“Белая Вежа-2012″: Класіка плюс наватарства
Міжнародны тэатральны фестываль “Белая Вежа” ў хуткім часе справіць сваю 17-ю восень. Для маладзенькіх дзяўчат ці хлопцаў гэты ўзрост надзвычай хвалюючы, шчодра насычаны эмацыйнымі і жыццёвымі ўзрушэннямі. Для нашага ж форуму 17 – даволі салідная лічба, якая не зусім суадносіцца з прыметнікам “юны”. Аднак фэст таксама парадуе рознымі ўзрушэннямі культурнага плана. Яго сёлетняя тэма “Класіка Plus” намякае на тое, што на сцэне цудоўна ўжывуцца як традыцыйныя, так і наватарскія інтэрпрэтацыі літаратурных твораў. Галоўнай жа арэнай для фестывальных відовішчаў па-ранейшаму застанецца Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы.
З 7 па 14 верасня гледачы пабачаць 26 пастановак, якія складуць конкурсную і пазаконкурсную часткі праграмы. У першай аматараў Мельпамены чакаюць знаходкі сусветнай і нацыянальнай драматургіі, эксперыментальнай і пластычнай драмы, сучаснай харэаграфіі, а ў другой запланавана знаёмства са студэнцкімі работамі прафесійных ВНУ. У фінале “Белай Вежы-2012” міжнароднае журы вызначыць уладальніка Гран-пры, а таксама назаве пераможцаў у розных намінацыях.
Першымі на сцэну выйдуць даўнія сябры брэсцкіх тэатралаў – акцёры Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага з пастаноўкай “Гора ад розуму”. У ёй рэжысёр Сяргей Кавальчык акцэнтуе ўвагу не толькі на сацыяльнай вастрыні п’есы Грыбаедава, але і на лірычнай тэме кахання Соф’і і Чацкага. Містычнае, дзіўнае, кранальнае пачуццё таксама ляжыць і ў аснове філасофскай прытчы “Жанчына ў пясках” ізраільскага тэатра “Zero”. Арыгінальнае сцэнічнае ўвасабленне культавага рамана Коба Абэ даўно стала візітнай карткай творчага калектыву з Кір’ят-Она. Сярод лаўраў, атрыманых спектаклем, варта згадаць прыз за лепшую рэжысуру на фестывалі “LUDI-2012” у Расіі.
Гаспадары форуму – брастаўчане – пакажуць адносна новую, але ўжо аблашчаную водгукамі мясцовай публікі работу “Над прорвай у жыце” ў пастаноўцы Цімафея Ільеўскага. П’еса заяўлена як “гісторыя сталення ў стылі rock-n-roll” і запланавана на 11 верасня.
У афішы падрыхтаваны сюрпрыз і для тых, хто прасякнуўся сімпатыяй да пермскага тэатра “Ля моста”, гран-прызёра 15-га фестывалю. Сёлета артысты на “Белую Вежу” не прыедуць, затое іх мастацкі кіраўнік Сяргей Фядотаў пакажа сумесную з Рускім тэатрам Эстоніі работу. Спектакль “Гульцы” па п’есе Мікалая Гогаля абяцае быць па-сапраўднаму містычным. Сваіх гледачоў чакаюць пастаноўкі “Апошні тэрмін” Дзяржаўнага акадэмічнага Малога тэатра з Масквы, “Танцуем усё, ці Рабочы дзень” Санкт-Пецярбугскага мужчынскага балета Валерыя Міхайлоўскага, “Маскарад” Маскоўскага драматычнага Тэатра на Пятроўскай. Гэтыя спектаклі даўно ва ўсіх на слыху, а ў Брэсце іх можна будзе пабачыць за 60-140 тысяч рублёў.
Каб не застацца за бортам сёлетняга фестывалю, варта набываць білеты ўжо зараз. Зрабіць гэта хутка і эфектыўна дапаможа сістэма электроннага браніравання. Міжнародны тэатральны форум “Белая Вежа”, безумоўна, стане яркай культурнай падзеяй верасня, якая актывізуе міжкультурны дыялог у нашым рэгіёне, а таксама і за яго межамі.
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.