Беларусь

Здарэнне на хутары


– Ешце,  сыночкі, ешце, я яшчэ налью, – Капіталіна Кузьміч вялікай драўлянай лыжкай зачарпнула з гаршка сялянскага квасу з грыбамі, падсунула малодшаму партызану. – Там, у лесе, хто вам такое зварыць?  Можа, і маіх сыночкаў хто-небудзь дзесьці пакорміць…
– А дзе вашы сыны, цётачка? – спытаў партызан у армейскай пілотцы.
– А я не ведаю, дзе яны цяпер. У 1940-м іх адправілі ў Карэлію на лесараспрацоўкі, прыходзілі ад іх пісьмы, у жніўні абяцалі прыехаць у водпуск. А тут вайна… Сэрца баліць за маіх Мікалая і Пятра.
– Ды на фронце, недзе немцаў б’юць, – камандзір групы паклаў лыжку на стол.
– Сыночкі, не спяшайцеся, зараз мае дачушкі малачко прынясуць, ужо хуценька прыбягуць. Муж пайшоў з імі і два малодшыя, Грышка і Андрэй, яны пагоняць пасвіць…
Партызаны прыйшлі на хутар вечарам. Некалькі сутак яны былі дзесьці пад Лунінцам, сачылі за рухам цягнікоў на чыгунцы. Хутка пападалі на падлогу і тут жа пазасыналі. Вельмі змарыліся. Камандзір групы ўстаў першы, яшчэ зацемна,  разбудзіў партызан, якія нехаця падняліся, і загадаў ім пачысціць ды змазаць зброю. Гаспадыня да гэтага часу распаліла ў печы, і ў гаршку даспяваў смачны сялянскі  квас з дамашнім тлушчам і сухімі грыбамі. Ім і частавала Капіталіна партызан.
Раптам дзверы ў сенцах моцна грукнулі і на парозе вырас гаспадар хаты Віктар Кузьміч. Рукі яго трэсліся, губы ўздрыгвалі:
– Немцы! З-за алешніку паказаліся.
– Ой, божачка, а што ж з намі будзе, – гаспадыня як стаяла, так і села на калені перад печчу.
– Заняць кругавую абарону! –
скамандаваў камандзір. – Ты, Ляшкевіч, у сенцы. Цярэшчанка, хуценька на гарышча, я з Ліпскім, Новакам – каля вокнаў.
Сонца толькі-толькі ўзышло над лесам, на траве  ярка зіхацела алмазнымі іскрынкамі ранішняя раса. Немцы на конях нетаропка паварочвалі з лясной дарогі на хутар.
– Стары, што рабіць? – камандзір, відаць, разгубіўся. З аднаго боку – трэба адбівацца, з другога – абараніць сям’ю, дзяцей.
– У спальню… У акно… Там блізка лаза, кусты… – мовіў той.
Партызаны рванулі за гаспадаром. Хуценька расчынілі акно спальні і адзін за адным пераскочылі  падаконнік. Чаму іх немцы не заўважылі – невядома.  Відаць,  узыходзячае сонца моцна сляпіла вочы.
Гаспадар выбег на ганак, стараўся скруціць  “казіную ножку”, але ад хвалявання трэсліся рукі, і тытунь сыпаўся скрозь пальцы.
Немцы пад’ехалі да хаты, пачалі злазіць з коней, прывязваць іх да жэрдак плота. Няспешна адчыніў веснічкі афіцэр у фуражцы з высокім верхам і пайшоў проста да калодзежа. За ім у двор увайшоў маладжавы дзяцюк у чорным мундзіры з белай павязкай на рукаве і літарай “Р” на ёй. “Паліцай, перакладчык”, – падумаў Віктар Кузьміч.
– Хазяін, прымай гасцей, –  скамандаваў паліцай.
– Паночкі, хадзіце ў хату, прашу вас, заходзьце, – запрасіў гаспадар.
Першым у хату, услед за гаспадаром, увайшоў паліцай, потым – афіцэр, затым – некалькі немцаў. Вартавыя ў рагатых касках засталіся каля коней.
