Актрыса Таццяна Васількова расказвае пра агульнае з сэлінджараўскай Фібі дзяцінства, малюнкі на заснежаных вокнах і нежаданне іграць Джульету

Актрыса Таццяна Васількова расказвае пра агульнае з сэлінджараўскай Фібі дзяцінства, малюнкі на заснежаных вокнах і нежаданне іграць Джульету

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Крытыкі, запрошаныя на сёлетні тэатральны фестываль “Белая Вежа”, наперабой адзначалі: калі б існаваў спецыяльны прыз за ўвасабленне дзяцінства, дык ён абавязкова дастаўся ёй – выканаўцы ролі Фібі ў спектаклі “Над прорвай у жыце”. Аднак, нягледзячы на прафесійны поспех, у рэальным жыцці – ніякай гульні. Па-за сцэнай маладая актрыса Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы Таццяна Васількова падкупляе непадробнай шчырасцю і адкрытасцю. Яна з усмешкай узгадвае дзяцінства і расказвае, што ў школе была двоечніцай. Толькі ў апошняе чамусьці верыцца з цяжкасцю…

– Таццяна, сёлета Вы заявілі пра сябе шэрагам паспяховых прэм’ер. Можна меркаваць, што год быў удалым, ці ўсё ж засталіся няспраўджаныя жаданні?
– Так, год плённы ва ўсім: і ў асабістым жыцці, і ў творчым плане. Пра многае нават і не марыла. Калі спектакль “Над прорвай у жыце” планаваўся загадзя, дык іншыя работы сталі поўнай нечаканасцю – і “Вельмі простая гісторыя” Дзяніса Фёдарава, і нядаўняя прэм’ера ад Валянціны Янавец па аповесці Васіля Быкава “Пайсці і не вярнуцца”. Яны адкрылі новую прыступку ў кар’еры. Нават трошкі шкада адпускаць год. Ён атрымаўся лёсавызначальным і надзвычай шчаслівым.
– На сцэне Вы лёгка пераўвасабляецеся з маленькай Фібі ў мужную і самаахвярную Зосю Нарэйку. А ў рэальным жыцці падобныя на сваіх гераінь?
– Маленькая Фібі – гэта я ў дзяцінстве. Калі старэйшы брат прыязджаў на прэм’еру спектакля “Над прорвай у жыце”, дык у яго было адчуванне, нібы зноў вярнуўся ў тыя дні. Капрызы і паводзіны, уласцівыя сэлінджараўскай гераіні, – мае ўласныя: я “пазычыла” іх з жыцця. З Зосяй Нарэйкай было складаней… Такіх здраднікаў, як галоўны герой Антон, па-за сцэнай ніколі не сустракала. Але, каб сапраўды адчуць сітуацыю, прыйшлося паверыць. Лічу, лепш перажыць падобнае на сцэне, чым у рэальнасці.
– Каго марыце сыграць у будучым, і за якую ролю ні за што б не ўзяліся?
– Адназначна ніколі не хацела іграць Джульету. А наконт жаданых роляў, лічу, яны прыйдуць паступова. Не імкнуся дастаць зорку з нябёс, спрабую адэкватна ацэньваць сябе і свае магчымасці, радуюся таму, што маю за тры гады работы ў тэатры. Вядома ж, нейкія мары ёсць, але калі зной-дзецца час на іх рэалізацыю – добра, не знойдзецца – не вельмі засумую.
– Падчас фестывалю “Белая Вежа” тэатразнаўцы гаварылі пра тое, як няпроста рэжысёрам знайсці агульную мову з маладымі акцёрамі. А ці лёгка моладзі працаваць з вопытнымі прафесіяналамі накшталт Цімафея Ільеўскага і Валянціны Янавец?
– І Цімафей Зіноўевіч, і Валянціна Іванаўна – нашы любімыя педагогі-настаўнікі. Яны выгадавалі нас, далі аснову прафесіі. Таму працаваць вельмі камфортна, бо добра разумееш гэтых людзей у чалавечым плане. Менавіта дзякуючы ім, я знаходжуся ў тэатры і займаюся любімай справай, аб якой марыла яшчэ са школы.
–  У звычайных людзей Новы год асацыюецца з мандарынамі, шампанскім і аліўе. А ў артыстаў такія ж асацыяцыі?
– Снягурка, ранішнікі і стомленасць… (Смяецца) У апошнія гады пераважаюць менавіта гэтыя асацыяцыі. Тым не менш, такая стомленасць прыемная. Ад мяне ж таксама ў пэўнай ступені залежаць шчасце і добры настрой дзяцей, якія прыходзяць на навагоднія ранішнікі.
– Ці верыце ў цуды і якіх цудаў чакаеце ад 2013-га?
– Больш верыла ў дзяцінстве. Сутыкнуўшыся з самастойным жыццём, хутчэй пачынаеш верыць не ў цуды, а ў свае сілы і людзей, якія знаходзяцца побач. Але заўжды ўнутры жывуць нейкая мара і надзея на лепшае. Ад 2013 года чакаю, каб усё заставалася ў норме. Я па-ранейшаму не супраць новых роляў (смяецца). Галоўнае, каб людзі вакол мяне – блізкія, сябры, калегі – былі здаровыя і шчаслівыя. Калі яны ўсміхаюцца, мне таксама радасна.
– Раскажыце пра самы незвычайны падарунак, зной-дзены пад святочнай ёлачкай.
– Памятаю незвычайнае здарэнне. Была снежная зіма. Я стаяла каля акна і разглядала ўзоры на шкле. Тады здавалася, што ўсю гэтую прыгажосць намаляваў Дзядуля Мароз. Стаяла і размаўляла з зімнімі вітражамі, адварочвалася, каб ніхто з дарослых не бачыў, і ад душы прасіла ва ўсемагутнага чараўніка ляльку ў падарунак. Гэта было за дзве гадзіны да Новага года. Калі ж у разгар свята пастукалі ў дзверы, з усіх ног пабегла адчыняць. Убачыла ляльку – і ў імгненне зрабілася такой шчаслівай! Хоць у дзверы стукалі ўсяго толькі суседзі, але на той момант гэта быў велізарны цуд. Бацькі з дзяцінства выхоўвалі ў нас з братам веру ў цуды, таму і ёсць адчуванне, што Новы год – сапраўднае свята.
– І апошняе: ужо прыдумалі, што будзеце загадваць пад бой курантаў і прасіць у Дзеда Мароза?
– Усё неяк хутка спраўджваец-ца – нават не ведаю, чаго б яшчэ папрасіць. Нейкіх матэрыяльных жаданняў няма абсалютна. Хапае таго, што ёсць, і гэтаму я шчыра радуюся. Для мяне вельмі важна, каб блізкія людзі назаўжды заставаліся побач са мной.

Таццяна ВАСІЛЬКОВА,
актрыса Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы:
– Чытачам “Народнай трыбуны”, а таксама сваім блізкім і калегам жадаю моцнага здароўя, сіл, цярпення, кахання – каб яно жыло ў нашых сэрцах і не саступала месца ўзлаванасці. Карацей кажучы, аб чым сама мару, таго жадаю і іншым. Дараваць адзін аднаму не залежныя ад нас моманты і прымаць людзей такімі, якія яны ёсць. Няхай усе жаданні, загаданыя ў навагоднюю ноч (і не толькі), абавязкова збудуцца!

Гутарыла
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Люмьерам даже не снилось…

Следующая запись

Напярэдадні Новага года Таццяна і Сяргей Хамутовы, шасцёра іх прыёмных дзетак пасяліліся ў новым доме сямейнага тыпу ў Кобрыне