Беларусь

Дзе ты, Дзед Мароз?


На пераднавагодніх кірмашах і ў магазінах замест звыклага персанажа нам паўсюдна прапануюць заморскіх Санта-Клаўсаў

Яшчэ тыдзень таму наўрад ці хто з нас адчуваў надыход свята. Аднак выпаў снег, тэмпература за акном апусцілася ніжэй за нуль, і неяк асабліва захацелася адчуць пах духмяных мандарынаў, жывой ёлкі, падумаць пра падарункі і накрыты святочны стол. Настаў самы зручны час для пераднавагодніх клопатаў.
Ад выбару конікаў (сімвала надыходзячага года) на кірмашы, што раскінуўся на вуліцы Гогаля ў Брэсце, вочы разбягаюцца. Героі мультфільмаў, руская тройка, казачныя персанажы  – на любы густ і кашалёк прапануюць гандляры. Статуэткі ці дробныя сувеніры ў сярэднім каштуюць ад 30 да 150 тысяч рублёў. Мяккія цацкі крыху даражэй – ад 100 да 300 тысяч. За навагодні касцюм таго ж коніка і іншых персанажаў для дзіцяці прыйдзецца заплаціць 170 – 280 тысяч рублёў.
– Мне купілі каня! – пахваліўся мне маленькі Даніла. – На кірмаш прыйшоў з бабуляй. Яна казала, што будзе купляць, колькі хопіць пенсіі. У мяне ўжо ёсць маска Чалавека-павука і конік-гайдалка.
Пакуль бабуля прыглядаецца да тавараў у суседнім павільёне, хлапчук ужо “асядлаў” свайго каня і адзеў новую маску. Па словах бабулі Валянціны Казіміраўны, за паўгадзіны на кірмашы яны з унукам ужо патрацілі мільён. А яшчэ не купілі галоўны атрыбут свята –
ёлку. Так што будуць шукаць зялёную прыгажуню…
Сапраўды, выбраць ёлку – справа няпростая. Патрабаванняў да яе шмат. Нягледзячы на тое, што выбар на кірмашы даволі багаты, многія зялёныя прыгажуні не адпавядаюць запытам пакупнікоў.
– У асноўным людзі глядзяць ёлачкі сярэдняга памеру, – расказала прадавец Людміла. – Ведаеце, квадратныя метры ў большасці людзей не дазваляюць разгуляцца. Папулярнасцю карыстаецца хвоя – яна больш пушыстая і прэзентабельная. Бяруць таксама і зусім маленькія ёлачкі: хто – на працу, хто прынцыпова не загрувашчвае кватэру. Пытаюцца таксама, ці не разбіраюцца ёлкі на некалькі дэталей, бо не ва ўсіх ёсць  месца для захоўвання суцэльнага дрэўца.
Асартымент штучных ёлак вялікі: ад стандартнай да сібірскай піхты. Ёлачку вышынёй адзін метр можна знайсці за 300 – 450 тысяч рублёў. Тыя, што вышэй  за два метры, каштуюць больш за мільён.
Жывых ёлак пакуль няма. З’явяцца яны літаральна днямі. Ёлачныя кірмашы пройдуць з 20 па 31 снежня. Сярэдні кошт ёлкі ад 1 да 2 метраў складзе прыкладна 50 – 80 тысяч рублёў. А пакуль прадпрымальныя гандляры прапануюць купіць вечназялёныя туі і кіпарыс.
Упрыгожыць ёлку – нібыта дзяўчыну на баль сабраць. Набор з чатырох вялікіх шароў каштуе 170 – 200 тысяч рублёў. Шэсць пластмасавых маленькіх шарыкаў можна набыць за 90 тысяч. Найбольш раскашэліцца прыйдзецца аматарам вінтажных цацак. Домікі, чалавечкі, анёлы – трэнд сезона.
У ЦУМе і магазіне “Дзіцячы свет” таксама вялікі выбар навагодняй прадукцыі. Цэны не надта адрозніваюцца. Амаль у кожным, нават прадуктовым, магазіне можна купіць шарыкі, вяночкі, банцікі, зоркі і іншую драбязу. Прыемна радуе якасць прадукцыі. Калі ў папярэднія гады прылаўкі гнуліся ад кітайскага “шырспажыву”, дык цяпер нам прапануюць купіць польскі, расійскі, прыбалтыйскі тавар. На жаль, прадукцыю з адзнакай “зроблена ў Беларусі” знайсці вельмі цяжка. Па словах прадаўцоў, беларускія тавары значна даражэйшыя, таму і попыт на іх сёння невялікі. Асабліва гэта можна заўважыць, зазірнуўшы ў палатку з беларускім хэнд-мэйдам. Тут дзяўчаты прапануюць сувенірную прадукцыю, ільняныя падушкі ў выглядзе розных жывёл, у тым ліку і сімвала надыходзячага года. На думку прадаўцоў, сувенірныя падушкі, можа, і раскупляліся б хутчэй, аднак 90 – 150 тысяч рублёў для нашых пакупнікоў дарагавата. Між тым, калі прыгля-дзецца да гэтых зробленых сваімі рукамі конікаў ды коцікаў, разумееш, што зусім не шкада тых грошай. Вельмі якасны і прыгожы тавар! Вось толькі надакучылі англійскія “Happy New Year” ды “Merry Christmas”. Дзе нашы беларускія віншаванні з Новым годам і Калядамі? Днём з агнём, як гаворыцца, не знойдзеш. Дык, можа, не ў кошце справа?..
Я чула, як многія з наведвальнікаў кірмашу пытаюцца пра тавары без характэрных “заходніх” надпісаў.  Да таго ж, цяжка і Дзеда Мароза айчыннага знайсці. Памятаеце, як у дзяцінстве статны сівавалосы Дзед Мароз у шыкоўным футры выконваў любое жаданне і заўсёды дарыў менавіта тое, што так хацелася атрымаць пад ёлачкай? Так і хочацца паклікаць яго: “Дзе ж ты, найдабрэйшы Дзед Мароз?” Затое Санта-Клаўсы пяюць і танцуюць на любы лад. Іх на кірмашы – колькі хочаш: і розных памераў, і з рознымі музычнымі інструментамі. Карацей кажучы, жаданні загадваць і падарункі атрымліваць па-ранейшаму будзем у свайго Дзеда Мароза, а пад ёлачку прыйдзецца купіць заморскага Санту.
У суседнім павільёне – ажыятаж вакол гірлянд. Здаецца, кожны год адно і тое ж: натоўпы людзей выбіраюць рознакаляровыя агеньчыкі. Навошта столькі? Справа ў тым, што хапае іх на адзін Новы год. Таму сёлета людзі асабліва цікавяцца вытворцамі. Ахвотна бяруць расійскія і польскія. А тыя, што “made in China”,  сёння не ў фаворы. Нягледзячы на больш высокі кошт (напрыклад, святлодыёдная сняжынка памерам 40 сантыметраў расійскай вытворчасці каштуе 120 тысяч рублёў), брэсцкія спажыўцы перавагу аддаюць якаснай, надзейнай і бяспечнай прадукцыі. Некаторыя жартуюць: “Мы не настолькі багатыя, каб купляць танныя рэчы!”
Немалаважным атрыбутам Новага года і Каляд з’яўляюцца салодкія падарункі. У магазінах і на рынках іх багаты асартымент. “Чароўная шкатулка”, “Мех Дзеда Мароза”, “Казачная кніга”, “Залаты куфэрак”… Беларускія кандытарскія фабрыкі ўжо даказалі якасць сваёй прадукцыі, а цяпер прывабліваюць пакупнікоў крэатыўным дызайнам. Сярод ідэй, прапанаваных вытворцамі, асаблівай папулярнасцю карыстаюцца падарункі з мяккай цацкай ці вялікай шакаладнай статуэткай у выглядзе коніка. Каштуюць такія падарункі 250 – 260 тысяч беларускіх рублёў. Прадавец у магазіне “Прадтавары” расказала, што беларускія салодкія наборы актыўна купляюць расіяне – надта палюбіліся ім нашы цукеркі і, вядома, нашы даступныя цэны.
Пэўна ж, людзі патрабуюць і хлеба, і відовішча. Культурны  блок навагодніх свят на Брэстчыне абяцае быць таксама насычаным. Багатую культурную праграму прапануе эпіцэнтр свят – Белавежская пушча. Для таго, каб трапіць да Дзеда Мароза,  Беларуская чыгунка нават пусціла спецыяльны вагон у цягніку Мінск – Брэст, які будзе курсіраваць з 20 снежня па 11 студзеня. Ва ўсіх раённых цэнтрах і абласным у навагоднюю ноч і на Каляды адбудуцца народныя гулянні. 1 і 7 студзеня на цэнтральных плошчах і ў мікрараёнах гарадоў пройдуць дыскатэкі і конкурсы для дарослых, а таксама ранішнікі для дзяцей. Традыцыйна ўстановы культуры рыхтуюць навагоднія прадстаўленні для маленькіх гледачоў. Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы з 21 па 30 снежня запрашае на паказ “Навагодні розыгрыш”. Брэсцкі тэатр лялек парадуе спектаклем “Падарожжа Дзеда Мароза на Месяц”, які пройдзе ў снежні – пачатку студзеня. Палескі драматычны тэатр у Пінску запрашае на прэм’еру “Снежная каралева” і прадстаўленне “Навагодні перапалох”. 15 снежня ў Пружанах пройдзе раённае свята “Парад Дзядоў Марозаў”, а таксама многа-многа іншых цікавых і неардынарных мерапрыемстваў, падрабязней пра якія можна даведацца ў канцэртных касах і па кантактных тэлефонах устаноў культуры.
Для тых, хто захоча запрасіць Дзеда Мароза і Снягурку дамоў, ёсць свой прайс-ліст. У сярэднім такая паслуга абыдзецца ў 190 тысяч рублёў. Сярод шматлікіх аб’яў можна знайсці і больш танныя прапановы. Так, напрыклад, уручыць ваш падарунак дзіцяці без праграмы Дзед Мароз і Снягурка прыедуць за 100 тысяч рублёў, а з праграмай на 20 хвілін бацькі заплацяць ужо 200 тысяч.
Як бачым, падрыхтоўка да навагодніх свят у самым разгары. У Брэсце і раённых цэнтрах разгарнуўся бойкі гандаль на кірмашах і ў магазінах. А работнікі культуры абяцаюць  разнастаіць святы вясёлай забаўляльнай праграмай. Але хіба  ж гэта самае галоўнае? Дзе і што купляць, колькі грошай патраціць на пераднавагодні шопінг, куды пайсці – не мае ніякай розніцы. Святкаванне Новага года атрымаецца найлепшым толькі тады, калі сустракаць ды праводзіць яго будзем у добрым настроі і разам з блізкімі людзьмі.
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля