Беларусь

  • Главная
  • Навiны
  • На Белым возеры працаваў вучэбны лагер “Добрае сэрца”

На Белым возеры працаваў вучэбны лагер “Добрае сэрца”


На працягу трох дзён на базе адпачынку вучылішча алімпійскага рэзерву валанцёры атрадаў міласэрнасці грамадскіх аб’яднанняў “БРСМ” і “БРПА” разам з членамі арганізацыі “Дзеці ў бядзе” адпачывалі і вучыліся. За час існавання лагера ў ім пабывала не адна змена падлеткаў, якія неабыякава адносяцца да праблем равеснікаў. Весела бавяць вольны час у кампаніі валанцёраў, забыўшы пра хваробу, дзеці з анкалагічнымі хваробамі. Ёсць і тыя, хто прыязджае сюды некалькі год запар.
З 2005 года ніводнага заезду не прапускае Дзмітрый Шэшук. Будучы праграміст вучыцца на чацвёртым курсе БрДТУ, але ў вольны час імкнецца не проста адпачыць, а дапамагчы тым, хто мае ў гэтым патрэбу. Як прызнаўся юнак, зносіны з аднадумцамі і хворымі дзецьмі дапамагаюць пераацаніць жыццёвыя каштоўнасці, якія навязвае сучаснае грамадства.
– Для дзяцей вельмі важна адчуваць прыналежнасць да суполкі, – разважае Святлана Мірчук, старшыня абласной піянерскай арганізацыі, начальнік лагера. – Тут яны з’яўляюцца адзіным цэлым і навокал не існуе ніякіх праблем і абмежаванняў. Насычаная праграма лагера зацікавіла і аматараў інтэлектуальных гульняў, і юных спартсменаў. Ды і атмасфера прымушае забыцца пра гарадскую мітусню. Тым больш, што жывуць дзеці ў сапраўдных ваенных палатках, з якімі нам дапамагае 38-я асобная гвардзейская Венская Чырванасцяжная мабільная брыгада. Штучны антураж, створаны пры дапамозе ваенных, дае магчымасць адчуць сябе часткай нейкага адзінага тэматычнага дзейства, сцэнарый якога да апошняга застаецца невядомым яго ўдзельнікам. А калі дзецям падабаецца і яны хочуць сюды вярнуцца, дык значыць недарэмна мы стварылі гэты лагер.
Сёлета ўпершыню ў “Добрае сэрца” прыехалі госці з Лунінеччыны – першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Святлана Максімчык і валанцёр Ірына Сталярова. Нягледзячы на тое, што і ў Лунінецкім раёне ёсць сваё Белае возера, дзяўчаты засталіся зачараваныя прыгажосцю тутэйшых азёр і на “выдатна” ацанілі падрыхтоўку брэсцкіх арганізатараў.
Гаспадары лагера паклапаціліся пра тое, каб у дзяцей не было часу сумаваць. Яны правялі інтэлектуальную гульню “Што?Дзе?Калі?”, спаборніцтвы па дартсе, творчыя майстэрні, ролевую гульню “Схватка”, вечар паэзіі, шоу-праграму талентаў “Стварай дабро” і шмат іншых цікавых мерапрыемстваў.
У кожным лагеры ёсць свае традыцыі, але адна з іх абавязкова прысутнічае паўсюль. Песні пад гітару гучалі ў гэтыя дні на Белым возеры. Пра жыццё, першыя пачуцці, перажыванні і абавязкова пра сяброўства, дзеля якога і адкрывае свае дзверы штогод “Добрае сэрца”.
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”,
Брэсцкі раён.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля