Маладзёжны мерыдыян
ПІСЬМО ДЗЕДУ МАРОЗУ
У школах вобласці праходзіць сумесная акцыя РУП “Белпошта” і ўпраўлення адукацыі абл-выканкама.
У школьным раскладзе з’явіліся ўрокі пісьма на тэму “Мае пажаданні Дзеду Марозу”. Пісаць лісты зімоваму чараўніку можна да 20 снежня. Потым паштавікі перададуць іх адрасату ў Белавежскую пушчу.
НА СВАЕ ВОЧЫ
Са студэнтамі БрДУ імя А.С. Пушкіна і актывам абкама ГА “БРСМ” сустрэліся прадстаўнікі сацыял-дэмакратычнай партыі Аўстрыі, члены таварыства аўстрыйска-беларускага сяброўства.
Асноўнай тэмай гутаркі стала сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў Беларусі. Госці пабывалі таксама на спартыўных, гандлёвых і гістарычных аб’ектах горада – на свае вочы пераканаліся, што “імідж”, які зараз актыўна навязваецца заходнімі СМІ, не адпавядае рэчаіснасці.
ПА ЗАКЛІКУ СЭРЦА
З удзелам лепшых валанцёраў вобласці ў Брэсце прайшла прэс-канферэнцыя, прымеркаваная да Міжнароднага дня валанцёра.
Амаль у тры разы за апошнія пяць год павялічылася на Брэстчыне колькасць валанцёраў Чырвонага Крыжа. Сёння ў радах абласной арганізацыі БТЧК добраахвотна справамі міласэрнасці і прафілактыкі займаюцца больш за 2300 чалавек, а да моладзі сталі далучацца і людзі старэйшага ўзросту. Асаблівасцю валанцёрскага руху ў нашым рэгіёне можна назваць актыўны ўдзел у міжнародных праграмах, а таксама распрацоўку і рэалізацыю сацыяльных міні-праектаў.
АРТ-ПРАЕКТ
Музычна-паэтычная імпрэза “Арт-праект у Доме Грыбаедава” прайшла ў Цэнтры культуры і адпачынку Паўднёвага гарадка Брэста.
Творчы вечар аб’яднаў таленавітую моладзь, якая паказала сябе ў розных відах мастацтва. Вершы маладых берасцейцаў чаргаваліся з выступленнямі музычных каманд “Спрат” (г. Брэст), “Чып і Дэйл” і “GreenPills” (г. Мінск). Паэтычна-песеннае дзейства суправаджалі кароткаметражныя стужкі беларускіх рэжысёраў.
ПЛАКАТ СУПРАЦЬ СНІДУ
У абласным Цэнтры мала-дзёжнай творчасці прайшла выстава плакатаў конкурсу “Небяспека – СНІД”.
Журы ацаніла 270 работ школьнікаў і студэнтаў. Лепшыя былі выстаўлены ў абласным ЦМТ. Сярод студэнцкіх работ 1-е месца атрымаў плакат навучэнца Пінскага дзяржаўнага індустрыяльна-педагагічнага каледжа Ігара Рудовіча, а сярод школьнікаў перамагла Хрысціна Мохар, вучаніца гімназіі №2 г. Пінска.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.