Смага сваіх каранёў
Мой сучаснік, уяві сабе на момант: ты знік. Што пакінеш пасля сябе? Што застанецца тваім нашчадкам? Інтэрнэт, тэлевізар з тысячамі каналаў? Мабільныя тэлефоны?
Што і казаць, вельмі багатая спадчына!!!
Цяпер нават моладзь не размаўляе з бацькамі: піша СМС і чакае адказу. І са святамі віншуюць сваіх родных таксама па тэлефоне. А навошта з сябрамі гуляць? Яны бавяць час праглядам тэлевізара…
Ад такой карціны становіцца жудасна. Мы ж не пакінем самага галоўнага – сваю самабытнасць.
Раней я аб гэтым не думала. Але мой погляд на свет змяніўся, калі паступіла ў абласны ліцэй імя П.М. Машэрава. Ліцэй – гэта тое месца, дзе я ўпершыню за свае 17 гадоў адчула далучанасць да нацыянальнай культуры і сувязь з яе вытокамі. Усё гэта – дзякуючы самым лепшым настаўнікам беларускай мовы Лідзіі Аляксееўне Рабчынскай і Наталлі Мікалаеўне Дуброўскай. Яны не толькі добрыя выкладчыкі, але і людзі вялікай душы: выносяць святло духоўнай спадчыны за межы класнага кабінета. Энергія, якая сыходзіць ад іх, запаліла і маё сэрца.
Настаўніцы стараліся далучыць нас да беларускай культуры праз розныя мерапрыемствы: калядкі, гуканне вясны, гульні, выставы народных рамёстваў і нацыянальных страў. Але найбольш запомніліся фестывалі беларускай культуры, якія праходзілі пад лозунгам: “Танцы, песні, гульні ў святы – наладжваюцца тут заўзята!!!”
Цэлы тыдзень ліцэісты жывуць усведамленнем сябе як часцінкі народа: носяць нацыянальную вопратку, удзельнічаюць у гульнях, танцуюць, спяваюць, далучаюцца да класічнай літаратурнай спадчыны праз тэатральныя пастаноўкі.
Вы заўважалі калі-небудзь, якая мілагучная беларуская песня?! Ад яе напеву замірае сэрца. А якія энергічныя і поўныя хараства танцы – лявоніха, полька! Усё словамі немагчыма апісаць, гэта трэба чуць і бачыць.
Я ганаруся тым, што не стаяла ўбаку, а брала актыўны ўдзел у беларускім тыдні. І чарговы раз упэўнілася ў тым, што трэба вярнуць страчанае. Наталіць смагу сваіх каранёў.
Раней я саромелася размаўляць па-беларуску, думала: “Нязручна неяк, ды ці змагу выказацца дакладна, каб падтрымаць размову? Ці знайду я разуменне з боку аднагодкаў?” А зараз усё больш і больш мяне пачалі хваляваць пытанні: чаму мы не саромеемся ўжываць нецэнзурную лексіку і, наадварот, душым у сабе самае светлае, самае дарагое – беларускае слова? Што здарылася з нашай моладдзю?
Я лічу, што мы сваёй абыякавасцю садзейнічаем паступоваму знішчэнню самабытнасці беларускага народа… І што далей? Атрымліваецца: дарэмна нашы продкі пранеслі праз стагоддзі, захавалі, збераглі тое, што адрознівае нас ад іншых народаў. Бо мы, няўдзячныя нашчадкі, усё гэта растрацілі, згубілі і ўтапілі ў бруд сваёй падманнай сарамлівасцю?!
Не! Так не павінна адбыцца…
Я бачу магчымасць змяніць сітуацыю. Жыву ў горадзе, але, на жаль, вельмі мала сутыкаюся з мерапрыемствамі, прысвечанымі беларускаму этнасу. Можна ж пачаць з самага малога, напрыклад, на вуліцах уключаць песні на словы беларускіх паэтаў, праводзіць акцыі пад назвай “Не згасне святло беларускага слова!”. Спа-
дзяюся, што ты, мой сучаснік, абавязкова прымеш актыўны ўдзел у гэтых акцыях. І неўпрыкмет палюбіш беларускае слова. А я буду рада, што знайшла годнага суразмоўцу, зацікаўленага тым, што ён – беларус.
Ганна ХАМКО,
клуб журналістыкі
абласнога ЦМТ.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.