Беларусь

Што такое “нездаровы” посуд


На двары ліпень – самы разгар лета. І надвор’е, нарэшце, усталявалася добрае. Большасць гаспадынь і гаспадароў бавяць час: хто – на марскіх пляжах, хто у падарожжах па роднай Беларусі. Аднак ёсць і аматары іншага адпачынку – на прыгараднай дачы ці на ўласным прысядзібным участку. Ім і прысвячаецца наш сённяшні спецвыпуск. Лета летам, а спраў у сапраўдных гаспадароў заўсёды хапае. Спадзяёмся, што падказкі дамавічка Антося спатрэбяцца вам і на гэты раз. Сёння ён выступае ў ролі…

…спажыўца
«НЕЗДАРОВЫ» ПОСУД
У посудзе з алюмінію нельга гатаваць кіслыя, салёныя і вострыя стравы, ад якіх нават пры невялікім награванні ўтвараюцца солі гэтага металу. Солі пераходзяць у ежу, адтуль – у арганізм, дзе і канцэнтруюцца. Дарэчы, гэта ж датычыць і алюмініевай фольгі, у якой гаспадыні нярэдка запякаюць мяса ці рыбу.
Нядаўна вучоныя высветлілі, што медзь дрэнна ўплывае на печань чалавека. Ад акіслення гэты метал ратуе толькі алавянае ці стальное пакрыццё. Так што лепш не варыце варэнне ў медным тазіку!
У драўляным посудзе і дошках для апрацоўкі прадуктаў з цягам часу з’яўляюцца невялічкія шчыліны і трэшчыны, у якіх актыўна размнажаюцца бактэрыі. Лепш набыць дошку з пластыку.
…агародніка
ГОРКІ АГУРОК
У ліпені расліны часцей за ўсё пакутуюць ад недахопу вільгаці.
Калі іх не паліваць, дык караняплоды і агуркі вырастаюць дробнымі, гаркаватымі, а квяцістая капуста ўтварае дробныя і няшчыльныя галоўкі.
Таму ў спякотнае надвор’е агародніну ў адкрытым грунце паліваюць праз 2-3 дні, звычайна робяць гэта ўвечары. Пры пахаладанні паліваюць расліны ўранку ці ў сярэдзіне дня. Для паліву выкарыстоўваюць толькі прагрэтую на працягу 5-6 гадзін на сонцы ў бочках ці вёдрах ваду. Пры палівах халоднай вадой, а таксама пры празмернай вільгаці часткі карэньчыкаў раслін адміраюць.
У спякотныя дні, асабліва ў паўднёвых раёнах, палітую вадой глебу злёгку пасыпаюць сухой зямлёй (мульчыруюць).
Нельга паліваць расліны так, каб на лістоце заставаліся буйныя кроплі вады. Гэтыя кроплі могуць сфакусаваць сонечныя промні і прапаліць лісце.
…садоўніка
Ад паршывай яблыні не чакай ураджаю
У ліпені яблыні, грушы і слівы апырскваюць супраць грыбковых хвароб (паршы, плямістасці лісця, пладовай гнілі), пладажоркі і іншых шкоднікаў.
На працягу месяца неабходна зрабіць два апырскванні з інтэрвалам 15-20 дзён. Прымяняюць камбінаваны састаў фунгіцыду і інсектыцыду. З фунгіцыдаў можна выкарыстоўваць каптан (50 г на 10 л вады), цынеб (50 г на 10 л), купразан (ён жа хамецын, 40 – 50 г на 10 л), фталан (50 г на 10 л), фундазол (бенамід, бенлат, узген – 20 г на 10 л). У 10 л рабочага раствору аднаго з пералічаных фунгіцыдаў дабаўляюць інсектыцыд – карбафос (30 г) ці хларафос (20 г).

…пчаляра
АДКУЛЬ У ВУЛЕЯ «БАРОДКА»?
Сярэдзіна лета – перыяд самага вялікага медазбору ў паўднёвых раёнах Беларусі. Квітнеюць кіпрэй, ліпа, іншыя меданосныя расліны, потым – грэчка.
Асноўны медазбор працягваецца да двух тыдняў з ліпы і да трох тыдняў з грэчкі і палявога разнатраўя. Да гэтага часу пчолы павінны быць поўнасцю падрыхтаваны – спынена раенне, зроблены адводкі, заменены старыя і непрадуктыўныя маткі, пашыраны гнёзды.
Калі па нейкіх прычынах пчаляр не здолеў у чэрвені падвезці перасоўныя пасекі да меданосаў, можна зрабіць гэта яшчэ і на пачатку ліпеня. Пасекі ўстанаўліваюць на ўскрайку лесу, у зарасніках кустоў, каб вуллі знаходзіліся ў цяньку. У такім выпадку пчолам не патрабуецца затрачваць празмерную энергію на вентыляцыю і ахалоджванне сваіх гнёздаў.
Калі ж на вуллях, якія знаходзяцца ў цяньку, у час медазбору ля лятка шмат пчол занята вентыляцыяй, а пасля заходу сонца яны збіраюцца «бародкай», гэта сведчыць аб тым, што ў гнёздах спякотна. Трэба без прамаруджвання дапамагчы пчолам: палепшыць вентыляцыю іх дамоў. З гэтай мэтай прыўздымаюць корпус ці «магазін» і робяць прасвет паміж імі на 5-8 см. Вентыляцыя гнязда паляпшаецца, у ім усталёўваецца нармальная тэмпература.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля