Беларусь

Пірог “Мужчынскі ідэал”


Ад Алены МАРЧУК, дырэктара Стрыгаўскага СДК Кобрынскага раёна:
– Як сапраўдныя беларусы, я і мае сямейнікі – вялікія аматары нашых нацыянальных страў. Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца бульбяныя – бабка і дранікі. Калі ж у дом прыходзяць госці, абавязкова запякаю бульбяныя каўбаскі.
Праўда, часу на заняткі кулінарыяй заўсёды не хапае. Таму ў будні, як, мабыць, і большасць вяскоўцаў, абыходжуся дзяжурнымі супамі і баршчамі, хаця і іх прыгатаваць трэба ўмець. Летам жа аддаём перавагу розным салатам з гародніны і зяленіва, а на дэсерт – пірог “Мужчынскі ідэал”, рэцэпт якога і прапаную чытачам.
Для прыгатавання цеста спатрэбяцца: 1 шклянка цукру, 2 сталовыя лыжкі какавы, 1 пачак маргарыну, 2 яйкі, 1чайная лыжка харчовай соды, пагашанай воцатам, літровы слоік мукі. Замясіць цеста, падзяліць на чатыры роўныя часткі і пакласці на дзве гадзіны ў маразілку.
Для начынкі: 4 пачкі тварагу, 1 шклянка цукру, 6 яек, 2 сталовыя лыжкі крухмалу. Жаўткі перамешваем з тварагом, а бялкі ўзбіваем з цукрам і крухмалам, пасля чаго дадаём іх да тварожнай масы і яшчэ раз усё перамешваем.
Праз дзве гадзіны дастаём з маразілкі цеста. На буйной тарцы надзіраем на бляху дзве яго часткі, паверх выкладаем тварожную начынку. Пасля надзіраем астатнія дзве часткі цеста і адпраўляем пірог на 20 мінут у духоўку.
Спадзяюся, што “Мужчынскі ідэал” прыйдзецца вам да смаку і будзе добрым дадаткам да чаю ці кавы.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля