Прывітанне, Снягурка!…

Прывітанне, Снягурка!…

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

У пераднавагодні час асабліва хочацца верыць у казку і цуды. Лепш гэта атрымліваецца ў бесклапотным дзяцінстве. Вядома ж, у кожным дарослым жыве дзіця. І цяпер прыйшоў зручны момант для таго, каб папрасіць у Дзеда Мароза чагосьці ў падарунак. Для гэтага замест традыцыйнага афармлення нашай рубрыкі мы пішам лісты. Толькі, каб не перагружаць зімняга чараўніка, раздзяляем яго клопат са… Снягуркай.
Прывітанне, Снягурка!
Думаю, не часта табе дасылаюць лісты з пажаданнямі. Прапаную ўвесці такую інавацыю. Як дзяўчына дзяўчыну, ты павінна мяне зразумець. Хацелася б папрасіць, каб у творчых медыя-калектывах у рэшце рэшт прыбавілася мужчынскіх кадраў, а папулярны сёння выраз “у журналістыкі – жаночы твар” не стаў тэндэнцыяй.
Калі можаш, дык зрабі так, каб на кожнае рэдакцыйнае заданне была магчымасць браць новую сумку беларускай вытворчасці. А для таго, каб пісалася лягчэй, няхай ніколі не падводзіць рэдакцыйны чайнік і за кубачкам кавы нараджаюцца неардынарныя ідэі будучых публікацый.
Ад імя ўсёй жаночай аўдыторыі прашу: хай у наступным годзе нашы вытворцы радуюць нас усялякімі моднымі “штучкамі”, прыгожым адзеннем, зручным абуткам і незвычайнымі аксесуарамі. Ды і немалаважна, каб усё гэта было па даступных цэнах.
Няхай маладосць і энергічны запал і надалей не губляюць сувязі з мудрасцю і вопытам – ад гэтага нашы СМІ (ды й ці толькі яны адны?) выйграюць. Калі ёсць такая магчымасць, дык паўплывай на тое, каб інфармацыйныя нагоды ў 2012 годзе былі толькі  добрымі. Будзем рады камандзіроўкам і цікавым сустрэчам, а таксама яркім і харызматычным героям публікацый.
Не забывай падтрымліваць журналістаў у падпісную кампанію, успамінай хаця б раз у квартал – больш не малю. Спадзяюся, па сілах табе таксама падняць тыражы выданняў і рэйтынгі тэлерадыёперадач.
Па просьбах чытачоў прашу, каб журналісты радавалі і здзіўлялі свежымі ідэямі, новымі падыходамі да работы і якасным прадуктам. А для гэтага без натхнення нам не абысціся – яго можна і паболей. І яшчэ, пакуль не забыла. Можа, прашу пра цуд, але ну вельмі патрэбна! Няхай будзе так, каб ні ў газетах, ні ў тэлерадыёэфіры не было памылак.
Вось так, калі гаварыць караценька. Напісала пра самае неабходнае. Успомню што яшчэ – дапішу. Загадзя ўдзячная табе хаця б за веру і надзею на тое, што ўсё напісанае можа калі-небудзь спраўдзіцца.
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”.

Шаноўны Дзядуля Мароз!
Напярэдадні свята прынята звяртацца да цябе з самымі рознымі просьбамі. Вось і я нарэшце “дарасла”! Згодна, трошкі за 20 – не зусім ідэальны ўзрост для таго, каб пачаць пісаць навагоднія пасланні. Займей ты, напрыклад, старонку на “Аднакласніках” ці “У кантакце” – усё было б значна прасцей… Шчыра прызнаюся, некалькі апошніх гадоў прымусілі цаніць тое, што сапраўды бясцэнна, таму прашу падарыць мне свята ў коле блізкіх людзей. Нават прыгажуня-ёлка здаецца звычайным бервяном, а смачны торт – чэрствым хлебам, калі побач няма тых, з кім хочацца дачакацца фінальнага бою курантаў. Ты, Доўгая Барада, ведаеш гэта, як ніхто іншы.
Не толькі ў дзяцінстве Новы год лічыцца самым сямейным святам на планеце. Яго галоўнымі атрыбутамі нават праз гады застаюцца шампанскае, мандарыны, бенгальскія агеньчыкі, “Іронія лёсу…”, а яшчэ – тыя, чыя прысутнасць сама па сабе з’яўляецца найлепшым падарункам. Думаеш, банальна? Хтосьці там прасіў у цябе новы аўтамабіль? Што ж, кожнаму сваё! А з мяне ўсё роўна не атрымаецца добрага вадзіцеля.
Затое гэта цалкам кампенсуе навагодняя ноч у кампаніі дарагіх сэрцу людзей, з якімі можна расслабіцца, адпачыць душой і целам, у рэшце рэшт заснуць у талерцы з “Аліўе”. А назаўтра – разам пасмяяцца з начных дзівацтваў… Можна нават вадзіць карагоды вакол ёлкі ў касцюмах вавёркі ці бабра, як бы экзатычна гэта не выглядала.
Ды ні бабры, ні тым больш драконы не страшныя, калі побач з намі будуць каханыя, бацькі ці найлепшыя сябры. І ўвогуле, хто сказаў, што яны супраць утульнасці, цеплыні і… салата “Аліўе”? Зрэшты, як і бабры!
Ды пакінем гутаркі пра братоў нашых меншых спецыялістам-эколагам. Ні першыя, ні апошнія, дарэчы, у мае навагоднія планы не ўваходзяць. Шчыра жадаю і сабе, і іншым таго, чаго так часта не хапае ў штодзённай мітусні, – сапраўднага свята.

Ну і, калі я яшчэ не зусім вычарпала ліміт твайго цярпення, даражэнькі Чырвоны Нос, прышлі кропельку натхнення, бо без яго не ўбачыць мне ганарараў, як уласных вушэй. Хоць яны ў мяне і досыць масіўныя, у сэнсе – вушы, а хацелася б… Ды гэта ўжо гісторыя акурат для наступнага ліста да цябе, усемагутны Дзядуля Мароз.
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Па шляху дабрыні

Следующая запись

Запалім з Драконам!