Беларусь

З якімі цяжкасцямі сутыкаюцца маладыя спецыялісты


Новае месца працы, новы калектыў… І без таго вялікі стрэс для маладых спецыялістаў, які дапаўняюць бытавыя праблемы, не заўжды прыемная атмасфера на працы, а таксама нявызначанасць з перспектывай на будучыню. З якімі цяжкасцямі сутыкаюцца маладыя спецыялісты ў пачатку прафесійнай дзейнасці, і як яны іх пераадольваюць?
Вольга КАЖДАНАВА, спецыяліст па сувязях
з грамадскасцю:
– Калі прыйшла працаваць у новы калектыў, не змагла пасябраваць з калегамі. Нягледзячы на тое, што работа вельмі падабаецца, напружаная атмасфера ў офісе ўплывае на настрой і самаадчуванне. Для сябе вырашыла так: буду працаваць добра і змагу даказаць, што я такі ж кваліфікаваны спецыяліст, як і мае калегі. Турбуе мяне і нявырашанасць жыллёвага пытання. Ні ў мяне, ні ў мужа на працы перспектывы пабудаваць кватэру няма. Пад ільготны крэдыт для жыхароў невялікіх гарадоў не падыходзім. Думаю, што гэтае пытанне стане рубам, калі скончыцца тэрмін майго працоўнага кантракта.
Іна ПАНАМАРЧУК, 
перакладчык:
– Сталічная вышэйшая навучальная ўстанова не размеркавала мяне на працу. Прыйшлося шукаць самастойна, але пакуль не вельмі паспяхова. Цікавыя прапановы ёсць, але праца ў большасці сваёй часовая. Часцей за ўсё, не падабаюцца ўмовы, а дакладней кажучы, аб’ём работы. Немалаважную ролю адыгрывае і заробак. Незрумелы стэрэатып, што маладым шмат грошай не трэба, здаецца, прыдумалі тыя работадаўцы, якія не хочуць іх плаціць. Лічу, што праца павінна прыносіць яшчэ і задавальненне, а калі зранку ісці на яе не хочацца, дык трэба зрабіць адпаведную выснову.
Вячаслаў НОВІКАЎ, дырэктар кадравага агенцтва (г.Брэст):
– На жаль, маладыя спецыялісты сёння не вельмі запатрабаваныя ў прыватных фірмах, асабліва адмаўляюцца ад іх паслуг на сумесных ці замежных прадпрыемствах. Работадаўцы аддаюць перавагу больш вопытным работнікам. Адразу пасля ўніверсітэта юнакам і дзяўчатам не хапае практычных ведаў. Вучыць наймальнікі не вельмі імкнуцца. Яны не зацікаўлены ў гэтым, таму што рынак працы перанасычаны кваліфікаванымі спецыялістамі.
Да нас звяртаюцца выпускнікі прыватных устаноў адукацыі, часцей тыя, якія атрымалі эканамічныя спецыяльнасці, але працаўладкаваць іх па прафесіі не атрымліваецца. Аптымальны ўзрост для паспяховага пошуку працы – 26-35 гадоў. Для моладзі, якая скончыла ўніверсітэт альбо яшчэ вучыцца, прапануем часовыя заробкі за мяжой. Аднак тым, хто плануе зрабіць кар’еру ў Беларусі, варта ўзважыць усе аргументы і, магчыма, аддаць перавагу размеркаванню. Калі вы паступілі на бюджэтную форму навучання, адвучыліся, дык чаму б не трапіць адным выстралам у двух зайцоў – атрымаць гарантаванае працоўнае месца і вярнуць дзяржаве грошы за навучанне? За гэты час і вопыт з’явіцца, і свядомае зразуменне прафесіі.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля