Работнікі прафсаюза Брэсцкай і Закарпацкай абласцей падпісалі дагавор аб супрацоўніцтве

Работнікі прафсаюза Брэсцкай і Закарпацкай абласцей падпісалі дагавор аб супрацоўніцтве

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Сяброўства паміж суполкамі пачалося ў 2008 годзе з падпісання першага дагавора аб супрацоўніцтве, разлічанага на два гады. За гэты час наладжаны цесныя сувязі не толькі па прафсаюзнай лініі, але і з украінскімі фальклорнымі калектывамі, музеямі і бібліятэкамі. Народны ансамбль “Іршанская родына” з Закарпацця запомніўся брэсцкім аматарам фальклору рытмічнымі гуцульскімі матывамі. Нашу беларускую культуру праз цудоўныя музычныя кампазіцыі да ўкраінскіх слухачоў данеслі “Астрамечаўскія Лявоны” з Брэсцкага раёна. І беларускія, і ўкраінскія артысты актыўна ўдзельнічаюць у сумесных фестывалях народнай творчасці і рамёстваў.
Нядаўна пачалося супрацоўніцтва паміж Брэсцкім абласным краязнаўчым музеем і Закарпацкім музеем народнай архітэктуры і быту.
– Наша вобласць супра-цоўнічае з суседнімі краінамі Еўрасаюза, але пакуль не атрымліваецца дайсці да такога ўзроўню адносін, калі калегі становяцца сябрамі, – зазначыла Наталля Товцін, старшыня абласнога камітэта прафсаюза работнікаў культуры Закарпацкай вобласці. – З Брэстчынай нас аб’ядноўвае падабенства менталітэтаў і тое, што ў сваіх краінах мы з’яўляемся самымі заходнімі рэгіёнамі з падобнай прыгранічнай інфраструктурай. Шмат агульнага ў нашых людзей, у культуры, быце і нават сацыяльна-эканамічнай сферы, таму вельмі хутка паразумеліся.
Значны крок наперад зроблены ў сферы турызму. Для берасцейцаў больш даступнымі сталі 7 санаторыяў Закарпацця, якія круглы год гатовыя прыняць турыстаў. Карыстаюцца папулярнасцю экскурсійныя туры ў Мукачава і Ужгарад. Украінцы з задавальненнем наведваюць мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”, нацыяльны парк “Белавежская пушча”, музеі, выставачныя цэнтры горада над Бугам, а таксама цікавяцца будаўніцтвам аграгарадкоў і агратурызмам.
– Надзейны саюз паміж рэгіёнамі быў створаны два гады таму, а цяпер мы ўдасканальваем дагавор аб супрацоўніцтве з надзеяй на доўгатэрміновае сяброўства з блізкімі нам па духу людзьмі, – падкрэсліла старшыня Брэсцкага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў культуры Галіна Крынец. – Паміж абласцямі запланавана весці работу па стварэнні максімальна спрыяльных умоў для развіцця культурнага турызму, абменьвацца дэлегацыямі, праводзіць вучобу і канферэнцыі.
Дарэчы, ініцыятарам і ідэйным натхняльнікам развіцця сувязей з Закарпаццем была менавіта Галіна Крынец. Падчас адной экскурсійнай паездкі ва Украіну з’явілася задумка аб сяброўстве. Ідэя вельмі спадабалася ўкраінцам. Партнёрскія сустрэчы сталі ўжо традыцыйнымі, з кожным разам з’яўляецца больш агульных інтарэсаў і перспектыўных планаў. Наталля Товцін разам з прафсаюзным актывам прыязджала ў Брэст на справаздачна-выбарчую канферэнцыю абкама прафсаюза работнікаў культуры, была ў Мінску на з’ездзе.
Падчас цяперашняга двухдзённага візіту ўкраінскія партнёры пабывалі ў Брэсце, Брэсцкім раёне, Камянцы і Кобрыне. З калегамі яны абмяняліся вопытам па ахове працы, стварэнні новых працоўных месцаў у малых гарадах і пераходзе на кантрактную сістэму работы.
Як адзначыў намеснік старшыні абласнога аб’яднання прафсаюзаў Вячаслаў Салавей, у Беларусі і Украіны многа падабенства не толькі ў рабоце прафсаюзных арганізацый, але і ў развіцці краін у цэлым. Гэта зусім не перашкаджае адкрываць для сябе суседзяў па-новаму. Асабліва ўразіла ўкраінцаў велізарная падтрымка дзяржавай устаноў культуры і іх папулярнасць сярод насельніцтва.
Звярнулі ўвагу госці на прыгожыя і дагледжаныя палі, бо для жыхароў горнага краю беларускія раўніны – экзотыка. Па словах старшыні абкама прафсаюза работнікаў аўтатранспарту Закарпацця Аляксандра Вароніна, больш за ўсё запомніцца іх дэлегацыі гасціннасць і дабрыня берасцейцаў. А тое, што Брэстчыну ўкраінскія прафсаюзныя лідары пакідалі натхнёныя ідэяй яднання і сумеснымі планамі на будучыню – дакладная прыкмета дасканалых адносін, якія і павінны быць паміж надзейнымі сябрамі.
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Што такое “нездаровы” посуд

Следующая запись

Пачынаецца маладзёжны чэмпіянат свету па акадэмічным веславанні