У нашай сям’і ёсць традыцыя: мы пішам лісты
У нашай сям’і ёсць адна традыцыя. Нехта палічыць яе састарэлай, нават “антыкварнай”, асабліва ў наш час, калі многія ўжо не ведаюць, дзе магчыма знайсці канверт і паштовую скрыню. І, тым не менш, яна выклікае ў мяне трапяткія пачуцці, бо ў нас заведзена захоўваць старыя пісьмы.
Ці мае нейкую матэрыяльную каштоўнасць сучасны e-mail або sms? Ад такіх пасланняў нічога не застанецца праз час – ні малейшага следу. Збіраць тыя ж sms да бясконцасці не будзеш хоць бы таму, што памяць у тэлефоне абмежаваная. А пісьмы, напісаныя на паперы, ужо сталі дакументальнымі сведчаннямі часу.
Я вельмі люблю перачытваць старыя пісьмы маіх бацькоў. Гэта абсалютна неперадавальнае адчуванне. Разбіраць родны почырк, даведвацца пра ўжо знаёмыя падзеі, знаходзіць новыя эмоцыі і дапаўняць характар чалавека, рука якога калісьці пісала гэтыя лісты.
Ні з чым не параўнальны пах паперы. Радкі, такія выпуклыя на адваротным баку аркуша. Чарнільныя ніткі, стужкі, з якіх так дзіўна дакладна складваюцца сказы. Хіба гэта можа не захапляць?
Раней напісанне ліста ператваралася ў цэлы рытуал. Немагчыма было напісаць пісьмо “проста так”. Чарніліца, пёры асаблівага вырабу, спецыяльныя прамакаткі…
Папера. Некалі яна была паказчыкам сацыяльнага статусу. Герб, таўшчыня, якасць і колер – усё мела значэнне. Такія лісты былі маленькімі творамі мастацтва, сведчаннямі і сведкамі гісторыі. Яны каштавалі таго, каб быць захаванымі. Перачытваць такія ліставанні надзвычай прыемна.
Шматлікія прабелы гісторыі, побыту аднаўляюць сёння па перапісцы. Як жа будуць аднаўляць наша жыццё? Тэлефоны. Камп’ютары. Сумна, што ў вядомай пагоні за спрашчэннямі чалавецтва дазваляе сабе так многа губляць. Няўжо ў параўнанні з лістамі віктарыянскай эпохі сённяшнія sms змогуць вытрымаць канкурэнцыю?
Не параўнаць радасць ад атрымання сапраўднага пісьма з нейкай там электроннай поштай. Хочацца верыць, што мы не згубім навык пісаць лісты. Каб захаваць наш час і сябе ў ім для гісторыі, для нашчадкаў.
Паліна ВЕСЯЛОВА,
клуб журналістыкі ЦПР,
г.Бяроза
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.