Беларусь

Пра кіслародны кактэйль, новую амбулаторыю і шырокі попыт на вузкага спецыяліста


Сацыялагічныя даследаванні сцвярджаюць: часцей за ўсё людзі гавораць пра здароўе. Яно і зразумела: калі ў цябе добрае самаадчуванне, калі ты не хварэеш – дык і настрой адпаведны, ні працу, ні вучобу не прапускаеш, не выдаткоўваеш грошы на лекі, у выніку – эканомія сямейнага бюджэту. Таму заклапочанасць здароўем – з’ява натуральная.
У людзей заўсёды ёсць пытанні да медыкаў: як правільна лячыць тую ці іншую хваробу, як пазбегнуць заражэння небяспечнай інфекцыяй, чаму праблематычна трапіць на прыём да пэўнага ўрача?.. Не дзіўна, што на “прамую лінію” з начальнікам упраўлення аховы здароўя аблвыканкама Ігарам ЛАСІЦКІМ, якую праводзіла рэдакцыя, паступіла шмат самых розных пытанняў. Магчыма, сярод іх ёсць і тое, аб чым вы самі хацелі б спытаць.
ПАДЧАС “ПРАМОЙ ЛІНІІ” БЫЛІ ВЫКАЗАНЫ ПАДЗЯКІ ЗА ЎВАЖЛІВЫЯ АДНОСІНЫ ДА ПАЦЫЕНТАЎ, ПРАФЕСІЯНАЛІЗМ, ДАПАМОГУ урачу Таццяне Аляксееўне ФРАЛКОВАЙ (г. Іванава), участковаму тэрапеўту Святлане Уладзіміраўне БЯЛКО (г. Іванава), калектыву Брэсцкай дзіцячай паліклінікі №1 г. Брэста, урачу-ўролагу Пінскай цэнтральнай гарадской бальніцы Анатолю Сцяпанавічу ВЕЛЯСЕВІЧУ, урачу-гінеколагу Пінскай ЦГБ Зінаідзе Сямёнаўне БАЎКУНОВІЧ.

Ніна НОВІК, г. Брэст:
– Хварэю на цукровы дыябет з 1988 года, з 1997-га – на інсуліне, уводжу яго сама. Хацела паехаць у санаторый, але ў паліклініцы адмовілі ў афармленні санаторнай карты. Чаму мне забаранілі санаторна-курортнае лячэнне?
– Санаторна-курортнае лячэнне здзяйсняецца з улікам медыцынскіх паказанняў і супрацьпаказанняў у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28.08.2006 г. №542 “Аб санаторна-курортным лячэнні і аздараўленні насельніцтва” і пастановы Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 20.03.2008 г. №53 “Аб зацвярджэнні медыцынскіх паказанняў і супрацьпаказанняў”. Цукровы дыябет, нават інсуліназалежны, сам па сабе не з’яўляецца супрацьпаказаннем для санаторна-курортнага лячэння, аднак яго ўскладненні, якія з вялікай доляй верагоднасці ёсць (усё ж стаж дыябетыка – 23 гады), могуць перашкодзіць станоўча вырашыць пытанне аб санаторна-курортным лячэнні.
Марыя Аляксандраўна, Камянецкі раён:
– У мяне гіпертанія, вялікая вага, адростак каленных суставаў, я – інвалід 3-й групы. Жыву дома адна, практычна не выходжу – цяжка рухацца. Ёсць неабходнасць кантраляваць ціск. Ці можа медсястра або ўрач сельскай амбулаторыі наведваць мяне дома?
– Як інвалід Вы падлягаеце абавязковаму ўрачэбнаму назіранню не радзей за 1 раз у квартал, а з улікам дыягназаў, якія ёсць, кратнасць наведванняў устанаўліваецца індывідуальна ў адпаведнасці з цячэннем і ступенню хваробы. Колькі разоў будзе выконвацца патранаж медсястрой, вырашае ўрач пасля агляду і правядзення  дыспансерных мерапрыемстваў. У аб’ём патранажнага наведвання пацыента медыцынскай сястрой (фельчарам) абавязкова ўключаецца вымярэнне артэрыяльнага ціску. Для інвалідаў 3-й групы (з лішняй вагой) хатнія візіты медыцынскіх работнікаў могуць здзяйсняцца па паказаннях, але не з’яўляюцца асноўнымі і вызначальнымі ў тактыцы вядзення такіх пацыентаў.
Любоў ПІЛІПОВІЧ, Яўгенія БЕНДА, Святлана Іванаўна, г. Іванава:
– У нашай паліклініцы праблематычна трапіць на прыём да вузкага спецыяліста. Талон, напрыклад, да неўрапатолага ўзяць немагчыма, папярэдні запіс – ледзь не паўтара месяца наперад. І з іншымі спецыялістамі сітуацыя не лепшая. Ці магчыма вырашыць гэтую праблему ў бліжэйшы час?
– У вобласці патрэба ў медыках вялікая – каля 800 чалавек. Для таго, каб зняць вастрыню дэфіцыту вузкіх спецыялістаў, спатрэбіцца 2-3 гады. Мы разлічваем, што ў 2012-м і ў наступныя гады Брэстчына атрымае значна больш урачоў, чым размяркоўвалі да нас раней. У наступным годзе ў Іванава накіруем неўрапатолага, хірурга, ЛОР-урача. Зараз спецыялісты праходзяць інтэрнатуру. Будзем імкнуцца да таго, каб у паліклініках, кшталту іванаўскай, было як мінімум па два дактары кожнага профілю.
Надзея БУЯНОЎСКАЯ,
г. Брэст:
– Са жніўня не магу прайсці абследаванне. Трэба зрабіць мамаграфію, але ў абласным анкалагічным дыспансеры то апарат не працуе, то спецыялісты на курсах, то рамонт. Калі ж можна будзе выканаць мамаграфію?
– Неабходны для Вашага абследавання апарат у абласным анкалагічным дыспансеры ўжо працуе. Так што запісвайцеся на абследаванне, тэлефон рэгістратуры – 97-76-74.
Алена Канстанцінаўна КАЗІГОН, г. Брэст:
– Калі ў Брэсце будуць рабіць аперацыі на катаракце па такой жа тэхналогіі, як і ў “Новым зроку”? Я – стары, адзінокі чалавек і ў Мінск ехаць мне праблематычна.
– Аперацыі на вачах па згаданай Вамі методыцы ўжо выконваюць у абласной бальніцы. Сёлета атрымалі неабходнае абсталяванне. Вазьміце накіраванне ў сваёй паліклініцы ў афтальмолага ці ўчастковага ўрача і схадзіце на прыём да акуліста ў кансультацыйную паліклініку абласной бальніцы (тэлефон рэгістратуры – 27-23-07). Доктар правядзе абследаванне і дасць Вам накіраванне на аперацыю.
Людміла ЛАШЧ, Ніна ПАЛІШЧУК, Антаніна ГАЙДУЧЫК, Брэсцкі раён:
– Калі ў Кавярдзяках будзе ўрачэбная амбулаторыя? Ёсць медпункт, які месціцца ў адным пакоі ў Доме культуры, а ў раённую бальніцу ў Брэст не наездзішся.
– Ужо ёсць праект амбулаторыі, дзе будуць абслугоўвацца жыхары вёсак Кавярдзякі, Скокі і суседніх. Будаваць пачнуць у наступным годзе. Маем і адпаведны дакумент на фінансаванне гэтай будоўлі. Пастараемся за год справіцца.
Вольга ФІЛІМОНАВА,
г. Брэст:
– Мае дзеці назіраюцца ў гарадской дзіцячай паліклініцы №1. Заўваг да работы персаналу не маю, але ёсць нязручнасць –
аналізы здаваць даводзіцца ў філіяле на вул. Чырвона-гвардзейскай. Калі ў паліклінікі з’явіцца свой будынак, каб і лабараторыя на месцы была, і масаж, і ўльтрагукавое даследаванне?
– Праз год, не раней. Гарвыканкам пацвердзіў прадаўжэнне будаўніцтва гэтай медыцынскай установы, выдзелены бюджэтныя сродкі, каб давесці да ладу будынак былой чыгуначнай паліклінікі. Плануем, што там хопіць месца яшчэ і для дзіцячай стаматалогіі, якая патрабуе расшырэння.
Надзея ЗАМЯЦІНА,
г. Брэст:
– У філіяле дзіцячай паліклінікі №2, што на вул. Гаў-рылава, няма пастаянных педыятра і медсястры. Ці доўга будзе такое становішча?
– Пытанне з дзіцячым доктарам для Вашага ўчастка вырашым у чэрвені наступнага года, калі здадуць экзамен маладыя спецыялісты, якія зараз праходзяць інтэрнатуру. На Брэст размеркавалі 8 педыятраў – упершыню столькі, бо раней урачоў гэтай спецыялізацыі накіроўвалі пераважна ў раёны.
