Хачу застацца беларускай

Хачу застацца беларускай

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Сярод маіх суседзяў ёсць незвычайная дзяўчына. Але незвычайная яна толькі для тых, хто не гаворыць па-беларуску ў сваім звыклым жыцці. З той прычыны, што небеларускамоўных – большасць, дык Алёна ШЫКУНЕЦ – цікавы і крыху ўнікальны суразмоўца. Алёна вучыцца ў БДУ на настаўніка беларускай мовы і літаратуры. Я ўжо даўно прывыкла чуць ад яе “Добрай раніцы”, “Якая прыгожая сукенка” і іншае, але ніколі не задумвалася, чаму вось гэтая прыгажуня, якая валодае англійскай, нямецкай мовамі, слухае замежную музыку і захапляецца ўсходнімі танцамі, размаўляе на беларускай мове, не самай папулярнай у нас для зносін.

–  Алёна, ты не любіш рускую мову?
– Люблю, размаўляю на ёй, але ж мы жывём тут, на Беларусі, і беларускае – гэта роднае.
– Калі ты ўпершыню загаварыла на беларускай мове?
– У 9 класе: у нас змянілася настаўніца. Галіна Аляксандраўна зачаравала мяне. Яе гаворка была мяккая, мілагучная, падобная да песні. На першым яе ўроку я вырашыла, што хачу так размаўляць.
Спачатку маю беларускую гаворку можна было пачуць толькі на ўроку, потым я прымала ўдзел у алімпіядах, канферэнцыях, а праз год ужо размаўляла па-беларуску штодзённа.
–  Як адрэагавалі бацькі? Сябры не смяяліся?
– Маці і бацька вельмі здзівіліся. Яны вырашылі, што гэта чарговы падлеткавы бунт, а сябры хацелі нават весці да ўрача. Зараз усё добра: бацькі заўсёды мяне падтрымліваюць, падтрымалі і ў гэтым, часам і яны адказваюць мне на роднай мове. Сябры таксама прымірыліся з маім “дзівацтвам”, а некаторыя з іх таксама захапіліся беларускай мовай. Мой малады чалавек ганарыцца маёй цікавасцю да ўсяго беларускага…
– Гавораць, мова – душа народа. Згодна з гэтым выказваннем?
– І душа, і сэрца, і розум. Мова – гэта асацыяцыя з людзьмі пэўнай краіны ці рэгіёна. Не будзе мовы – не будзе краіны. Вось таму я абрала лёс настаўніцы: мару праз слова, праз свае думкі дастукацца да сэрцаў хлопчыкаў і дзяўчынак, каб беларуская мова не была для іх замежнай. У нас дзве дзяржаўныя мовы, і гэта цудоўна: сам лёс дае магчымасць больш ведаць, быць больш адукаванымі. Але не варта адштурхоўваць ад сябе тое, што маем ужо сотні год…
– А як рэагуюць незнаёмыя людзі ў краме, напрыклад? Хто ты для іх?
– Па-рознаму бывае: хтосьці глядзіць, нібыта на псіха, хтосьці, наадварот, усміхаецца, а нехта радуецца, што можна паразмаўляць са мною. Я абрала гэты шлях і, што б ні казалі за спіной – буду ісці па ім, бо хачу застацца беларускай.
– На тваю думку, што трэба рабіць, каб павялічыць беларускасць у краіне?
– Галоўнае – не навязваць. Не гаварыць у школе ці ва ўніверсітэце “ты павінен”, бо ніхто нікому нічога не павінен, тым больш размаўляць па-беларуску. Але я павялічвала б колькасць беларускамоўных газет, часопісаў, праграм на тэлебачанні (асабліва на тэлебачанні). На канцэртах, якія ладзяцца на Дзень Незалежнасці ці на Дзень горада, выкарыстоўвала б дзве мовы. І на іншых урачыстасцях таксама было б да месца беларускае слова…
Спадзяюся, што праз некалькі год моладзь адчуе, што беларускае – роднае слова, у ім – наша моц, гонар, у ім – мы самі.
Гутарыла
Ганна ІВАШЧАНКА,
студэнтка БрДУ
імя А.С. Пушкіна.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

У майго шчасця ёсць імя

Следующая запись

У Міжнародны дзень урача Брэсцкая цэнтральная паліклініка прыняла гарадскую канферэнцыю медыкаў