Беларусь

Пра пячэнькі, кіно і чуласць


Гуманнасць, справядлівасць, незалежнасць, адзінства – прынцыпы Чырвонага Крыжа знайшлі водгук у навучэнцаў Баранавіцкага дзяржаўнага прафесіянальнага ліцэя машынабудавання
Атрыманне прафесіі – справа, безумоўна, адказная. Гэтаму надаецца самая пільная ўвага. Але ж ёсць вольны час, які разумна прысвячаць чаму-небудзь вартаму, карыснаму. Так мяркуюць у Баранавічах, у прафесіянальным ліцэі машынабудавання. Узяць, напрыклад, валанцёрскую групу Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа, члены якой прымаюць удзел у многіх праектах. Асабліва падабаюцца хлопцам і дзяўчатам дабрачынныя акцыі. Адну з іх пад надзвычай аптымістычнай назвай “Вясёлыя пячэнькі” мы правялі для выхаванцаў сацыяльна-педагагічнага цэнтра з дзіцячым прытулкам горада Баранавічы.
У  той дзень шанцавала на ўсё! Цудоўнае надвор’е, добразычлівы настрой, цёплы прыём… Нам хацелася, каб малыя атрымалі задавальненне ад зносін з намі. Як правіла, аб дзецях з прытулкаў успамінаюць  толькі напярэдадні якога-небудзь свята, але вельмі важна, каб пяшчотнымі адносінамі выхаванцы такіх устаноў былі сагрэты заўсёды. Таму валанцёры ліцэя арганізавалі свята і запрасілі на яго хлопчыкаў і дзяўчынак з гарадскога сацыяльна-педагагічнага цэнтра з дзіцячым прытулкам.
Вельмі ўдала суаднеслася назва нашага мерапрыемства – “Вясёлыя пячэнькі” – з той цудоўнай атмасферай, якая ўзнікла ў час сустрэчы. Пячэнькі, сапраўды, аказаліся вясёлымі. Ад першай хвіліны, калі дзеці ўвайшлі ў залу, дзе разгарнулася вялікае кулінарнае шоу, і да апошняй, калі мы махалі ім услед на развітанне,  выхаванцы прытулку былі шчаслівыя. Атрымалася ўсё проста цудоўна!  Колькі задавальнення было ў дзяцей ад мітусні з цестам: размешвалі, раскатвалі, выразалі з цеста кветкі, зоркі, упрыгожвалі выпечку рознакаляровай пасыпкай. Напэўна, ім упершыню даверылі такую адказную справу. Ды і сяброўскія зносіны, што лёгка ўсталёўваліся на нашай імправізаванай кухні, уздымалі настрой і нашым маленькім гасцям, і валанцёрам. Пакуль пячэнне выпякалася, валанцёры праводзілі цікавыя гульні, конкурсы, спявалі і танцавалі з дзецьмі. А затым мы ўсе разам пілі гарбату і частаваліся самым смачным на свеце пячэннем.
Улічваючы тое, што валанцёры нашага ліцэя – будучыя аператары ЭВМ, у час сустрэчы мы і выхаванцаў прытулку навучылі азам прафесійных фотаздымак. А яшчэ – усе разам знялі кіно! У галоўных ролях былі, безумоўна, дзеці. Мы паабяцалі сваім маленькім гасцям, што абавязкова сустрэнемся яшчэ не раз. Гэта  сустрэча – пачатак нашага сяброўства і працяглых зносін. Спадзяёмся, што ў нас атрымаецца шматсерыйны фільм з цудоўным заканчэннем. Упэўнены, што дапаможа нам у гэтай справе дабрыня. Яна заўсёды ідзе поруч з міласэрнасцю. Менавіта гэтыя якасці вызначаюць сутнасць валанцёрства. А калі ў аснову пакладзены такія высокамаральныя каштоўнасці, дык вынік абавязкова будзе станоўчым.
Ілья ВАЛАСТНЫХ,
навучэнец 2 курса
Баранавіцкага ДПЛ
машынабудавання.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля