Беларусь

Пачынаецца маладзёжны чэмпіянат свету па акадэмічным веславанні


Нават самых далёкіх ад спорту брастаўчан, думаю, не пакінулі абыякавымі тыя відовішчныя, дынамічныя дзеі, якія адбываліся летась падчас чэмпіянату Еўропы па акадэмічным веславанні. Тады горад над Бугам насуперак скептычна настроеным асобам годна вытрымаў выпрабаванне. У дадатак арганізатары кантынентальнага турніру атрымалі бясцэнны вопыт. Вось і надышоў час выкарыстаць назапашаныя веды, прааналізаваць станоўчае і адмоўнае, зрабіць работу над памылкамі. Тым больш, што нагода – выдатная. Гэтым летам Брэст зноў у цэнтры ўвагі.
Сваё жаданне паўдзель-нічаць у маладзёжным чэмпіянаце свету па акадэ-мічным веславанні сярод спартсменаў да 23 гадоў ужо пацвердзілі 53 каманды. Самая шматлікая дэлегацыя прыедзе з Германіі – 106 чалавек паспрачаюцца за ўзнагароды, каманда ЗША прывязе 89 весляроў, з суседняй Расіі заяўлена 69. Не варта скідваць з рахункаў і маленькія па колькасці ўдзельнікаў каманды – па двое спартсменаў з Анголы і Парагвая паспрабуюць канкурыраваць з фаварытамі, тры весляры з Ганконга таксама пакажуць сваё ўменне на вадзе. Упершыню ў межах чэмпіянату Брэстчыну наведаюць дэлегацыі Чылі, Новай Зеландыі, Аўстраліі.
Спаборніцтвы маюць шанц ператварыцца ў самыя масавыя па колькасці ўдзельнікаў. Нават леташні чэмпіянат прайграе па гэтым параметры амаль у два разы. Таму лагічна, што напружанне сёлета ўзрастае ўдвая. Па-першае, у сувязі з сітуацыяй спіс месцапражывання спартсменаў значна расшыраецца. Ужо рыхтуюцца да прыезду дэлегацый гасцініцы і інтэрнаты Брэста, таксама актывізаваны для прыёму пастаяльцаў санаторыі і аграсядзібы, якія знаходзяцца непадалёк, сярод іх – вядомая “Рынькаўка”, санаторый “Сонечны” ў Брэсцкім раёне. Па-другое, транспарціроўка ўдзельнікаў чэмпіянату: 38 аўтобусаў з паўгадзіннай перыядычнасцю будуць курсіраваць ад месцапражывання да вяслярнага канала і наадварот.
Суправаджаць гасцей выпала валанцёрам – студэнтам Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна і актывістам БРСМ. Да 80 юнакоў і дзяўчат далучацца і 15 прафесійных перакладчыкаў. Дарэчы, навучаныя леташнім вопытам арганізатары ў гэты раз больш адказна падышлі да праблемы моўнага бар’еру, таму абяцаюць у гасцініцы і інтэрнаты таксама накіраваць людзей з веданнем замежных моў. Як расказаў на прэс-канферэнцыі начальнік упраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму абл-выканкама Мікалай Хевук, нават матарысты, якія падчас спаборніцтваў перавозяць суддзяў, атрымліваюць зараз азы замежнай мовы – каб маглі зразумець і растлумачыць хаця б самае элементарнае.
На мерапрыемства, арганізаванае Міжнароднай федэрацыяй веславання (FISA) сумесна з Міністэрствам спорту і турызму Рэспублікі Беларусь, Беларускай федэрацыяй веславання, абласным і гарадскім выканаўчымі камітэтамі, затрачана каля 600 мільёнаў рублёў. Расходы плануюць пакрыць прыбыткамі ад чэмпіянату. Амаль усе прадпрыемствы гандлю і грамадскага харчавання будуць абслугоўваць спартсменаў на вяслярным канале. Для ўдзельнікаў спаборніцтваў 10 тон вады прэзентуе прадпрыемства “Санта-Брэмар”. Каб не ўзнікалі нязручнасці з замежнай валютай, на тэрыторыі канала будуць працаваць абменнікі.
Дзяржаўную скарбонку папоўняць таксама сродкі ад продажу памятных падарункаў. Брэсцкая фабрыка сувеніраў “Славянка” падрыхтавала спецыяльную серыю рэквізіту з адпаведнай сімволікай на тэму чэмпіянату свету. Не адну капейку ў горадзе над Бугам пакінуць і цікаўныя турысты, якія з’едуцца сюды ў перыяд з 21 па 25 ліпеня. Першыя прыхільнікі вяслярнага спорту з Германіі, Італіі, Ізраіля, Англіі ўжо выказалі жаданне паназіраць за спаборніцтвамі і пахварэць за сваіх. Увогуле, па агульных падліках на чэмпіянаце плануецца зарабіць дзесьці 520 тысяч еўра.
Улічылі арганізатары пажаданні і заўвагі гасцей чэмпіянату Еўропы-2009 наконт вялікай колькасці лю-дзей у форме на тэрыторыі канала. Сёлета форма не будзе так яўна рэзаць вока.
Спартсмены неаднойчы скардзіліся на не досыць дасканалую сістэму афармлення дакументаў на мяжы – некаторыя дэлегацыі афармляліся некалькі гадзін запар. Праблему прынялі да ведама, абяцалі выправіць сітуацыю.
Зараз вяслярны канал цалкам гатовы для правядзення маштабных спаборніцтваў. Для спартсменаў на яго базе адкрыты стацыянарны медыка-аднаўленчы цэнтр з сучасным абсталяваннем, расслабіцца і адпачыць перад спаборніцтвамі можна і ў масажных пакоях, кожны з якіх разлічаны на 6 кушэтак. Допінг-цэнтр знаходзіцца ў судзейскім корпусе, у мінулым годзе Міжнародная федэрацыя веславання была задаволена яго работай. Хуткую медыцынскую дапамогу будуць ажыццяўляць гарадскія бальніцы і абласны дыспансер спартыўнай медыцыны. Здаецца, аргкамітэт усё прадумаў да дробязей – турыстам і айчынным балельшчыкам забяспечаны камфортны адпачынак са спрыяльнай для здароўя дозай адрэналіну. Спартсменам стварылі выдатныя ўмовы, каб спаборніцтвы не сталі барацьбой за выжыванне ў незнаёмым горадзе.
– Страшнавата было ў мінулы раз, – прызнаецца Мікалай Хевук, – ды і зараз не расслабляемся. Наша задача – зрабіць так, каб чэмпіянат запомніўся людзям яркімі спаборніцтвамі, а не праколамі аргкамітэта.
Наколькі ўдала арганізатары справіліся з пастаўленымі перад імі задачамі, можна будзе меркаваць пасля заканчэння чэмпіянату. Асноўны клопат весляроў – перамагаць. Каманда Беларусі плануе здабыць на турніры 3-5 узнагарод. Спадзяюся, прадстаўнікі Брэстчыны, іх сярод беларусаў шэсць, зробяць усё магчымае, каб нацыянальная каманда як мага часцей узыходзіла на п’едэстал. Ці вышэйшай пробы будуць узнагароды – час пакажа.
Ужо заўтра першыя ўдзельнікі спаборніцтваў прыбудуць на Брэстчыну. Праграма для іх пакуль што не такая насычаная: адпачынак пасля пералёту ды трэніроўкі на вяслярным канале. А доўгачаканая містэрыя на вадзе пачнецца толькі праз тры дні.
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля