Жыццё без Радзімы і веры немагчыма

Жыццё без Радзімы і веры немагчыма

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

У кожнага абавязкова ёсць свой гожы, ласкавы і шчымліва-непаўторны край. Ён прыгожы заўсёды, у любую часіну года. І тады, калі, прачнуўшыся ад зімовага сну, светла і ўсхвалявана гамоняць маладым лісцем дрэвы, а зялёны колер зямлі, аблашчанай сінякрылым ветрам, радуе вока бязмежнай прагай жыцця. І тады, калі ў кожнай красачцы  на мурожных лугах клапатліва і спорна працуюць пчолы, калі набіраюцца моцы нівы, гадуючы і спелячы каласы, калі кветкі, промні і птушыныя песні яднаюцца ў непаўторную мелодыю жыцця, якая запаўняе сабою лугі, палі, лясы. І тады, калі прыкметна цішэе ў прасторах, калі на палях па-восеньску пахне ўжо свежаю саломаю, калі пад нагамі шамаціць апалае лісце, а жоўты колер, пераплецены павуцінкамі бабінага лета, пануе ўжо там, дзе яшчэ нядаўна было так шматколерна, гаманліва, весела. І тады, калі зямля робіцца белаю-белаю, калі мяцеліцы спяшаюцца як найхутчэй укрыць ад марозаў кожны карэньчык, кожны парастак, калі прамярзаюць да апошняй пушынкі ў голым суччы птушыныя гнёзды, якія летам хаваліся ў густым лісці, а цяпер адны толькі і засталіся на распранутых дрэвах.
У холад і ў спёку, у дождж і пасля дажджу, удзень і ўночы, з ветрам і без ветру, маладзіком і ў поўню, летам і зімой – заўсёды прыгожы ён, наш родны, наш любы край.  Тут кожнае дрэўца дыхае знаёмым водарам, у кожным спеве птушак і журчанні ручайка ўгадваецца гучанне матчынай песні. І трава тут больш мяккая, і неба больш высокае, і сонца, здаецца, свеціць ярчэй. Усё гэта – мая Радзіма, мая Беларусь.
Добра, што я нарадзілася ў Беларусі. Яе лугі, палі і рэчкі –  прасторы майго дзяцінства! Як можна не любіць ўсё гэта? Як ласкавае сонца сагравае немаўля, так і думкі пра  Беларусь саграваюць мой слых, радуюць позірк, мацуюць мары і спадзяванні.
Я вітаю цябе, мой край! Ні я, ні ты не зможам адзін без аднаго, як не зможа лісток без дрэва, птушка без крылаў, зямля без неба. Жыццё без Радзімы і веры немагчыма. І таму  цвёрда ведаю адно: толькі пад небам Бацькаўшчыны я змагу знайсці сваё месца, раскрыць свае здольнасці, творчай працай прынесці найбольшую карысць грамадству і адчуць сябе па-сапраўднаму шчаслівай. Я прыкладу ўсе намаганні, каб стаць дастойным грамадзянінам нашай Беларусі.
Яўгенія ЗАСУХІНА,
вучаніца 11 “А” класа СШ №9
імя Героя Савецкага Саюза Г.М. Халасцякова,
г. Баранавічы.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Першай сярод абласцей рэспублікі Брэстчына падвяла вынікі работы сістэмы адукацыі

Следующая запись

З узнагародай!