Чалавек слова і справы
Вяскоўцы высока ацанілі не толькі прафесійныя, але і дзелавыя якасці Наталлі Паздзяйкінай.
Загадчыца Ланской амбулаторыі агульнай практыкі Наталля Паздзяйкіна сёлета другі раз абрана дэпутатам раённага Савета дэпутатаў ад Ланской выбарчай акругі №23. А дэпутатам Олтушскага сельскага Савета жыхары вёскі Ланская, дзе жыве і працуе іх доктар, выбралі яе ў трэці раз. І гэта не даніна модзе, калі мясцовыя органы ўлады павінна прадстаўляць пэўная колькасць рабочых, калгаснікаў і інтэлігенцыі. Гэта – ацэнка яе жыццёвай пазіцыі, яе грамадскай дзейнасці.
Пачалося ж усё з прыезду сям’і Паздзяйкіных у Ланскую. Людзі з асцярогай аднесліся да жадання медработнікаў пусціць тут свае карані: муж Наталлі Анатольеўны, як і яна, – медык. Ён аказвае стаматалагічныя паслугі. Слава пра яго прафесіяналізм хутка разляцелася па раёне, і цяпер да яго едуць не толькі з вёсак Олтушскага сельсавета, але і суседніх.
Вяскоўцы спачатку пасмейваліся: маўляў, паглядзім, на колькі вас хопіць. Хапіла, і надоўга! Хоць наладжваць работу ў памяшканні амбулаторыі, якое патрабавала рамонту, было няпроста. Гэта зараз сюды прыемна зайсці: светлыя і ўтульныя кабінеты з сучасным абсталяваннем, энергазберагальныя вокны, новыя дзверы. Добраўпарадкавана тэрыторыя, агароджаная ажурнымі бетоннымі пралётамі. Усё гэта стала магчымым, дзякуючы руплівай гаспадыні гэтай установы аховы здароўя Наталлі Паздзяйкінай. Закасаўшы рукавы, разам з мужам стваралі яны нармальныя ўмовы для работы і прыёму хворых. Бывала, што дахаты вярталіся позна вечарам, навядзенню парадку прысвячалі выхадныя.
Вяскоўцы, якім даводзіцца наведвацца ў амбулаторыю часта, хутка ацанілі не толькі прафесійныя, але і дзелавыя якасці загадчыцы, яе гаспадарскую хватку. На свае вочы ўбачылі, што словы ў яе не разыходзяцца са справай. Тады да Наталлі Паздзяйкінай, выпускніцы Кемераўскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута, прыйшла сапраўдная павага. З чыёйсьці лёгкай рукі і выбралі жанчыну дэпутатам Олтушскага сельскага Савета. Людзі былі ўпэўнены: Наталля Анатольеўна годна абароніць іх інтарэсы ў мясцовым органе ўлады. І яны не памыліліся.
Нягледзячы на тое, што асноўную частку свайго часу яна прысвячае выкананню прафесійных абавязкаў, Наталля Падзяйкіна заўсёды знойдзе некалькі хвілін, каб выслухаць сваіх пацыентаў, як кажуць, і не па тэме. Доктар паспачувае, калі бабулька паскардзіцца на цяжкае жыццё, ці на тое, што дзеці забылі дарогу да бацькоўскай хаты.
Калі ж у вяскоўцаў узнікаюць праблемы, якія яны не могуць вырашыць самі, абавязкова дапаможа. Так атрымалася з устаноўкай поручняў ля ўваходу ў магазін. Пажылым людзям цяжка было падымацца па ступеньках, асабліва зімой, калі ад снегу яны станавіліся слізкімі і небяспечнымі, вось і прыйшлі яны да свайго доктара за дапамогай. Дэпутат напісала ліст у райспажыўтаварыства, поручні ўстанавілі. Вырашыла яна па просьбе сваіх выбаршчыкаў і пытанне з дадатковым заездам у Ланскую маршрутнага таксі ў нядзелю, калі студэнтам неабходна дабірацца ў райцэнтр на дызель-цягнік. Пры дапамозе Наталлі Паздзяйкінай упарадкавана работа лазні. Цяпер вяскоўцы могуць згодна з раскладам мыцца ў ёй не ад выпадку да выпадку.
Актыўная, зычлівая, Наталля Анатольеўна заўсёды ў гушчыні падзей, якія адбываюцца наўкола. Яна проста не можа інакш жыць. Такая пазіцыя жанчыны дазваляе ёй быць карыснай людзям, а яшчэ – дабівацца добрых вынікаў на рабоце. У аглядзе-конкурсе на лепшае структурнае падраздзяленне ЦРБ летась калектыў Ланской амбулаторыі заняў першае месца і ўзнагароджаны граматай.
Надзея ЯЦУРА, “НТ”,
Маларыцкі раён.
Фота аўтара
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.