Беларусь

Адбыўся прэм’ерны паказ патрыятычнай драмы “Брэсцкая крэпасць”


Памятная дата 22 чэрвеня кожны год нагадвае пра боль, горыч і страх, пра нявінную кроў, якая лілася ракой, – пра ўсё тое, на чым зараз грунтуецца наша бестурботнае існаванне, наша мірнае дыханне і спакойны сон. Не дзіўна, што менавіта ў гэты дзень, а дакладней – ноч, стваральнікі фільма “Брэсцкая крэпасць” прадэманстравалі плён сваёй працы ў горадзе над Бугам. На прэм’еру прыйшлі ветэраны вайны, міністры сілавых структур Беларусі, Расіі, Украіны і іх намеснікі, кіраўніцтва вобласці на чале з Канстанцінам Сумарам, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, удзельнікі цягнікоў “Памяць” з Масквы і Санкт-Пецярбурга, а таксама журналісты беларускіх і расійскіх СМІ.
Генеральны прадзюсар кінастужкі Ігар Угольнікаў прызнаўся, што ідэя фільма з’явілася невыпадкова: кіраўніка Тэлерадыёвяшчальнай арганізацыі Саюзнай дзяржавы натхніла кніга Сяргея Смірнова пра адважных абаронцаў Брэсцкай крэпасці, якую калісьці даў пачытаць бацька. Сумесны праект студый “Беларусьфільм” і “Цэнтрал Партнёршып” здымалі ля сцен вядомай цытадэлі. Таму лагічна, што прэм’ерны паказ таксама прайшоў тут.
Гледачы занялі свае месцы ў імправізаванай зале каля Тэрэспальскіх варот, патухлі пражэктары, і … пачалася вайна. На экране. Але прысутныя добра разумелі і адчувалі гістарычныя перадумовы кінастужкі.
Па словах дырэктара мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” Валерыя Губарэнкі, які падчас здымак выконваў абавязкі галоўнага кансультанта фільма, карціна цалкам рэканструіруе тыя трагічныя падзеі, поўныя адчаю і слёз, гэта зусім не мастацкая выдумка, а дакументальна зафіксаваныя факты. Магчыма, менавіта таму стужка глядзіцца на адным дыханні і пранізвае наскрозь непадробнай сапраўднасцю.
Рэжысёр Аляксандр Котт удала перадаў на экране атмасферу роспачы і жаху, бязвыхаднасці і цярпення. Самаахвярнасць абаронцаў крэпасці, якія прынялі на сябе першы ўдар нямецка-фашысцкіх захопнікаў 22 чэрвеня 1941 года, яшчэ раз падкрэсліла выдатная акцёрская падача. Па сюжэце дзеі разгортваліся вакол трох галоўных участкаў супрацьстаяння, адным з якіх кіраваў камандзір палка Пётр Гаўрылаў (Аляксандр Коршунаў), другім – камісар Яфім Фамін (Павел Дзеравянка), трэці ўзначальваў начальнік 9-й пагранічнай заставы Андрэй Кіжаватаў (Андрэй Мярзлікін). Праз прызму ўспрымання выхаванца гарнізона Сашкі Акімава (Алёша Капашоў), прататыпам якого быў пятнаццацігадовы Пеця Клыпа, гледачы перажывалі вайну.
Эмацыянальна моцная кінастужка нікога не пакінула абыякавым, убачанае на экране літаральна кранала за жывое. Раз за разам на вочы наварочваліся нястрымныя слёзы, але ў сэрцы нарастала пачуццё гонару за подзвіг мужных абаронцаў Брэсцкай крэпасці, за іх вялікую любоў да Радзімы. Хвілінай маўчання запрошаныя аддалі даніну памяці сваім героям – рэальным, што змагаліся да апошняга, аб чым яскрава сведчыў сімвалічны надпіс на сцяне аднаго з казематаў “Паміраю, але не здаюся”.
Калі на экране згаслі цітры, здымачная група разам з уражанымі гледачамі спусцілася да Буга, каб набраць вады ў вайсковыя фляжкі, якія гасцям падарылі перад прэм’ерай. Ваду няслі да манумента “Смага”, а потым вылівалі ў каску невядомага салдата. Кожны змог падарыць кропельку выратавальнай вільгаці, аб якой так марылі ў свой час бессмяротныя абаронцы цытадэлі…
А на світанку распачаўся ўрачысты мітынг і канцэрт-рэквіем “Вахта памяці”. Яго кульмінацыяй стала сусветная прэм’ера кантаты “Брэсцкая крэпасць” расійскага кампазітара Антона Лубчанкі. Да Вечнага агню ўскладалі кветкі, па рацэ пускалі вянкі з запаленымі свечкамі, дзякавалі ветэранам.
Але ўражанні ад фільма ні з чым нельга было параўнаць – такое не забываецца. Нездарма ж Прэзідэнт Беларусі, які прысутнічаў на перадпрэм’ерным паказе “Брэсцкай крэпасці” ў Мінску, назваў кінастужку своечасовай, асабліва з улікам апошніх перагавораў з расійскім кіраўніцтвам, у якіх усё часцей і часцей гучыць слова “прагматызм”.
“Адносіны дзяржаў і народаў вымяраюцца не кубаметрамі газу і тонамі нафты, пошліннымі ці бяспошліннымі. Трэба памятаць, што мы разам абаранялі, – падкрэсліў Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. – Хацеў бы, каб масавы глядач хутчэй убачыў гэта выдатнае кіно. Трэба памятаць, што было ў нашай гісторыі”…
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля