Беларусь

Маладыя медыкі папоўнілі кадравы склад вобласці


Берасцейскія медыкі заўсёды сардэчна сустракаюць маладыя кадры. Па добрай традыцыі для папаўнення ўстаноў аховы здароўя абласнога цэнтра і Брэсцкага раёна ладзяць урачыстае пасвячэнне ў прафесію. Сёлета ўжо трэці раз мерапрыемства прайшло на свяшчэннай зямлі крэпасці-героя. 7 верасня на  плошчы Цырыманіялаў сабралася паўтары сотні чалавек. Павіншавалі маладых спецыялістаў галоўны ўрач Брэсцкай цэнтральнай гарадской паліклінікі Мікалай Красоўскі, начальнік аддзела па справах моладзі гарвыканкама Таццяна Барышчык. Блаславіў паслядоўнікаў Гіпакрата на высакароднае служэнне людзям клірык Свята-Мікалаеўскага гарнізоннага сабора айцец Андрэй Дулько.
Хвалюючым стаў момант абвяшчэння наказу маладым медыкам. Старэйшыя таварышы заклікалі іх быць адданымі абранай прафесіі і годна служыць медыцыне, робячы ўсё дзеля жыцця. Потым кожны атрымаў тэкст наказу, падарункі на памяць. Цырымонію пасвячэння прайшлі 144 выпускнікі ВНУ, сярэдніх медыцынскіх устаноў.
– У шэрагі маладых спецыялістаў Брэста і раёна ўліліся  47 урачоў і 78 медыцынскіх сясцёр і фельчараў, – гаворыць Мікалай Красоўскі. – Радуе, што мы атрымалі спецыялістаў вузкіх спецыялізацый: афтальмолагаў, траўматолагаў, педыятраў, неўролагаў, акушэраў-гінеколагаў. З’явілася магчымасць даўкамплектаваць кадрамі ўрачэбныя амбулаторыі ў Знаменцы і Астрамечаве. Папоўніліся шэрагі медсясцёр. Настрой выдатны, і мы разлічваем, што маладыя медыкі падтрымаюць добрыя традыцыі медыцыны нашага горада і раёна.
Дзмітрый ШЫФЯРШТЭЙН, студэнт БрДУ імя А.С. Пушкіна.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля