Пачаўся прыём дакументаў для паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы
Нясіце дакументы!
У Беларусі пачаўся прыём дакументаў для паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.
Цяпер абітурыентаў чакаюць дзяржаўныя ВНУ, а прыватныя адукацыйныя структуры сёлета запрашаюць прыйсці ў канцы ліпеня. Для таго, каб не ўпусціць час, варта зверыць тэрмін падачы дакументаў і іх пералік менавіта на абраную спецыяльнасць у прыёмнай камісіі ўніверсітэта.
Вёска шукае ўладара
Учора ў Баранавіцкім раёне стартавала акцыя “Уладар сяла”.
Вяскоўцы пачалі падрыхтоўку да конкурсаў сярод падвор’яў, умення ладзіць гаспадарку і ведання нацыянальных традыцый. Нягледзячы на летнюю занятасць сялян, жадаючых паспрачацца за прэстыжны тытул і выхад у абласны тур спаборнітцва ўжо шмат. Хто хоча стаць удзельнікам конкурсу, можа звяртацца ў раённы камітэт ГА “БРСМ”.
Першынство коннікаў
У Брэсце прайшло першынство вобласці па конным спорце сярод моладзі.
20 юнакоў і дзяўчат спаборнічалі ў пераадольванні перашкод на пяці маршрутах. Пераможцамі ў сваіх намінацыях сталі: Уладзіслаў Юхно, Ігар Наварыч, Раман Касцецкі, Марат Хісамутдзінаў з Брэста; Дар’я Хвалюк, Алена Калянковіч, Ігар Цыбікаў з Астрамечава (Брэсцкі раён), а таксама Валерый Коўш з Агарэвіч (Ганцавіцкі раён).
На Ямале
19 студэнтаў і 1 выкладчык БрДТУ адправіліся працаваць у пасёлак Баваненкава на Ямале.
Байцы студатрада задзейнічаны ў пракладцы дарог. Студатрадаўцы пярвічнай арганізацыі ГА “БРСМ” ва ўніверсітэце добра зарэкамендавалі сябе ў мінулых працоўных семестрах, таму сёлета ў складзе вялікай групы яны працуюць за мяжой. У Брэст моладзь вернецца 20 верасня.
Бронзавыя стрытбалісты
Рэспубліканскі этап спартакіяды па стрытболе івацэвіцкія юнакі паспяхова прайшлі.
Каманда, якую на працягу пяці год трэніруе настаўнік фізкультуры СШ №1 Сяргей Глушэня, заняла трэцяе месца. Бронзавымі прызёрамі сталі Мікалай Падайка і Максім Бахур са школы №3, Аляксандр Тысевіч, Яўген Тысевіч і Яўген Басалай з 1-й школы.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.