Заўтра ўвечары падвядуць вынікі XVI Міжнароднага тэатральнага фестывалю “Белая вежа-2011. Час кахаць!”

Заўтра ўвечары падвядуць вынікі XVI Міжнароднага тэатральнага фестывалю “Белая вежа-2011. Час кахаць!”

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Першымі ў рамках сёлетняга тэатральнага свята на сцэну выйшлі самі гаспадары. Брастаўчане прадэманстравалі сваю версію хрэстаматыйнай п’есы Янкі Купалы “Раскіданае гняздо” ў аднайменнай пастаноўцы Уладзіміра Савіцкага.
Кранальны і надзвычай пранізлівы спектакль гарманічна ўпісаўся ў фестывальную афішу. Былы “купалавец” Уладзімір Канстанцінавіч не надта адышоў ад канонаў класічнасці. У той жа час драма “Раскіданае гняздо” атрымалася вельмі сучаснай па сваёй праблематыцы. Тэма любові і кахання, дзякуючы арыгінальнай акцёрскай падачы, касцюмам, лірычным мелодыям ад трыа “Троіца”, набыла тут амаль што глабальны падтэкст.
Можна смела рэзюмаваць: творчы тандэм Уладзіміра Савіцкага і Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы папоўніў тэатральную спадчыну яшчэ адной добрай інсцэніроўкай.
Дарэчы, закранаючы пытанні арганізацыйныя: білеты на гэты беларускамоўны спектакль разляталіся з хуткасцю ветра. Па нейкай няпісанай традыцыі пачатак і завяршэнне фестывалю карыстаюцца асаблівай папулярнасцю. Адным з самых “смачных” момантаў сёлетняга форуму па версіі сапраўдных тэатральных гурманаў будзе менавіта закрыццё. Развітальным акордам брэсцкага фэсту стане камедыя “Вяселле Бальзамінава” трыумфатараў “Белай вежы-2010” пермскага тэатра “Ля моста”. Небывалы ажыятаж вакол гэтага спектакля падмацаваны ўражаннямі ад іх леташняй пастаноўкі “Калека з Інішмана”. Арганізатарам нават прыйшлося запланаваць дадатковы паказ камедыі, каб задаволіць інтарэс публікі. Ён адбудзецца 17 верасня ў 18.00.
Ні позняя ў параўнанні з мінулым годам рэалізацыя білетаў, ні эканамічны крызіс не перашкодзілі прыхільнікам Мельпамены зноў адчуць прыемную фестывальную мітусню. Брастаўчане аператыўна “размялі” білеты і на самы дарагі спектакль гэтай восені “Мірандаліна” маскоўскага тэатра “Ля Нікіцкіх варот” коштам ад 70 тысяч рублёў. А што да танных забаў, якімі па праве лічацца вулічныя спектаклі, дык у іх таксама не будзе дэфіцыту.
Увогуле, з 9 па 16 верасня сведкамі фестывальных феерый стануць дзесьці 15 тысяч чалавек. Таксама арганізаваны выязныя паказы за межамі абласнога цэнтра – у Кобрыне і Івацэвічах. Ну, а гасцінныя гаспадары чакаюць ад мерапрыемства, як заўжды, сапраўднага свята з усімі яго атрыбутамі: гучнымі апладысментамі, шчырымі эмоцыямі, крэатыўнымі эксперыментамі, даследаваннямі, яркімі асобамі. Вельмі сімвалічна, што фестывальная афіша сёлета прысвечана тэме кахання. Менавіта гэтае пачуццё арганізатары заўжды прагнуць раздзяліць з гледачамі. І шчыра спадзяюцца, што яно абавязкова будзе ўзаемным. Па добрай традыцыі…
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Два берасцейцы ўзнагароджаны ганаровымі знакамі “За адзнаку ў ахове правапарадку”

Следующая запись

Аджыка: танны варыянт!