Крысціна, г. Брэст:
– Жыла на вул. Я. Купалы і абслугоўвалася на 26-м участку 4-й паліклінікі. Цяпер пераехала да мужа на вул. Ма-
ладагвардзейскую, але хацела б застацца на ранейшым участку. Можна гэта зрабіць?
– Можна. Трэба схадзіць да галоўнага ўрача паліклінікі і напісаць заяву, каб Вам захавалі ранейшы ўчастак. Адзіная нязручнасць будзе з выклікам доктара дахаты, таму што выклікі абслугоўваюцца па тэрытарыяльным прынцыпе, а суправаджэнне амбулаторна будзе весціся ў адпаведнасці з Вашай заявай.
Алена ПЛАШКО,
Іванаўскі раён:
– У вёсцы жыве мама, ёй 78 год. Каб аформіць яе на сацыяльны догляд, неабходна медыцынскае ўстанаўленне інваліднасці. Ехаць да ўрачоў у горад мама катэгарычна адмаўляецца. Ці можна выклікаць камісію дахаты, каб атрымаць неабходнае заключэнне МРЭК?
– Думаю, што мы можам Вам дапамагчы. Нашы спецыялісты патэлефануюць, каб вырашыць пытанне. Увогуле, у сітуацыі, калі не ведаеце, што зрабіць, ідзіце на асабісты прыём да галоўнага ўрача раённай медыцынскай установы. Вырашыць праблему, калі ты бліжэй да яе, значна прасцей.
Марыя Уладзіміраўна,
г. Маларыта:
– Маю праблемы са зрокам. Хацела б прайсці камп’ютарную дыягностыку вачэй. Дзе гэта можна зрабіць?
– Вам трэба трапіць на кансультацыю ў паліклініку пры абласной бальніцы. Там ёсць неабходнае дыягнастычнае абсталяванне. Патэлефануйце ў рэгістратуру па нумары 27-23-07 і запішыцеся на прыём.
Ірына БАЧКОВА,
г. Брэст:
– У дачкі дыягнасціравалі скаліёз 1-й ступені, назначылі масаж, плаванне і ЛФК. Вось толькі нам нязручна ездзіць у філіял дзіцячай гарадской паліклінікі №1 на вуліцу Чырвонагвардзейскую. Ці можа дачка наведваць ЛФК у якім-небудзь іншым месцы?
– Каля Лядовага палаца знаходзіцца дыспансер спартыўнай медыцыны, там набіраюць групы лячэбнай фізкультуры. Так што патэлефануйце ў дыспансер: 42-67-88 ці 40-69-86.
Кацярына, г. Брэст:
– Наведала ў абласной дзіцячай бальніцы 12-гадовую дачку сяброўкі. Была ўражана, які ложак у дзіцяці ў старым корпусе. Трэба мэблю мяняць…
– Ужо зроблены рамонт паловы старога корпуса дзіцячай бальніцы. Умовы там будуць намнога лепшыя, у тым ліку і мэблю паставім сучасную і для рознага ўзросту дзяцей. Да канца года наваселле справім. Вельмі разлічваем на разуменне і юных пацыентаў, і іх бацькоў, бо сітуацыя там была вымушаная. Давядзецца нейкі час пацярпець нязручнасці: у плане – рамонт другой часткі будынка.
Людміла, Іванаўскі раён:
– Што такое кіслародны кактэйль? Дачка жыве ў сталіцы, дык у іх паліклініцы яго можна купіць. Яна мне рэкамендуе папіць, каб узмацніць імунітэт.
– Кіслародны кактэйль – гэта адзін з метадаў фітатэрапіі з выкарыстаннем адвараў. Гатуецца на аснове яечнага бялку, які змешваецца з лекавымі раслінамі і ўзбіваецца з кіслародам. Патрэбна набыць спецыяльную ўстаноўку для прыгатавання кактэйляў. Але хачу звярнуць увагу: любая працэдура, любое назначэнне павінна быць нечым апраўдана, а таму, перш чым піць кіслародныя кактэйлі, звярніцеся да свайго ўчастковага доктара, каб назначэнне зрабіў спецыяліст.
Павел ПЯТРЭНКА,
Баранавіцкі раён:
– Сын хоча пайсці ў медыцынскі ўніверсітэт. Чыталі аб плануемых змяненнях ва ўступнай кампаніі. А ці застануцца мэтавыя накіраванні ў медыцынскія ВНУ? У якія тэрміны і куды трэба звяртацца за такім накіраваннем?
– Мэтавыя накіраванні захаваюцца, каб забяспечыць патрэбу ў кадрах арганізацый аховы здароўя, якія знаходзяцца ў населеных пунктах, дзе пражывае менш за 20 тысяч насельніцтва, а таксама размяшчаюцца на тэрыторыях радыяцыйнага забру-джвання і ў сельскай мясцовасці. Пражываючыя там маюць права на мэтавае накіраванне, калі яны вучыліся і жылі на згаданых тэрыторыях не менш чым 2 гады. Акрамя таго, у абітурыента ў дакуменце аб адукацыі па профільных прадметах уступных іспытаў у медыцынскія ВНУ павінны быць адзнакі не менш чым 6 балаў. А для заключэння дагавора неабходна звяртацца пасля атрымання атэстата аб сярэдняй адукацыі ў аддзел кадраў упраўлення аховы здароўя аблвыканкама (вул. Чырвонагвардзейская, 7 у Брэсце) ці ў аддзел кадраў УАЗ “Баранавіцкая цэнтральная паліклініка”. Апошнім днём выдачы накіравання з’яўляецца апошні дзень прыёму дакументаў ва ўстановы адукацыі, якія забяспечваюць атрыманне вышэйшай медыцынскай адукацыі.
Аксана ГАДУЛЬКА,
Драгічынскі раён:
– Вяліся размовы аб адкрыцці медыцынскага факультэта на базе аднаго з універсітэтаў у Брэсце. Гэта толькі размовы ці ўжо ёсць канкрэтнае рашэнне?
– Сапраўды, такія прапановы на мясцовым узроўні выказваліся. У час наведвання бальніцы ў Лунінцы Прэзідэнту краіны аб магчымасці рыхтаваць кадры ў рэгіёне дакладваў міністр аховы здароўя. Васіль Жарко паведаміў, што пашыраны наборы ў медыцынскія ВНУ краіны і ў іх можна падрыхтаваць неабходную колькасць урачоў. Каб зрабіць медыцынскі факультэт у Брэсце, патрабуецца база, выкладчыцкія кадры, узнікне шэраг спецыфічных для медыцынскай адукацыі момантаў – хоць бы таму, што ў нас няма клінічнай медыцынскай установы, а без практыкі доктара не падрыхтуеш. Мы вывучалі гэтае пытанне – у бліжэйшы час свайго медфакультэта Брэст мець не будзе.
Дзмітрый ЛАБКО,
г. Кобрын:
– Медыцына ў нас актыўна развіваецца, многае зроблена, але ж, пэўна, не ўсё. Якія планы ў медыкаў вобласці на 2012 год?
– Будзем умацоўваць матэрыяльную базу медыцынскіх устаноў. Прадоўжым будаўніцтва хірургічнага корпуса абласнога анкалагічнага дыспансера, завершым перабудову інфекцыйнага аддзялення абласной бальніцы, плануецца будаўніцтва яшчэ аднаго корпуса галоўнай лячэбнай установы вобласці. Дарэчы, у снежні адкрываем пасля рамонту корпус А ў абласной бальніцы. У Пінску прынята рашэнне поўнасцю рэканструяваць былы санаторый “Жамчужны” пад анкалагічны дыспансер.
Плануем далей развіваць транспланталогію. На жаль, павялічваецца колькасць хворых, якім патрабуецца гемадыяліз крыві. У наступным годзе будзем адкрываць спецыялізаванае аддзяленне ў Кобрыне, каб разгрузіць абласную бальніцу, дзе аддзяленне гемадыялізу працуе ў чатыры змены. У 2012-м у Ляхавічах пачнём будаваць новую паліклініку, бо гэты раён, а таксама Камянец патрабуюць істотнага паляпшэння матэрыяльнай базы.
Увогуле, пастараемся, каб самыя сучасныя методыкі дыягностыкі і аказання медыцынскай дапамогі былі даступныя не толькі жыхарам вялікіх гарадоў, але і іншых населеных пунктаў. Дазволю сабе нагадаць, што ад медыцыны ў структуры здароўя залежыць толькі 10 працэнтаў, астатняе –  ад спадчыннасці і ад ладу жыцця чалавека. Тое, як мы самі будзем ставіцца да здароўя, вызначае наша самаадчуванне. Думаю, дактары не пакрыўдзяцца, калі людзі радзей будуць хадзіць у паліклінікі ды ляжаць у бальніцах.
На “прамой лініі” дзяжурыла
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля