Беларусь

Малады і мэтанакіраваны


Малады спецыяліст Аляксандр Садчанка прагна пераймае вопыт старэйшых калег.
Пінчанін Аляксандр Садчанка трапіў у СВК “Любішчыцы” Івацэвіцкага раёна па размеркаванні. Хлопец зусім нядаўна зрабіў першыя крокі ў практычным засваенні прафесіі – у гаспадарцы ён трэці месяц. Універсітэцкія аўдыторыі, лекцыі, іспыты засталіся ў мінулым. Цяпер малады спецыяліст пройдзе выпрабаванні на сталасць.
У гаспадарцы новага работніка, які заняў вакантную пасаду галоўнага інжынера, сустрэлі прыязна. Чаканага “госця” забяспечылі жыллём, выдзелілі асобны кабінет, які ён адразу ж старанна ўладкаваў, забяспечыў неабходнымі для справы рэчамі і дакументамі.
СВК “Любішчыцы” – прадпрыемства хоць і перспектыўнае, але патрэбнасць у кадрах час ад часу ўзнікае. Праблема ў тым, што сярод маладых цяжка знайсці тых, хто без шкадаванняў прамяняў бы агні вялікага горада на дрымотную цішыню вясковай вуліцы. Добра ведаюць у гаспадарцы: за вушы маладых не прыцягнеш. Зацікавіць можна толькі спрыяльнымі ўмовамі для работы, стабільнай зарплатай, перспектывамі кар’ернага росту.
У родным Пінску Аляксандр Садчанка скончыў дзяржаўны гідрамеліярацыйны каледж імя А. Кляшчова. Вышэйшую адукацыю мэтанакіраваны юнак атрымліваў ужо ў сталіцы. Беларускі дзяржаўны аграрна-тэхнічны ўніверсітэт якраз абвясціў набор на новы факультэт, які пакуль што з’яўляецца адзіным у рэспубліцы па падрыхтоўцы кваліфікаваных інжынерных кадраў для агратэхнічнага сэрвісу сельскай гаспадаркі. Аляксандру спадабалася спецыяльнасць “Рамонтна-абслугоўваючая вытворчасць у сельскай гаспадарцы”, якая таксама была абсалютна эксклюзіўнай для навучальнай установы. Звязаць жыццё менавіта з такой дзейнасцю здавалася лагічным – працы малады чалавек не баяўся. А практыка ў аграпрамысловым комплексе падчас вучобы падмацавала ўпэўненасць: кірунак выбраны правільна. Таму хлопец, трапіўшы ў СВК “Любішчыцы”, не рваўся да дому, а стараўся як мага больш даведацца аб тым, што цяпер будзе складаць яго паўсядзённасць.
Кожны новы дзень маладога спецыяліста пачынаецца на світанку, а заканчваецца часам з першымі зоркамі. Калі тэхніка працуе спраўна, хвалявацца практычна няма чаго. Але такое бывае рэдка. У асноўным Аляксандр распрацоўвае дакументацыю на рамонт сельгасмашын, знаходзіць і заказвае неабходныя дэталі, дбае пра тэхніку бяспекі на прадпрыемстве. Выхадных амаль што не бывае, таму вольную хвілінку даводзіцца выкройваць пасля працы. Але на занадта напружаны графік не наракае, у параўнанні з аднакурснікамі, лічыць хлопец, яму пашанцавала: і зарплата нядрэнная, і добрыя адносіны з боку кіраўніцтва і старэйшых калег паднімаюць настрой.
– Самае важнае тое, – расказвае Аляксандр Садчанка, – што ў гаспадарцы можна шмат чаму вучыцца, практыкавацца ў тым, аб чым раней нават уяўлення не меў. У “Любішчыцах” я, безумоўна, атрымаю багаты вопыт, які спатрэбіцца ў жыцці. Тут працуюць сапраўдныя майстры сваёй справы, таму перад вачамі заўжды выдатныя прыклады старэйшых калег. Дарасці да іх узроўню – азначае пацвердзіць свой дыплом на “выдатна”. Пакуль я ў статусе маладога спецыяліста, усё яшчэ здаецца не такім сур’ёзным, як яно ёсць насамрэч. Ды праз два гады адказнасць ужо адчуецца ў поўнай меры.
Як і ўсе маладыя, Аляксандр плануе сваё будучае, прымярае на сябе ўдалыя варыянты і магчымыя перспектывы. Ці застанецца ён у сельгаспрадпрыемстве, дзе пачаў свой працоўны шлях, час пакажа. А пакуль што малады спецыяліст старанна выконвае свае абавязкі, адказна падыходзіць да любога даручэння. Відавочна: хлопец – на сваім месцы і праца ў гаспадарцы пераважна радуе яго.
– У першыя дні Аляксандр з уласцівымі маладым цікаўнасцю і азартам даследаваў поле сваёй дзейнасці, – расказала галоўны эканаміст сельгас-прадпрыемства Лілія Мазур. – Ён гатовы быў ухапіцца за любую справу, здавалася, запалу і энергіі гэтага хлопца няма канца краю. Добра было б, каб застаўся тут, ажаніўся, мы і з будаўніцтвам уласнага жылля дапамаглі б…
Хто ведае: можа, менавіта так і атрымаецца.
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”,
Івацэвіцкі раён.
Фота Юрыя МАКАРЧУКА

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля