна працаўладкаваны ва ўстанову аховы здароўя “Брэсцкая гарадская паліклініка №1”.
У цяперашні час ва ўстановах аховы здароўя г. Брэста і Брэсцкага раёна ёсць дэфіцыт медыцынскіх работнікаў, таму ўсе медыцынскія супрацоўнікі цэнтральнай паліклінікі Брэсцкага аддзялення Беларускай чыгункі будуць працаўладкаваны.
Дадаткова інфармую, што галоўны ўрач дзяржаўнай установы аховы здароўя “Цэнтральная паліклініка Брэсцкага аддзялення Беларускай чыгункі” Шэльпук А.В. (тэлефон 26-20-95) валодае дакладнай і поўнай інфармацыяй аб плануемай перадачы ведамаснай паліклінікі ў сістэму аховы здароўя г. Брэста”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля