Запалім з Драконам!
Артысты тэатра-шоу “Бліскавіца” ведаюць правільны падыход да сімвала 2012 года
Сустрэць сімвал надыходзя-чага года ў прыродзе наўрад ці атрымаецца ў кагосьці. Мне пашчасціла пазнаёміцца з жывым увасабленнем казачнага героя, які дыхае агнём. Быццам заахвочваючы сімвал 2012-га года, артысты тэатра-шоу “Бліскавіца”, які створаны на базе Дома культуры вёскі Кавярдзякі Брэсцкага раёна, праводзяць і сустракаюць яго ў палоне агню. Вядома ж, не ў прамым сэнсе. Таксама, як і казачны персанаж, маюць вялікую сілу, могуць утаймаваць стыхію. Назіраючы за іх выступленнямі, атрымліваеш сапраўдную асалоду ад грацыёзнасці, адточанасці рухаў і захапляючых гульняў з агнём.
Праводзячы паралель паміж добра вядомымі чытачам “НТ” артыстамі “Бліскавіцы” і казачнай істотай, мы не маглі не запрасіць іх да нас у госці ў перадсвяточны выпуск.
– Год адыходзячы запомніцца нам першым самастойна арганізаванай праграмай “Асеннія агні” на Савецкай, – расказвае Іаланта Краўцова. – Дагэтуль выступалі на зборных паказах. Парадавала, што брастаўчане на “ўра” ўспрынялі наша шоу. А яшчэ мы прынялі ўдзел у фестывалі сярэднявечнай культуры “Міджы-біж-2011” ва Украіне.
Сапраўды, пасля яркага фаер-шоу, якое, нагадаем, прайшло ў лістападзе, калектыў “Бліскавіцы” стаў яшчэ больш папулярным і запатрабаваным на любым свяце.
– Акрамя таго, што мы працуем з агнём, спрабуем ставіць нумары ва ўльтрафіялеце, – падзялілася Віялета Феакцістава. – Падрыхтоўчая работа, безумоўна, марудная, аднак у выніку атрымліваецца ярка і чароўна. Увогуле, маем шмат планаў і задумак. Спадзяёмся, што сімвал 2012 года дапаможа ўсё феерычна рэалізаваць.
Напярэдадні Новага года артысты вельмі заняты, аднак усё ж такі знайшлі час, каб павіншаваць нашых чытачоў і пажадаць ім запальваць на працягу наступных 365 дзён! А яшчэ яны падзяліліся сваёй фішкай. Калі “Бліскавіца” фатаграфуецца, замест звычайнага “чыз”, яны гавораць “керасін”. Магчыма, таму ўсе фота ў іх удалыя, а ўсмешкі такія, што нават Дракон не ўстаіць.
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”.
Фота з архіва тэатра-шоу “Бліскавіца”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.