Беларускі дудар
I. Вечны абаронца
– Дудка грае – ён жывы.
Віктар Шніп.
Дарога, лёгкай стужкаю бяжы,
Каб нас завесці да заходу сонца
Туды, дзе жыў Паэт,
Дзе заслужыў
Сабе найменне – вечны абаронца.
Мацею Бурачок, ты ад сялянскіх ніў.
Абшар палескі, цёмны і забіты,
Ты дудкай беларускай абудзіў
І даказаў: край Богам не забыты.
Мінае час,
І колькі на Парнас
Узлезла то пыхлівых, то ціхуткіх.
Прайшло сто год, як ты пайшоў ад нас.
Пайшоў ад нас, але іграе дудка…
II. Памаліся, бабулька…
Маліся ж, бабулька, да Бога,
Каб я панам ніколі не быў.
Францішак Багушэвіч.
Ты, бабулька, малілася многа,
І дайшлі твае словы да Бога,
Бо я панам ніколі не быў:
Цяжка крочыў жыццёвай дарогай,
Не зрабіў для народа благога,
Але й славы сабе не здабыў.
Сёння ў чэргі пасталі па славу
Шмат паноў і падпанкаў, хто правіў,
Хто бяздушна абкрадваў народ,
Хто адрокся ад роднае мовы,
Праўду хто падмяніў пустаслоўем, –
І вялікі, і дробненькі зброд.
З імі мне не было па дарозе.
Калі раптам прылягу ў знямозе,
Ці прыдушаць бяда і прымус,
Я не стану прасіць больш нічога:
– Памаліся, бабулька, да Бога
За мяне і маю Беларусь!
III. Слова роднае
Не пакідайце ж мовы нашай
беларускай, каб не ўмёрлі!..
Францішак Багушэвіч.
Ці не памерла наша памяць?
Калі жыве, чаму ж тады
Слоў чужародных злая замець
Зноў аддаляе на гады
Нас ад таго, што ёсць Айчына,
Дзе мілы кут, адкуль твой род,
Дзе нам забыцца немагчыма
Пра беларусаў – той народ,
Што ў працы не прывык лайдачыць
І край умела бараніў…
Тут разумееш, што ты значыш,
Якія маеш карані…
Між двух народаў ці не зблудзіш –
Ні расіянін, ні паляк?
Вось слова роднае забудзеш,
Як будзеш жыць?
Скажы мне, як?..
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.