Дарунак князя Сапегі
Чатыры сотні гадоў без перапынку на войны і смутныя часы расчынены для прыхаджан дзверы касцёла Святой Тройцы ў Ружанах
Кожны, хто толькі пад’язджае да Ружан, яшчэ здалёк заўважае ўзнесеныя высока ў неба шпіль каталіцкага касцёла Святой Тройцы (на здымку) і званіцу праваслаўнай Петра-Паўлаўскай царквы, а крыху далей нагадваюць аб мінулым велічныя руіны палаца князёў Сапегаў. Мы падыходзім да касцёла, строгай архітэктуры аднавежавага будынка з чатырох’яруснай вежай-званіцай з высокім гранёным шатром. Унутраная аздоба храма надзвычай багатая: над уваходам на драўляных крыжападобных слупах –
хоры са старадаўнім арганам, пластычныя архітэктурныя формы, скульптура, жывапіс. Галоўны алтар таксама ўпрыгожаны скульптурамі, ляпным арнаментам і гербам Сапегаў. Зверху звісае арыгінальная жырандоля XVII стагоддзя. У самім касцёле знаходзіцца шмат каштоўных рэчаў, у тым ліку некалькі слуцкіх паясоў, вырабленых на мясцовых мануфактурах і ў Слуцку ў XVIII стагоддзі, выкананая старажытным аўтарам серыя карцін “Хрэсны шлях Хрыста”, рэлігійныя старадрукі на польскай мове пачатку XVIII стагоддзя.
Троіцкі касцёл узведзены на месцы старога драўлянага ў 1617 годзе. Яго фундатарам стаў знакаміты магнат і палітычны дзеяч, канцлер, адзін з аўтараў унікальнага зводу законаў – Статута Вялікага Княства Літоўскага – Леў Сапега, які, акрамя ўсяго, быў вядомым мецэнатам. Гаворачы сучаснай мовай, ён спансіраваў будоўлю 24-х касцёлаў і кляштараў. У 1768 годзе намаганнямі Крысціны Масальскай (з Сапег) храм быў значна павялічаны за кошт дабудаванай бакавой капліцы Святога Крыжа, а ў 1787 годзе стараннямі князя Аляксандра Сапегі далучана другая капліца – Святой Барбары. Прыкладна ў гэты ж час храм быў перабудаваны паводле праекта запрошанага з Саксоніі архітэктара Яна Самуэля Бекера. Вялікую страту святыні нанёс пажар 1895 года, аднак агульнымі сіламі ксяндза Уладзіслава Кулешы і прыхаджан ён быў узноўлены і да цяперашняга часу застаўся амаль без змен.
Нават сусветныя войны не нанеслі сур’ёзнай шкоды ружанскай святыні – Бог аберагаў яе для нашчадкаў. Але пасляваенных рэпрэсій святары пазбегнуць не маглі – касцёл улады закрылі, а ксёндз Міхаіл Варанецкі, які служыў спачатку ў Лыскава, а пасля ў Ружанах, аказаўся ў сталінскіх лагерах. Толькі праз 7 гадоў, перанёсшы многа фізічных і душэўных выпрабаванняў, ён вярнуўся да пастырскай службы.
У 1990 годзе на змену Міхаілу Варанецкаму прыйшоў ксёндз Ежы Тумаш, а з 1994-га ў прыходзе працуе ксёндз Януш Пуліт (на здымку). На той час, калі пан Януш толькі пачынаў сваё пастырскае служэнне, храм, які зведаў на сабе няўмольныя сляды часу, патрабаваў рамонту, агромністых фінансавых затрат. Неабходна было шукаць людзей са сродкамі, неабыякавых да самой святыні і ружанскай зямлі.
У 1997 годзе ксёндз Януш Пуліт надрукаваў у рэлігійных часопісах Польшчы артыкул з просьбай аб дапамозе ў рэканструкцыі касцёла. Ён трапіў на вочы 96-гадовай Марыі Сапега, якая была жонкай аднаго з нашчадкаў вялікага канцлера ў дзясятым пакаленні. Яна дапамагла грашыма, а яшчэ дамовілася з польскім Міністэрствам культуры аб выдаткаванні сродкаў на рамонт. Сёння храм можа сапернічаць па прыгажосці з найлепшымі помнікамі свету, ён занесены ў спіс архітэктурных помнікаў, што ахоўваюцца дзяржавай. А на мемарыяльнай дошцы на ўваходзе сярод прозвішчаў тых, хто спрычыніўся да абнаўлення святыні, найпершым пазначана прозвішча пані Марыі з Варшавы.
Знакаміты філосаф-багаслоў Аляксандр Мень пісаў, што кожны храм складаецца са слова, вобраза і таемства. “Слова” ў храме – гэта шчырыя, запамінальныя казанні айца Януша, чалавека вядомага не толькі ў Ружанах, але і далёка за ваколіцамі мястэчка. Людзі ідуць да яго ў храм, каб знайсці дапамогу і падтрымку, падзяліцца сваёю радасцю ці скінуць з душы цяжкі камень, пазбавіцца ад грузу неабавязковага, грахоўнага, марнага.
Цяжка ці весела жывецца прыхаджанам касцёла Святой Тройцы, але без храма іх жыццё немагчымае. Людзі ідуць у касцёл як у дом Божы, і храм робіцца для іх самым важным і родным у жыцці домам. І бяда, і святы збіраюць іх тут, дзе ўсё нагадвае пра высокае духоўнае прызначэнне чалавека. А для самога пана Януша служэнне ў касцёле, як стала зразумела з нашай гутаркі, гэта нялёгкая, але высакародная праца душы, якая патрабуе поўнай аддачы духоўных, інтэлектуальных і маральных сіл. І людзі адчуваюць гэта. Па словах ксяндза, касцёл наведвае многа прыхаджан – прыкладна 60 – 70 працэнтаў ад агульнай колькасці тых, хто прытрымліваецца каталіцкага веравызнання. Нават у Варшаве гэты паказчык у многа разоў ніжэй –
усяго да 10 працэнтаў. А яшчэ ж вельмі часта наведваюць храм прыезджыя – так што ён ніколі не пустуе.
Як расказаў настаяцель касцёла, тут заўсёды была моцная каталіцкая абшчына і храм ніколі не закрываўся. Нават у змрочныя часы прыгнёту хрысціянскай веры людзі ішлі ў касцёл, бо бачылі там святло. Рэальная пагроза навісла над святыняй у 1950-х гадах. Тады вельмі дапамагла адна з былых партызанак ружанскай зоны, актыўная прыхаджанка: яе баявыя сябры на той час займалі ўплывовыя пасады.
На шчасце, ружанскі касцёл не напаткаў лёс лыскаўскага храма, разабранага ў 1958 годзе “ў сувязі з аварыйным становішчам”. Нам расказалі, што, нягледзячы на гэта, дахавае пакрыццё тут жа апынулася на доме аднаго з тых, хто “клапаціўся” пра бяспеку прыхаджан. А самі вяскоўцы, адурманеныя антырэлігійнай прапагандай, бязлітасна разрабавалі святыню. У душах людзей гінула пачуццё ўзвышанага, светлага, і звер, які да часу драмаў там, выходзіў з-пад кантролю, напоўніцу паказваў свой хіжы выскал і помсціў за тое, што так доўга стрымлівалі яго драпежныя інстынкты…
Мяняюцца часы, у жыццёвай мітусні мы ўсё часцей шукаем дарогу да храма, цяжка, па каменьчыку ўзводзячы ў душы храм роднай культуры. Старадаўнія замкі, цэрквы і касцёлы – жывыя і тыя, якія некалі абавязкова паўстануць з руін, –
нібыта маякі на шляху да веры, да ўсведамлення нацыянальнай самасвядомасці беларусаў.
Як захавальнік і вартаўнік багатай айчыннай гісторыі, як рукатворны сімвал духоўнай моцы і сілы нашых продкаў, крочыць у будучыню сувязны вякоў – ружанскі касцёл Святой Тройцы, перадаючы кожнаму наступнаму пакаленню наказ канцлера Сапегі быць вартымі Богам дадзенай зямлі, памятаць, хто мы і з чым прыйшлі на гэты свет.
Мікола СЯНКЕВІЧ, “НТ”,
Пружанскі раён.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.