– Старая, сала на стол, калі ёсць чарка – не адмовімся, – паліцай пайшоў далей і пачаў адчыняць дзверы ў другія пакоі.
Афіцэр стаў каля стала, моўчкі ўцягнуў праз нос паветра і нешта моцна крыкнуў па-нямецку. Салдаты рассыпаліся па хаце, пачалі заглядваць на печ і пад печ. “Прапалі, – падумаў стары. У хаце яўна адчуваўся пах ружэйнай змазкі. – Немец учуў”.
– Ах, вы партызанаў  корміце! –
паліцай адчыніў заслону ў печ, і адтуль дыхнула цёплым паветрам і пахам дамашняга квасу.
– Weg! – афіцэр дулам “вальтэра” загадаў гаспадару і гаспадыні выходзіць з хаты. Згорбіўшыся, тыя выйшлі. Немец паказаў ісці да хлява. Каля хлява на карыце для вадапою сядзелі Грышка і Андрэй. Яны чакалі, пакуль Ганька і Паўлінка падояць кароў, каб гнаць іх на пашу. Немцы аўтаматамі  падштурхнулі хлапчукоў да бацькоў. Маці пачала  гладзіць дзяцей па галоўках. Адзін з немцаў увайшоў у  хлеў, там загрымелі цэбры, пачуліся крыкі дзяўчынак. Хуценька, як ластаўкі, яны вылецелі з хлява і падбеглі да сваіх.
Афіцэр па-нямецку нешта сказаў паліцаю, той пайшоў у хлеў і вынес адтуль бліскучую рыдлёўку з вялікім доўгім чаранком.
– Вядзі за мной свой вывадак, хазяін, – паліцай даў у руку гаспадару рыдлёўку. – Капай, хазяін, яму, ты сам вінаваты ва ўсім. За хлеб для банды вы ляжаце тут навекі.
Віктар узяў рыдлёўку, адчарціў ёю прамавугольнік і націснуў на лязо. Сям’я ў страху сачыла за работай свайго бацькі. Для іх спыніўся час, сонца стала чырвона-крывавым. Чым глыбей угрызаўся гаспадар у зямлю, тым галасней пачалі плакаць дзеці. Яны абнялі сваю матулю і мокрымі тварамі схаваліся ў яе спадніцы. Дзеці зразумелі ўсё. А гаспадар капаў. Палатняная сарочка прыліпла да спіны. Праз некаторы час справа ад ямкі вырасла горка зямлі.
– Хопіць, станавіцеся на краі ямы, – паліцай карабінам падштурхоўваў гаспадыню і дзяцей. Яны павольна наблізіліся да раскапанага месца. Гаспадар, увесь мокры, таксама вылез з ямы і стаў разам з сям’ёй. Бацькі і дзеці селі на калені і пачалі маліцца. Гэта была малітва-плач, малітва-роспач, малітва-крык. Пачулася каманда, салдаты паднялі аўтаматы… Усё… Зараз будзе ўсё… Секунды цягнуліся…
Раптам пачуўся матацыклетны трэск, афіцэр падняў руку. Тры матацыклы, падымаючы слупы пылу на палявой дарозе, імчалі да хаты. Заўважыўшы натоўп каля хлява, матацыклісты скіравалі туды.
Афіцэр, відаць, убачыўшы старшага, падбег да пярэдняга матацыкла, выцягнуўся і пачаў нешта хуценька гергетаць. З каляскі пачулася каманда, матацыклы рэзка павярнулі і рванулі назад. Немцы апусцілі аўтаматы, пабеглі да сваіх коней і пачалі таропка іх сядлаць. Афіцэр павярнуўся да сям’і, паклаў свой “ вальтэр” у кабуру, скрозь зубы крыкнуў ”Weg” і таксама паспяшаўся да каня.
Жыццё не абарвалася…
А адбылося гэта 7 ліпеня 1943 года. Палессе. Хутар Дуброўка. Адзін дзень вайны.Малая Ганька – бабуля майго таты.
Аляксей КІРЭЧКА,
вучань  Мачульскай БШ,
член гуртка “Юны журналіст” Столінскага
цэнтра дзіцячай творчасці.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля