Беларусь

Чырвоная Кніга Тамары Ялкоўскай


ПРА СЯБЕ: з компасам не прападзеш…

У дружнай сям’і Раманенкаў галоўным быў бацька. Але гэта – на першы погляд. Бо на самай справе, зразумелі пазней іх дзеці – Віця з Тамарай, маці як сапраўдная жанчына непрыкметна стварала ўсю “палітыку” ў доме – праўда, сыходзіла яна з вуснаў мужа. Мо, у гэтым і крыецца сакрэт трывалага і шчаслівага сямейнага саюза?..
Нават праз дзесяцігоддзі позняя, ды жаданая дачушка Анатоля і Аляксандры Раманенкавых, маладзейшая за брата на 12 гадоў, са светлай настальгіяй узгадвае, як весела ладзіліся ў іх сям’і дні нараджэння і святы, асабліва – Новы год, калі пад ёлку нічога дарагога не куплялася, ды сюрпрыз для кожнага з дзяцей рыхтаваўся з любоўю. Да таго ж, знайсці яго было няпроста, але даваўся арыенцір, на які выводзілі зычліва-жартаўлівыя падказкі родных.

А яшчэ ў іх, аселых пасля Драгічына ў абласным цэнтры ў 1963-м, былі пастаянныя вылазкі на прыроду – і ў лес за грыбамі-ягадамі, і на возера, каб не толькі палюбавацца воднай гладдзю і паплёскацца ў вадзе, але палавіць рыбу – дарэчы, вудачку няўрымслівая Тамара асвоіла ўжо ў чатыры з паловай гады. Увогуле, дзяўчынцы даспадобы было ўсё, што звязана з роднымі беларускімі краявідамі. І тады, і зараз яна не разумее, як жыць і не хацець ведаць усё пра раслінны і жывёльны свет, як не захапляцца навакольнай прыгажосцю і  не берагчы яе…
Калі Тамара пайшла вучыцца ў брэсцкую СШ №18, гледзячы на разумных, дасведчаных педагогаў, яна марыла быць настаўніцай. Але дзесьці ў класе 6-м сямёра аднакласнікаў, сярод якіх аказалася былая юннатаўка Тамара, запісаліся ў гурток па турызме і з задавальненнем асвойвалі арыентацыю на мясцовасці. Школьнікі разам са сваёй настаўніцай геаграфіі Святланай Іванаўнай Быстрыцкай выязджалі нават ва Украіну – здаецца, у Крамянчуг. З картамі і компасам, які пры любой непрадбачанасці падказваў правільны шлях. Тады дзятва і засвоіла: з компасам не прападзеш і нідзе не згубішся!
Паступова Тамара зразумела, што настаўніцай не будзе. А кім? Куды паступаць? І вось тут перад ёю паўстала бацькоўская любоў, якая не дазволіла пакінуць Брэст. Дзяўчына вырашыла паступаць у мясцовы інжынерна-будаўнічы інстытут на гідрамеліярацыйны факультэт, што і было рашуча зроблена летам 1976 года.
Аднойчы, калі яна ішла на ўступны экзамен, Тамарын погляд сутыкнуўся з вачыма такога ж, бы яна, абітурыента. І, памятаеце, як гэта бывае: усяго адзін позірк, а сэрца абрываецца і бездапаможным птахам ляціць у бездань, выбрацца з якой аднаму ўжо немагчыма…
– Гэта была лёсавызначальная сустрэча позіркаў, – усміхаецца Тамара Анатольеўна.
Пэўна ж, так, бо з таго моманту маладыя не расставаліся: яны вучыліся на адным факультэце, у адной групе, а пасля таго, як Сяргей Ялкоўскі адслужыў у арміі, пажаніліся – ім споўнілася па 24 гады. Будаўнікі па прафесіі, яны, нягледзячы на непадабенства характараў, будавалі сваю сям’ю на ўзаемаразуменні, даверы і, вядома ж, любові, вянцом якой стала нараджэнне ў 1985 годзе дачкі. І хоць зараз Таццяна жыве далёка ад іх, у замежжы, ды няма таго дня, каб яны не атрымалі эсэмэску ці не пачулі ў тэлефоне родны голас…
ПРА СПРАВУ: апынулася там, куды імкнулася
На размеркаванні Тамара Раманенка ішла ў ліку першых, таму магла выбраць самае прэстыжнае месца – напрыклад, паехаць у Пскоў ці Ноўгарад, дзе адразу ж давалі добрую зарплату і жыллё. Але зноў-такі найперш з-за немаладых бацькоў, якія прайшлі вайну ў Ленінградзе, на Васільеўскім востраве, дзяўчына атрымала свабоднае размеркаванне. Хацела працаваць у абласной інспекцыі па ахове прыроды, ды на той час тут не аказалася вакансіі. Не чакаць жа з мора надвор’я. Нядаўняя выпускніца ўладкавалася інжынерам праектна-канструктарскага аддзела ў тагачаснае вытворча-тэхнічнае ўпраўленне сувязі (цяпер – “Белтэлекам”). Але, нягледзячы на высокі па тым часе заробак у 225 рублёў, праз 10 месяцаў, як толькі вызвалілася інспектарская пасада ў інспекцыі па ахове прыроды, Тамара без ваганняў перайшла на зарплату крышку больш за 100 рублёў. Дзіўна? Для кагосьці – так, ды не для Ялкоўскай, якая не магла ўпусціць шанц займацца справай па душы.
З таго часу і па сённяшні дзень, вось ужо 30-ы (!) год, Тамара Анатольеўна працуе ў адной і той жа ўстанове, прайшоўшы шлях ад інспектара па кантролі за выкарыстаннем меліяраваных земляў да старшыні абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. І хоць жанчына не імкнулася “засвяціцца” наверсе, а проста, лічыць яна, сумленна выконвала сваю работу, яе заўважылі. У 2009-м Тамара Ялкоўская была занесена на Дошку гонару Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. У 2010-м яна атрымала Падзяку Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. А ў жніўні сёлетняга года на IX Рэспубліканскім экалагічным форуме, які праходзіў у Брэсце, узнагароджана нагрудным знакам вышэйназванага Міністэрства “Ганаровы эколаг” – між іншым, адзіная жанчына сярод 11 уганараваных гэтай узнагародай з дня яе заснавання. А яшчэ наша гераіня – зноў-такі адзіная (!) сярод старшынь з іншых абласцей – з’яўляецца членам калегіі Мінпрыроды, а гэта значыць – непасрэдна ўплывае на будаўніцтва экалагічнай палітыкі ў краіне і вырашэнне найважнейшых прыродаахоўных пытанняў…
Гледзячы на прыгожую, дагледжаную і ўпэўненую ў сабе субяседніцу, я раблю вывад: так выглядаць можа толькі шчаслівая жанчына. Але Тамара Анатольеўна не згаджаецца са мной, разважаючы:
– Для мяне шчасце ўяўляецца самазаспакоенасцю. А жыццё ж б’е ключом – і яшчэ да многага я імкнуся, і яшчэ шмат чаго хочацца зрабіць! Не, я не закалыханая дасягнутым…
Цікаўлюся: а што для яе важней – сям’я ці кар’ера? На хвілінку-другую задумаўшыся, жанчына прамаўляе: “Я не кар’ерыстка, ды ніколі не была абыякавай да справы, якой займаюся. І я вельмі даражу сям’ёй. На мой погляд, найвялікшая гармонія пануе ў душы чалавека, калі ўдаецца спалучыць адно з другім – любоў да родных і сваёй работы. Памятаю, калі цяжка хварэла мама, дажываючы апошнія дні, я літаральна разрывалася паміж домам і камітэтам…”
Кажуць: гэта ў птушак ад адчаю здараецца разрыў сэрца, а чалавек вытрымлівае і жыве далей – няхай і з унутранымі шрамамі. “Проста трэба байцом быць”, – тлумачыць сваю жыццёвую пазіцыю Тамара Ялкоўская.
Вось і ад сваіх падначаленых старшыня камітэта патрабуе прынцыповасці і прыстойнасці, справядлівасці і грамадзянскасці, вядома ж – прафесіяналізму і любові да людзей. На яе думку, з гэтымі якасцямі, якія вартыя таго, каб іх занесці ў спецыяльную Чырвоную кнігу, любая справа прынясе плён, а наша зямля яшчэ больш расквітнее, і людзі заўсёды знойдуць мову для ўзаемаразумення…
А пакуль жа перад намі ляжыць звычайная Чырвоная кніга, якая змяшчае ў сабе разнастайныя звесткі пра рэдкія віды жывёл і раслін усяго свету. Тамара Анатольеўна знаходзіць і паказвае мне дзіўнай прыгажосці расліну – венерын чаравічак, які, аказваецца, расце ў Сошнінскім лясніцтве Пінскага раёна – там, дзе захавалася балота. Вакол гэтага цуда-чаравічка ледзь не на дыбачках хадзілі вучоныя Рамсарскага цэнтра, пазіраючы на расліну, бы на сапраўдны цуд. Дарэчы, менавіта на Берасцейшчыне з рэдкай папуляцыі вяртлявай чарацянкі захавалася каля 70 працэнтаў ад усіх птушак у Еўропе. І нашы 5 тэрыторый водна-балотных угоддзяў з 8 ва ўсёй Беларусі ўвайшлі ў Рамсарскі спіс. Дык як не ганарыцца такім багаццем і не шанаваць яго для тых, хто будзе жыць пасля нас?!
ПРА ЧАС: рэальна глядзець на рэчы
Кіраўнік, дэпутат абласнога Савета дэпутатаў 26-га склікання, жонка, маці Тамара Ялкоўская заўважае: “Я напоўніцу жыву ў сваім часе і рэальна гляджу на рэчы”. Калі ж прашу правесці паралель паміж былым, савецкім, і сучасным, беларускім, вылучыць штосьці ці параўнаць, Тамара Анатольеўна жартаўліва ўзгадвае анекдот пра дзядулю, якога дапытваюцца: калі лепей жылося – пры Сталіне ці Хрушчове? “Пры Сталіне, – адказвае стары, а пабачыўшы здзіўленне тых, хто пытаў, тлумачыць: – Я ж тады маладым быў…”
Пэўна, маладосці ніякі час не замінае і ні па чым любыя перашкоды. Узгадаўшы тыя лёгкакрылыя гады, Тамара Анатольеўна радуецца, што дасюль іх дружная група збіраецца раз у пяць гадоў – і гэтае спатканне з юнацтвам дапамагае на нейкі прамежак часу скінуць цяжар пражытых гадоў, акрыляе і пасяляе веру ў лепшае…
Перайшоўшы на сур’ёзны лад і завёўшы размову пра экалогію, жанчына пераканана гаворыць, што такога стаўлення да яе на дзяржаўным узроўні, як цяпер, раней не было.
– Праблемай адходаў пачалі займацца з 90-га года, а дасюль – хіба што помнікамі прыроды і воднымі пытаннямі. А хто зважаў на палігоны камунальных адходаў? Цяпер жа з кожным годам колькасць прыродаахоўных мерапрыемстваў павялічваец-ца, – не хавае задавальнення мая суразмоўніца.
Яна ўзгадвае: раней у эколагаў (хоць і важна гучала іх пасада – “інспектар”!) ніякіх па сутнасці правоў не было, а зараз можна ўздзейнічаць на крыўдзіцеляў прыроды, кіруючыся аж 53 артыкуламі Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях. “Магчыма, і мнагавата, – заўважае Тамара Ялкоўская. – Ды галоўнае – папярэдзіць парушэнне!”
Адметна, што ў вобласці расце атрад грамадскіх эколагаў – зарэгістравана каля 100 чалавек, што пашыраецца кола валанцёраў і зацікаўленых у захаванні прыроды маладых людзей – хоць бы з БрДУ імя А.С. Пушкіна ці грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, што дзяржаўная праграма ахапіла ўсе экалагічныя праблемы. “Вельмі здорава!” – усклікае Тамара Анатольеўна.
Толькі сляпы ці той, хто не жадае бачыць стваральных перамен, не заўважыць памаладзелыя нашы гарады і вёскі. “Мы прывыклі да гэтай прыгажосці і парадку, затое калегі з блізкага і далёкага замежжа вельмі здзіўляюцца ўбачанаму. Я ганаруся сваёй Радзімай, – кажа жанчына і дадае: – Калі кожны з людзей усвядоміць, што наша планета – крохкі шарык, і стане берагчы ўсё жывое на Зямлі – толькі тады свету нічога не будзе пагражаць…”
“Жыць у гармоніі з прыродай – шлях у будучыню”, – гэтыя словы на адным з аркушаў паперы, што ляжалі на стале ў Тамары Ялкоўскай, як нельга лепш адлюстроўваюць сутнасць абранай ёю справы. Высакароднай і пачэснай, якая ў любы час будзе запатрабаванай грамадствам.
Галіна МАЗІНА, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля