Чаму існуе дэфіцыт кадраў?
На гэтае пытанне 21 чэрвеня шукалі адказ удзельнікі чарговага пасяджэння Аблвыканкама.
Начальнік камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Сцяпан Радкавец далажыў па першым пытанні – аб гатоўнасці сельскагаспадарчых арганізацый вобласці да сёлетняй уборкі ўраджаю. Ён патлумачыў, што на ўзроўні мінулага года быў засеяны зерневы клін, пад які адведзена 403,5 тысячы гектараў. Ды толькі з-за складаных пагодна-кліматычных умоў азімых збожжавых захавалася на 28,5 тысячы гектараў менш, чым летась. Праўда, усе загінуўшыя пасевы былі перасеяны яравымі, колькасць якіх у параўнанні з 2009 годам адпаведна павялічылася на 28,6 тысячы гектараў. Такім чынам, па меркаванні выступоўцы, было зроблена ўсё дзеля выканання прагнознага паказчыка па вытворчасці зерня ў сельгасарганізацыях.
Сцяпан Радкавец асобна спыніўся на гатоўнасці 1904 зернеўборачных камбайнаў да ўборкі хлеба. На 1 чэрвеня па вобласці яна склала 89,1 працэнта. Ды не забяспечана гатоўнасць “Донаў-1500” і “Бізонаў” у Жабінкаўскім раёне (з 7 адзінак спраўныя 2),Бярозаўскім (з 11 камбайнаў да ўборкі гатовыя 5) і Маларыцкім (з 7 – толькі 4). Дакладчык адзначыў нізкія тэмпы падрыхтоўкі зернесушыльнага абсталявання ў сельскагаспадарчых арганізацыях Баранавіцкага, Камянецкага, Івацэвіцкага і Столінскага раёнаў.
Старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар скіраваў размову на забяспечанасць гаспадарак механізатарскімі кадрамі. Ці ўсё тут добра? “Уборка траў заканчваецца, – заўважыў ён, – трэба, каб механізатары працавалі на сваіх камбайнах. – І дадаў: – Калі едуць у поле араць, дык каня не кормяць”. Маўляў, пра ўсё варта дбаць загадзя, каб не атрымалася: пачалася ўборка, а камбайн прастойвае, бо няма каму на ім працаваць. Ды, як запэўнілі начальнік аблсельгасхарчу Сцяпан Радкавец і яго намеснік Васіль Сівак, такой сітуацыі не будзе.
Аб рабоце брэсцкіх ВНУ па падрыхтоўцы спецыялістаў для народнай гаспадаркі вобласці праінфармавалі прысутных першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Аляксандр Жук і рэктар БрДТУ Пётр Пойта. Нагадаўшы пра тое, што аналагічнае пытанне ўжо разглядалася на пасяджэнні аблвыканкама ў 2004 годзе, Аляксандр Жук канстатаваў: з таго часу карціна ў вобласці памянялася. Сумесна з рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання на Брэстчыне створана сістэма вышэйшай прафадукацыі, з дапамогай якой значна пашырыліся адукацыйныя магчымасці маладых. Дадаткова адкрыты два ўніверсітэты, Баранавіцкі і Палескі, два філіялы ВНУ, Беларускай дзяржаўнай ордэнаў Кастрычніцкай Рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчай акадэміі і Віцебскай ордэна “Знак Пашаны” дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны.
Выступоўца ўпэўнены, што гэта дазволіла вырашыць шэраг праблем па забеспячэнні спецыялістамі з вышэйшай адукацыяй асноўных галін эканомікі і сацыяльнай сферы. Калі да 2005 года на 10 тысяч насельніцтва Брэстчыны прыходзілася 105 студэнтаў, дык летась іх колькасць узрасла да 241(!). Штогод у вышэйшыя навучальныя ўстановы паступае каля 47 працэнтаў выпускнікоў вобласці, з іх у ВНУ Брэстчыны на дзённую форму навучання – да 72. Падрыхтоўка спецыялістаў ажыццяўляецца па 16 профілях, а гэта – 93 спецыяльнасці. Калі да 2005 года нашы вышэйшыя навучальныя ўстановы штогод выпускалі 2,1-2,5 тысячы маладых спецыялістаў, дык сёлета – ужо 6,4 тысячы. Ад 72 да 93 працэнтаў выпускнікоў, якія размяркоўваюцца, атрымліваюць размеркаванне на работу непасрэдна на прадпрыемствы і ў арганізацыі рэгіёна…
Вядома ж, прыведзеныя лічбы ўражваюць. Ды губернатар прымусіў прысутных па-іншаму паглядзець на іх, паставіўшы шэраг пытанняў. Зыходзячы з колькасных паказчыкаў, быццам бы ўсё ёсць. Але што карэнна змянілася за апошнія гады ў якасным накірунку па забеспячэнні вобласці неабходнымі кадрамі? Няўжо цалкам вырашылі пытанні з інжынернымі і будаўнічымі спецыяльнасцямі? Чаму па-ранейшаму адчуваецца дэфіцыт медыцынскіх кадраў?
“Дзякуючы Прэзідэнту Беларусі, у Баранавічах з’явіўся ўніверсітэт, але за прайшоўшы час далей гэтага не рушылі, – зазначыў Канстанцін Сумар. – Дык што мы павінны зрабіць у наступнай пяцігодцы па выпраўленні становішча?” А ці выпрацавана ў нас дакладная сістэма работы па праходжанні вытворчай практыкі? Што робіцца для таго, каб маладыя спецыялісты, адпрацаваўшы два гады, не пакідалі Брэстчыну? Ці ўсюды паміж школамі і ВНУ наладжаны трывалыя сувязі? Як вядзецца прафарыентацыя ў школах? І, у рэшце рэшт, які з дзяржаўных органаў – скажам, камітэт эканомікі ці камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне – выступіць у ролі каардынатара далейшай падрыхтоўкі спецыялістаў на перспектыву?
“Пытанне каардынацыі – адна з найважнейшых праблем, – падтрымаў кіраўніка вобласці рэктар Брэсцкага тэхнічнага ўніверсітэта Пётр Пойта. – Калі ўзяць усе ВНУ вобласці, шчыра кажучы, кожны з нас працуе сам па сабе. Таму з улікам перспектыў эканомікі трэба пэўнай структуры прапрацаваць патрэбнасць у спецыялістах на будучае”.
Адзначыўшы, што за апошнія гады ва ўніверсітэце рыхтуюць кадры па 8 новых спецыяльнасцях тэхнічнага профілю, Пётр Сцяпанавіч агучыў і такую праблему, як катастрафічны недахоп памяшканняў нават з улікам цяперашняга навучання ў тры змены. Рэктара турбуе і замацаванне маладых спецыялістаў на першых працоўных месцах, і пытанні дзеючага заканадаўства па размеркаванні выпускнікоў – у прыватнасці, рэйтынгавая сістэма размеркавання падштурхоўвае студэнтаў-трэцякурснікаў бюджэтнай формы навучання пераходзіць на платнае навучанне, каб пазбегнуць размеркавання.
Рэктар Брэсцкага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна Мечыслаў Чэсноўскі, ацэньваючы абмеркаванне работы ВНУ як вельмі наспелае, зазначыў, што задача падрыхтоўкі медыцынскіх кадраў цікавіць і іх установу, ды без кааперацыі з іншымі вышэйшымі навучальнымі ўстановамі немагчыма абысціся. Ён таксама гаварыў аб своечасовай карэкціроўцы спецыяльнасцей, у якіх мае патрэбу вобласць, аб стварэнні на навуковай аснове сістэмы маніторынга…
Падагульняючы размову па дадзеным пытанні, Канстанцін Сумар падкрэсліў: варта пераасэнсаваць падрыхтоўку маладых спецыялістаў. На яго думку, неапраўдана зацягнулі пытанне з каардынатарам, які б фарміраваў сацыяльны заказ, зыходзячы з перспектывы на бліжэйшыя 5-10 гадоў. “І калі вырашым цэлы комплекс азначаных праблем, – завяршыў губернатар, – тады не будзе і дэфіцыту кадраў, і іх цякучасці”.
Дакладваючы па апошнім пытанні парадку дня – аб мерах па нарошчванні платных паслуг, якія аказваюцца берасцейцам, начальнік абласнога камітэта эканомікі Андрэй Клец вымушаны быў прызнаць: пакуль што праводзіцца недастатковая работа па выкананні прагнозных паказчыкаў рэалізацыі платных паслуг насельніцтву цераз усе каналы рэалізацыі. Гэта, у першую чаргу, тычыцца аказання транспартных і жыллёва-камунальных паслуг, паслуг сувязі і адукацыі. У параўнанні з мінулым годам на 5,7 працэнта зніжаны аб’ёмы бытавых паслуг, якія аказваюцца юрыдычнымі асобамі. У гэтай сувязі з рэгіёнаў былі названы гарады Брэст, Баранавічы, Пінск, Баранавіцкі, Бярозаўскі, Брэсцкі, Драгічынскі, Жабінкаўскі, Камянецкі, Кобрынскі, Лунінецкі, Ляхавіцкі і Столінскі раёны…
Усяму гэтаму Канстанцін Сумар даў негатыўную ацэнку, нагадаўшы, што за недавыкананнем тых ці іншых паслуг стаяць людскія запатрабаванні, якія нельга абыходзіць увагай. “Бо настрой чалавека, – слушна заўважыў ён, – напрамую залежыць ад гэтых паслуг…”
Былі заслуханы кіраўнікі структурных падраздзяленняў аблвыканкама, якія не забяспечылі выкананне прагнозных паказчыкаў, ад іх запатрабавана прыняць меры па выпраўленні сітуацыі. А на будучае мэтазгодна будзе разглядваць падобныя пытанні з выездам у рэгіён, падагульніў Канстанцін Сумар, пабачыць усё на свае вочы і канкрэтна параіць, што зрабіць да лепшага. Каб людзі былі задаволеныя якасцю атрыманых паслуг.
Галіна МАЗІНА, “НТ”
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.