Беларусь

За мужам//Эмансіпэ


ЗА МУЖАМ
І каня на скаку спыніць, і ў палаючую хату ўвой-дзе – так паэтычна гавораць пра жанчын многія мужчыны…
Апошнім часам такіх МНСніц становіцца ўсё больш. А навошта гэтыя ахвяры? Так, менавіта ахвяры. Бо, выконваючы не свае абавязкі і адбіраючы галоўныя ролі ў мужчын, жанчыны губляюць сваю сілу – уменне быць слабай. І няпраўда, што выраз “слабы пол” прыдумалі зайздросныя мужчыны. Хіба не прыемна адчуць сябе слабай, назіраючы, як любімы мужчына гатуе сняданак або клапоціцца, ці цёпла вы апрануліся сёння?
Быць слабай цяпер, можа, і не модна, але так прыемна! Як гаворыць мая бабуля, дай зразумець мужчыне, што ён самы-самы, і ён зробіць усё, каб ты стала самай-самай. І заўсёды дадае: незалежна ад выніку гэтых намаганняў неабходна рабіць выгляд, што менавіта гэтага ты і чакала. Пэўна ж, мае рацыю…
Некаторыя з маіх апанентак могуць апеляваць тым, што мужчын сапраўдных, з якімі хочацца адчуць тую самую слабінку, мала сустрэнеш. Аднак хіба не мы самі можам выхаваць гэтага джэнтльмена і мачо!  Улічваючы, што большасць з гэтых прадстаўнікоў мясцовай фаўны ахвотна ідзе на кантакт і паддаецца дрэсуры.
Жанчыны моцныя ад прыроды – і дыскуціраваць тут няма чаго. Пераканаць нас у адваротным цяжка, ды і не трэба. Дык, можа, не варта нам так ярка дэманстраваць гэта? Навошта пераапранацца ў строі, падобныя на мужчынскія, рабіць сумныя прычоскі, працаваць, быццам без нас у краіне крызіс настане, і насцярожана адносіцца да рамантычных знакаў увагі з боку мужчын?
Здаецца, лепш быць “за мужам”, чым тым самым “мужам” у спадніцы. Калі згодна, пішы на наш адрас у рэдакцыю (адрас і тэлефон – на апошняй старонцы) ці дасылай на e-mail: olya_sviridovich@mail.ru.
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”.

ЭМАНСІПЭ
Элегантныя строі, высокія абцасы, скураныя кейсы з дзелавымі паперамі…
Сучасныя жанчыны, сапраўдныя бізнес-лэдзі, сёння ўдала спраўляюцца з мужчынскімі абавязкамі, не губляючы пры гэтым сваёй натуральнай жаноцкасці. Звярнуць горы і нават не сапсаваць бездакорны манікюр – лёгка!
Але спачатку… свет перавярнуўся з ног на галаву. Мужчыны пачалі адпускаць доўгія валасы, упрыгожваць вушы завушніцамі, карыстацца касметыкай. Жанчыны, быццам у адплату, прысвоілі стрыжку “пад хлопчыка” і права ваджэння аўтамабіля. Вакантнае месца на кухні ля пліты таксама аказалася пазначана літарай М, таму нашчадкі Евы асвоілі новыя гарызонты па-за межамі кватэры. У той час як мужныя і моцныя духам палівалі фікусы ды рыхтавалі загатоўкі на зіму, далікатныя і ўражлівыя ўзбройваліся пугамі і пернікамі: вучыліся дамінаваць, зарабляць грошы, будаваць кар’еру.
Эмансіпацыя жанчын, відавочна, мае мужчынскае паходжанне. Заўважана: у некаторых выпадках прасцей самой “разруліць” фінансавыя цяжкасці і сямейныя праблемы, чым растлумачыць каханаму, што патрэбна рабіць. Адсюль – цэлая плеяда кіраўнікоў, воінаў, палітыкаў у стыльных спадніцах, якія не стамляюцца даводзіць сваю кампетэнтнасць: маўляў, мы і самі з вусамі.
Сучасныя феміны з-за недахопу часу навучыліся рэагаваць на крытыку без слёз і істэрык. Ці ж не аб гэтым мараць усе мужчыны свету? Што замаўлялі – тое і атрымалі! З радасцю выслухаем і вашу пазіцыю на гэты конт па тэлефоне 20-45-04, свае разважанні таксама можна даслаць на электронны адрас: ninkaLe@mail.ru.
З нецярпеннем чакаем водгукаў!
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля