Дэлегаты XXXXI з’езда БРСМ дзеляцца ўражаннямі…
… і робяць вывады
Каля 100 берасцейцаў прынялі ўдзел у форуме, які прайшоў у Мінску напрыканцы мінулага тыдня. Сярод іх – кіраўнікі раённых, гарадскіх і абласнога камітэтаў, прадстаўнікі пярвічных арганізацый, актывісты суполкі.
– На з’ездзе мы падвялі вынікі работы, – расказаў першы сакратар абкама ГА “БРСМ” Віктар ФІСЮК. – Вызначаныя раней задачы паспяхова выкананы, пастаўлены новыя. Цяпер асноўная наша мэта – данесці іх да ўсіх членаў аб’яднання праз работу ў пярвічках. Падчас свайго выступлення на з’ездзе Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што БРСМ з’яўляецца генератарам ідэй для ўсёй краіны. Гаворка ішла пра больш цеснае супрацоўніцтва з іншымі структурамі, пра тое, каб дэлегіраваць моладзі некаторыя паўнамоцтвы. Упэўнены: з такім зачынам зможам многае.
Свае прапановы маладыя выказалі праз рэалізацыю праекта “100 ідэй для Беларусі”. Нагадаем, што распрацоўка навучэнцаў Брэсцкага дзяржаўнага каледжа чыгуначнага транспарту ўвайшла ў дваццатку лепшых у рэспубліцы. Свае праекты брастаўчане прадэманстравалі на прэзентацыйнай выставе. У рабоце сфармуляваны не толькі канкрэтныя прапановы па ўдасканаленні сістэмы складоў часовага захоўвання, але і абгрунтавана перспектыва прыцягнення інвестыцый у яе развіццё.
– З’езд праходзіў у новым, нетрадыцыйным фармаце, – падзялілася ўражаннямі другі сакратар абкама ГА “БРСМ” Таццяна ВЕНСКО. – Упершыню не было прэзідыума. Думаю, што такі зададзены маладзёжны настрой павінен перанесціся цяпер і ў работу на месцах. Вельмі ўразіла праграма, асабліва запомнілася прэзентацыя дзейнасці БРСМ у тэатралізаванай форме. Ярка, цікава, насычана і, што немалаважна, вельмі інфарматыўна прайшоў гэты форум.
Першы сакратар ЦК ГА “БРСМ” Ігар Бузоўскі, расказваючы аб поспехах аб’яднання і планах на будучыню, звярнуўся да Кіраўніка дзяржавы адразу з некалькімі просьбамі-прапановамі: дапамагчы арганізаваць сваю канцэртную пляцоўку на “Славянскім базары”, звесці да мінімуму бюракратычныя перашкоды пры рабоце з праблемнымі сем’ямі і самае галоўнае – даць магчымасць моладзі больш працаваць. Ужо з трыбуны Аляксандр Лукашэнка даў даручэнне Ураду вырашыць праблему занятасці моладзі.
– У адрозненне ад папярэдніх з’ездаў, а іх на маім рахунку тры, цяпер сапраўднай фішкай стала правядзенне дабрачыннай акцыі “Усе фарбы жыцця для цябе”, – расказаў Васіль ГАРКАВЫ, хірург паліклінікі №3 г. Баранавічы. – Усе сабраныя грошы пойдуць на дапамогу хворым дзецям. У рамках акцыі прайшоў таксама і дабрачынны канцэрт. Спадзяюся, што гэта стане добрай традыцыяй.
Брэсцкая дэлегацыя прыняла актыўны ўдзел у абмеркаванні перспектыў дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. Было што сказаць нашым землякам. Вельмі важна, што ўдзельнікі маглі абмяняцца вопытам, пазнаёміцца і з карысцю правесці час на мерапрыемствах культурнай праграмы.
– Упершыню трапіў на рэспубліканскі з’езд і застаўся пад прыемным уражаннем, – прызнаўся карэспандэнт раённай газеты “Кобрынскі веснік” Раман МЕЛЬНІК. – Грунтоўна былі вызначаны кірункі работы ў ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі, яе ўдзелу ў эканамічным развіцці краіны. Уразіла выступленне Аляксандра Лукашэнкі і асабліва тое, што многія з агучаных праблем былі вырашаны, як кажуць, на месцы.
На з’ездзе была дадзена станоўчая ацэнка работы Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Новыя планы і задачы дакладна акрэслены, і пакуль няма падстаў сумнявацца, што яны зноў будуць выкананы на “выдатна”. У дзяржавы на моладзь – асаблівая надзея, гэта думка стала лейтматывам выступлення Кіраўніка дзяржавы. Пасля такіх слоў ну ніяк нельга не апраўдаць чаканні!
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”.
Фота з архіва
абкама ГА “БРСМ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.