А дрэва шуміць…
Былы артылерыст Даніл Кастэнка да самай смерці памятаў баявых таварышаў і прысвячаў ім вершы
У 2002 годзе пайшоў з жыцця ветэран Вялікай Айчыннай вайны Даніл Рыгоравіч Кастэнка, але і па сённяшні дзень у пасёлку Дамачава не толькі сваякі памятаюць былога артылерыста – земляком ганарыцца і маладое пакаленне.
Данiл Рыгоравiч свой баявы шлях пачаў пад Сталiнградам, дзе камандаваў артылерыйскай батарэяй 307-га артылерыйскага палка. Ваяваў на Бранскiм фронце, удзельнiчаў у баях ва Усходняй Прусii, вызваляў Польшчу, змагаўся за Берлiн. Перамогу сустрэў на Эльбе. За мужнасць i гераiзм адважны артылерыст быў узнагароджаны ордэнамi Аляксандра Неўскага, Айчыннай вайны I i II ступенi, двума ордэнамi Чырвонай Зоркi, медалямi “За баявыя заслугi”, “За абарону Сталiнграда”, “За ўзяцце Кенiнгсберга”, “За ўзяцце Берлiна”…
Моцнае франтавое братэрства… Як жа без яго на вайне? Яно дапамагала знiшчаць ворага, атрымлiваць перамогi ў баях. З пачуццём пашаны Данiл Рыгоравiч заўсёды, па словах сямейнiкаў, успамiнаў свайго камандзiра, баявога сябра Мiхаiла Грышына, вёў з iм перапiску. Сябры сустракалiся i часта ўзгадвалi эпiзоды cа свайго баявога жыцця.
У памяці сваякоў застаўся такі ўспамін Данілы Рыгоравіча:
“…Iшлi баi ва Усходняй Прусii. Нягледзячы на моцнае супрацiўленне гiтлераўцаў, таранным ударам мы ўзломвалi яго глыбока эшаланiраваную абарону, акружалi буйныя групiроўкi. Але i вораг быў моцны.
У адзiн з дзён наступлення мы з боем узялi вёску Альшанку, занялi яе пад вечар. Агнявую пазiцыю сваёй батарэi я загадаў разгарнуць на пагорку ў 800 метрах за вёскай, а свой назiральны пункт размясцiў на яе ўскрайку. Ранiцай вартавыя ўзнялi трывогу: вёску акружылi нямецкiя войскi. Байцы-пехацiнцы ўступiлi ў бой з ворагам. Аднак сiлы былi няроўныя.
Я хацеў звязацца па тэлефоне з пазiцыяй сваёй батарэi, каб спынiць напад агнём артылерыi, ды кабель тэлефона быў перарэзаны. Што рабiць? Добра, што засталася рацыя, па якой зараз жа звязаўся з камандзiрам дывiзiёна Мiхаiлам Андрэевiчам Грышыным, маiм франтавым сябрам.
– Мiша, выклікаю агонь на сябе! – крычу яму адкрытым тэкстам.
– Як “на сябе”? – усхваляваўся ён.
– Другога выйсця няма. Давай беглым, iнакш мы ўсе прапалi, – i стаў называць яму неабходныя каардынаты.
У хуткiм часе агонь дзвюх другiх батарэй дывiзiёна, да якiх пазней прыядналася i мая, накрыў вёску i подступы да яе. Нашым пехацiнцам давялося схавацца ў падвалах дамоў, равах.
Фашысты з вялiкiмi стратамi адышлi, такi моцны быў наш агонь. Пасля таго, як бой закончыўся, камандзiр знайшоў мяне, мы абнялiся. Гэта ж шчасце – жыццё!..”
У тым баі Данiл Рыгоравiч атрымаў раненне. У шпiталі артылерыст прабыў амаль месяц, але ўсёй душой рваўся ў бой бiць нямецкiх захопнiкаў.
Прайшоўшы праз усе цяжкiя выпрабаваннi, “бог вайны” (так называлі артылерыстаў) вярнуўся да сям’і ў родны пасёлак Дамачава.
Ужо ў мірны пасляваенны час ветэран стаў пісаць вершы. Прысвячаў іх баявым таварышам, успамінаў баі і самыя розныя ваенныя эпізоды. І сёння ў сям’і прыгадваюць, напрыклад, радкі, адрасаваныя Міхаілу Грышыну:
Не грусти, старина,
На висках седина,
Позади боевые походы.
Не грусти, старина,
Что украла война
Наши юные, лучшие годы…
А яшчэ захоўваюць разам з фотаздымкамі артылерыста Данілы Кастэнкі сшыткі з вершамі ветэрана.
У кожнага сямейнага радаводу –
сваё дрэва. У яго свае каранi, ствол, галiны, лicце, насенне, плады… Такiм моцным дрэвам, апорай, падтрымкай для сваёй сям’i i быў Данiл Рыгоравiч. І застаецца ў памяці нашчадкаў…
Кацярына ГРУЗІНСКАЯ,
Святлана ПЕТРАЧУК,
вучаніцы сярэдняй школы г.п. Дамачава,
Брэсцкі раён.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.