Дзе трое, там і чацвёртаму месца знойдзецца
Гэтую сям’ю з каля двухсот мнагадзетных у Альшанах мне прапанавалі невыпадкова. Па-першае, сказалі ў сельскім Савеце, яна – маладая: гаспадыні яшчэ і трыццаці няма, а гаспадару – 32. Па-другое, у іх тры сваіх дзяўчынкі, якія разам з бацькамі чакаюць у хуткім часе прыбаўлення, і прыёмны хлапчук. Згадзіцеся, далёка не кожная сям’я, якая мае столькі сваіх дзяцей, бярэ на выхаванне яшчэ і некім пакінутых у дзіцячым доме.
Што штурхнула Сімановічаў на такі высакародны ўчынак і хто стаў яго ініцыятарам? Адказаць канкрэтна на гэтыя пытанні ні Іна, ні Уладзімір не змаглі. Проста аднойчы яны пабывалі ў дзіцячым доме ў Брэсце, дзе ім абодвум вельмі спадабалася адна дзяўчынка. Жаданне ўзяць яе ў сваю сям’ю, даць ёй сапраўдную бацькоўскую любоў у кожнага ўзнікла само па сабе. Яно было нічым не абгрунтаванае і ішло аднекуль з глыбіні душы. Гэтую дзяўчынку і хацелі напачатку ўзяць на выхаванне, але яе чамусьці не далі. Іна спадзяецца, што малая ўсё ж знайшла сваё дзіцячае шчасце ў іншай сям’і.
Сімановічы ад сваёй задумы не адмовіліся. І ў хуткім часе наведаліся ў Бабруйскі дзіцячы дом. Каб не выпрабоўваць лёс і не расчароўвацца, выбіраць некага з яго насельнікаў яны не сталі, а ўзялі таго, каго ім прапанавалі. Шчасліўчыкам аказаўся двухгадовы Вадзім…
Так чатыры гады таму ў сям’і, дзе ўладарыла сапраўднае жаночае царства – Іна з трыма сваімі дачушкамі, з’явіўся яшчэ адзін мужчына. Маленькага Вадзіка дзяўчынкі Сімановічаў прынялі адразу. Малыя бачылі, як пяшчотна адносяцца да яго бацька з маці, таму і самі, як маглі, стараліся ва ўсім дапамагчы яму. Прыкіпеў і хлапчук усім сваім маленькім сэрцам да новых бацькоў і сястрычак. У сілу свайго ўзросту ён, вядома ж, не разумеў тады, куды яго прывезлі і што з ім адбываецца. Яму проста было цёпла і ўтульна сярод гэтых добрых і ветлівых людзей. Ён хутка прывык да свайго становішча, па прыкладзе старэйшых Машы і Наташы стаў называць Іну і Уладзіміра мамай і татам. Але гэта было пазней…
– Калі мы ўзялі Вадзіка з дзіцячага дома, ён практычна не размаўляў, – расказвае пра хлопчыка жанчына. – Таму на працягу года вадзілі яго да лагапеда. Аднак лепшымі настаўнікамі аказаліся нашы старэйшыя дзеці. Вадзік практычна ўсё паўтараў за імі, нібы губка ўпітваў кожнае іх слова, кожны рух. І размаўляць навучыўся, у многім дзякуючы Машы з Наташай, якія пастаянна апякалі яго. Пасля быў садзік.
Немнагаслоўная маладая гаспадыня вялікага ўтульнага дома па вуліцы Чапаева ўспамінае, якую істэрыку наладзіў малы бабулі, маці Іны, калі ёй давялося падмяніць дачку ў бальніцы, куды тая трапіла з прыёмным сынам. Вадзім настолькі прывык да сваёй матулі, што ні на крок не хацеў адпускаць яе ад сябе. Відаць, недзе ў глыбіні маленькай дзіцячай душы ўсё яшчэ прысутнічаў страх, што яго могуць зноў пакінуць. І варта было Іне толькі зайсці ў палату, дзе знаходзіўся хлопчык з бабуляй, як ад дзіцячай істэрыкі і следу не засталося: мама прыйшла, значыць – усё будзе добра.
Дома Вадзік таксама стараецца больш часу быць з мамай. Асабліва любіць дапамагаць ёй на кухні.
– Не цяжка? – цікаўлюся ў Іны. – Адно гатаванне сняданкаў, абедаў і вячэр чаго каштуе! А яшчэ ж і мыццё адзення, пасцельных рэчаў, уборка ў такім вялікім доме, цяпліца. Акрамя гэтага, і астатнім дзецям увагу ўдзяліць трэба…
Маладая жанчына ўсміхаецца: “Мыццём бялізны займаецца пральная машына-аўтамат. Прыбіраць у хаце дапамагаюць дзяўчынкі, а гатаваць што на аднаго чалавека, што на шасцярых – усё роўна трэба, толькі ў большай колькасці. З цяпліцай спраўляцца дапамагае муж.”
Дарэчы, у двары Сімановічаў сёлета яна пустуе. Але не таму, што яны адмовіліся ад вырошчвання гуркоў – на наступны год у ёй зноў будзе гародніна. Вырашылі, што цяжарнай Іне патрэбна палёгка. Гаспадар і асноўны кармілец сям’і Уладзімір працуе вадзіцелем у фермерскай гаспадарцы “Вопыт”, у сезон будзе заняты на перавозцы гародніны ў Расію і не зможа дапамагчы жонцы.
Мужчына спадзяецца, што заробленых ім грошай хопіць на пражыццё. Давядзецца, праўда, на некаторы час адкласці далейшае ўладкаванне дома, але гэта не страшна. Здароўе блізкіх значна важней.
Назіраючы за мужам і жонкай Сімановічамі, прыходжу да думкі, што за час сумеснага жыцця яны навучыліся разумець адзін аднаго з паўслова. Што ў гэтым доме пануе не толькі каханне, узаемаразуменне і павага, клопат адзін пра аднаго, а яшчэ – міласэрнасць. Усё гэта прыйшло з сем’яў, у якіх яны выхоўваліся самі. Яно дапамагае ім жыць і рабіць дабро навакольным, як некалі гэта зрабілі бацькі маладой гаспадыні. Яны выхавалі ў сваёй сям’і прыёмную дзяўчынку, якая стала для Іны малодшай сястрой. Магчыма, выхаванне прыёмнага хлопчыка – гэта працяг добрай традыцыі…
Надзея ЯЦУРА, “НТ”,
Столінскі раён.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.