Беларусь

Дапамагаць – гэта вялікая радасць


Абласному эндакрыналагічнаму дыспансеру 5 лістапада афіцыйна перададзена ад Японіі медыцынскае абсталяванне – сучасны апарат ультрагукавых даследаванняў экспертнага класа
Кантракт на атрыманне гранта для набыцця сучаснага апарата  “ALOKA Prosound Alpha 6” абласны эндакрыналагічны дыспансер і пасольства Японіі ў Беларусі падпісалі ў сакавіку гэтага года. У жніўні апарат даставілі ў Брэст, зманціравалі, медыкі пачалі яго асваенне. Пасол Японіі ў Рэспубліцы Беларусь Сігэхіра Міморы і аташэ па эканамічных пытаннях пасольства Міхо Ханда на гэтым тыдні наведалі дыспансер і ўрачыста перадалі яго галоўнаму ўрачу Артуру Грыгаровічу дакументы на ўльтрагукавы апарат.
Абсталяванне паступіла да нас у межах беларуска-японскай праграмы грантавай дапамогі “Карані травы”, якая з 2004 года падтрымліваецца фінансава Урадам Краіны ўзыходзячага сонца. Берасцейскі праект стаў адным з 26-ці, якія ўжо прафінансаваны японскім бокам. Два гады таму па праграме “Карані травы”  медыцынскае абсталяванне атрымала Пінская цэнтральная бальніца. Усяго Урад Японіі выдаткаваў гранты на суму больш чым 2,3 мільёна долараў для ўстаноў аховы здароўя, якія знаходзяцца на пацярпелых ад чарнобыльскай катастрофы тэрыторыях.
– Японцы, якія перажылі дзве ядзерныя бамбардзіроўкі, а цяпер яшчэ і Фукусіму, напэўна, як ніхто іншы ў свеце, адчуваюць пачуццё спагады да тых, хто трапіў у бяду, – заўважыў спадар Міморы. – Наш Урад узяў на сябе абавязкі, і таму праграма “Карані травы” будзе выканана. Для нас дапамагаць іншым – вялікая радасць, і мы зноў упэўніліся, што беларусы з удзячнасцю прымаюць нашу дапамогу.
Як адзначыла начальнік упраўлення аховы здароўя аблвыканкама Святлана Крапівіна, супрацоўніцтва з японскім бокам спрыяе ўзаемнаму росту прафесіяналізму медыкаў, асваенню больш дакладных і сучасных метадаў дыягностыкі. Японскія дыпламаты змаглі ўпэўніцца, што ўльтрагукавы апарат паспяхова асвоены і актыўна выкарыстоўваецца: за тры месяцы на ім выканана больш за 3000 абследаванняў.
Урачы дыспансера цяпер маюць магчымасць выдатна бачыць шчытападобную залозу, даследаваць яе асобныя ўчасткі, а пры выяўленні пухлін (нават малых памераў) праводзіць біяпсію на месцы. Кансультаванне ў дыспансеры атрымліваюць не толькі брастаўчане, але і жыхары з раёнаў. Для эфектыўнасці кансультацыі вельмі важную ролю іграе дакладнасць дыягназу, якая цяпер стала на парадак вышэй, дзякуючы новаму апарату ўльтрагукавых даследаванняў.
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”,
г. Брэст.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля