Беларусь

У Міжнародны дзень роднай мовы адспявала-адгуляла свята “Жывыя вытокі”


У Міжнародны дзень роднай мовы адспявала-адгуляла свята “Жывыя вытокі”
Нагод для яго правядзення было больш чым дастаткова: Год кнігі ў Беларусі, 130-годдзе з дня нараджэння класікаў-юбіляраў Янкі Купалы і Якуба Коласа, яшчэ адна круглая дата ў Максіма Танка – 100-годдзе з дня нараджэння і, безумоўна, Міжнародны дзень роднай мовы, заснаваны ЮНЕСКА ў 1999 годзе ў памяць пра студэнтаў, якія загінулі ў Бангладэшы, абараняючы права навучацца на роднай мове.
Адкрывала свята, якое праходзіла ў абласным грамадска-культурным цэнтры, кніжная выстава “Свята слова расправіла крылы”, падрыхтаваная супрацоўнікамі абласной бібліятэкі імя М. Горкага і Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея. Самыя “смачныя”, як кажуць кнігалюбы, і ўнікальныя выданні прадставілі яны са сваіх фондаў-скарбніц. 12 прыжыццёвых выданняў твораў Якуба Коласа суседнічалі з кнігай, у якой пакінуў свой аўтограф Міцкевіч-малодшы – Міхась Канстанцінавіч, дарэвалюцыйныя рарытэтныя фаліянты з  “ёр” і “яць”, а побач – самая старажытная кніга краязнаўчага музея  “Зборнік эпітафій” з бібліятэкі Сапегаў у Ружанах, якая датуецца XVII стагоддзем.
Някідкія знешне, тоненькія, некаляровыя кніжкі на жоўтай паперы “чаплялі”  годам выдання – 1943-1945 гг.  Аказваецца, у час Вялікай Айчыннай вайны чыталі і выдавалі… “Энеіду навыварат”! Міжволі хочацца пагадзіцца са словамі начальніка ўпраўлення культуры аблвыканкама Рыгора Бысюка, што “ўсё жыццё нас суправаджае кніга. І, хто ведае, можа, пасля Года кнігі ў нашай краіне будзе 10-годдзе кнігі, а там і 100-годдзе…”
Выступленнямі старшыні абласной арганізацыі Беларускага саюза журналістаў Георгія Тамашэвіча і пісьменніцы Зінаіды Дудзюк пачалася паэтычна-музычная вечарына. Народныя калектывы змянялі адзін аднаго на сцэне, цвіла папараць-кветка,  гучала беларуская мова. Цудоўным падарункам гледачам  стала тэатралізаваная пастаноўка па матывах паэмы Янкі Купалы “Адплата  кахання”, выступленні ўзорнага фальклорнага калектыву “Верабейкі” з Любанскага раёна Мінскай вобласці, баранавіцкага народнага гурта вандроўных музыкаў “Фэст”… Потым сцэну аддалі маладым артыстам, якія  змагаліся за перамогу ў абласным туры Рэспубліканскага конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні XII  Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі.  Ну, а фінальным акордам святочнага марафону стала этнадыскатэка.
Сапраўды, у гэты дзень беларуская мова гучала напоўніцу: са сцэны, са старонак кніг, з вуснаў гасцей і гаспадароў свята. Але шкада, што не ўсе словы адданасці і любові да матчынай мовы прамаўлялі… па-беларуску.
Алёна САЦУТА, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля