Дабрачыннае грамадскае аб’яднанне “БлагоДарим” аб’яўляе збор грашовых сродкаў для аказання дапамогі дзіцячым дамам сямейнага тыпу
Статыстыка пакуль не асабліва радуе: у Беларусі налічваецца амаль 25 тысяч непаўналетніх сірот і дзяцей, што засталіся без бацькоўскага клопату. Дзяржава робіць усё, каб яны не адчувалі сябе пакрыўджанымі. Амаль што 2 дзясяткі тысяч нашых маленькіх суайчыннікаў ужо цяпер знаходзяцца на так званым альтэрнатыўным сямейным доглядзе: у прыёмных і апякунскіх сем’ях і дзіцячых дамах сямейнага тыпу. Дарэчы, колькасць апошніх увесь час павялічваецца, на пачатак года іх было ў краіне 220. Хлопчыкі і дзяўчынкі сагрэты душэўным цяплом новых бацькоў. Яны ходзяць у “звычайныя” дзіцячыя сады і школы, займаюцца ў мастацкіх студыях… Вопытныя педагогі ўсімі сіламі дапамагаюць маленькім грамадзянам забыць пра горкае мінулае.
Між тым, трэба прызнаць, што ў дзіцячым доме сямейнага тыпу праблем – як псіхалагічных, так і чыста бытавых – куды больш, чым у звычайнай сям’і. Знаходзіць рашэнне гэтых праблем другі год запар атрымліваецца ў дабрачыннага грамадскага аб’яднання “БлагоДарим”, якое выступіла ініцыятарам праграмы “Свае” ў падтрымку дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Ужо адны назвы праектаў “маладога” таварыства гавораць самі за сябе: “Маленькія чэмпіёны”, “Здароўе ў ХХI стагоддзі”, “Жыццёвыя клопаты”. За кожным з іх стаяць рэальныя справы: устаноўка спартыўных комплексаў “Здаравяка”, набыццё “дамашніх дактароў” “Сонейка”, медыкаментаў, мэблі і камп’ютарнай тэхнікі, цацак і кніг, сродкаў гігіены і канцылярскіх тавараў… Толькі за першы год працы ў аб’яднання з’явіліся 365 надзейных спонсараў – партнёраў праграмы. У іх ліку прадпрыемствы вытворчага аб’яднання “Беларусьнафта”, супермаркеты для дзяцей “Буслік”, магазіны для будучых мам і дзяцей “Mothercare”…
Разварушыць людзей і дапамагчы ім прасякнуцца ідэяй дабрачыннасці, пераканаць, што менавіта яны здольныя вырашыць любыя праблемы, – такую задачу ставіць перад сабой грамадскае аб’яднанне. Яно прыходзіць на дапамогу тым, каму гэта патрэбна ў першую чаргу, вырашае, якія механізмы задзейнічаць, каб добрых спраў стала больш.
Дапамагчы дзецям можа кожны. Звычайны званок коштам 12500 беларускіх рублёў можа стаць першым маленькім укладам у дабрачынны рух. Для гэтага дастаткова ў любы дзень і час набраць з гарадскога тэлефона нумар 8-902-101-2626,
дачакацца слоў удзячнасці за чуласць і спагадлівасць. Абанентам МТС ці Life дастаткова набраць на мабільным тэлефоне SMS наступнага зместу: “519” ці слова лацініцай “blago”, далей –
прабел, пасля – сума ахвяравання. Дабрачынную SMS трэба адправіць на нумар 553. Сродкі на рахунак грамадскага аб’яднання можна пералічыць праз “Белпошту” ці філіялы банкаў з пазнакай “Дабрачыннае ахвяраванне”. Рэквізіты арганізацыі, а таксама справаздачы пра выкарыстанне сродкаў знаходзяцца на сайце аб’яднання – blagodarim.by. Тут жа прапанаваны і іншыя варыянты аказання дапамогі дзіцячым дамам сямейнага тыпу. Грашовыя сродкі плануецца патраціць на набыццё адзення і абутку напярэдадні Міжнароднага дня абароны дзяцей.
Падарыць дабро за адну хвіліну –
гэта так проста ў паўсядзённай мітусні! Усе мы, беларусы – вялікая сям’я, мы ўсе “свае” – а значыць, павінны падтрымліваць адзін аднаго. Тым больш, калі размова ідзе пра дзяцей з няпростым жыццёвым лёсам.
Андрэй ІВАНОЎ,
старшыня праўлення
ДГА “БлагоДарим”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.