Хай сэрцы будуць добрымі…
Святочны дабрачынны марафон традыцыйна праходзіць на Брэстчыне на Новы год і Каляды. Тэме дабрачыннасці, міласэрнасці, дабрыні прысвячаюцца і матэрыялы сённяшняга святочнага нумара газеты
Напярэдадні навагодніх свят асабліва хочацца верыць у казку, якая абавязкова здзейсніць усе жаданні, падорыць дабрыню, пяшчоту і душэўную цеплыню. Галоўным святочным цудам, пэўна ж, з’яўляецца міласэрнасць. Без гэтага светлага імкнення быць патрэбным і прыносіць радасць навакольным, магчыма, і не было б
свету ў сучасным яго выглядзе.
Працягваючы добрыя традыцыі міласэрнасці, якія дзесяцігоддзямі стваралі асноўныя прынцыпы сацыяльнай накіраванасці нашай краіны, вертыкаль улады, грамадскія аб’яднанні, працоўныя калектывы і проста неабыякавыя да чужой бяды людзі не словам, а справай пацвярджаюць: ствараць цуды можа кожны – варта толькі захацець.
У далёкім 1995 годзе ў Рэспубліцы Беларусь прайшла першая навагодняя дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”. З часам яна стала традыцыйнай і доўгачаканай, да яе падключылася больш удзельнікаў, прычым як тых, што гатовы стварыць навагоднюю казку, так і тых, хто з нецярпеннем чакае гэтага. Падчас акцыі кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, прадпрыемстваў, банкаў, грамадскіх аб’яднанняў з падарункамі наведваюць дзіцячыя інтэрнатныя ўстановы, апякунскія і прыёмныя сем’і, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, сем’і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, дзіцячыя бальніцы. У гэтай маштабнай акцыі прымае ўдзел і Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, члены Урада, парламента і Адміністрацыі Прэзідэнта.
У снежні – студзені акцыя “Нашы дзеці” крочыць па Беларусі, не пакідаючы без увагі ніводнага дзіцяці. Днямі святочны настрой адчулі выхаванцы Кобрынскага дзіцячага дома. Ва ўстанове ў рамках акцыі пабываў старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар, а таксама прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў і дэпутаты. Для гасцей малышы падрыхтавалі сюрпрыз – навагодняе прадстаўленне. У Кобрынскім дзіцячым доме выхоўваюцца 60 дзетак ад 3 да 6 гадоў, многія з іх маюць асаблівасці развіцця. Аднак і яны, і дарослыя перакананы, што ў жыцці, як у любой казцы, іх гісторыі будуць мець добры працяг.
– Тры гады таму ў гэтым доме выхоўваліся 120 дзяцей, а цяпер –
ужо 60, – расказаў Канстанцін Сумар. – Многія знаходзяць сваіх бацькоў, нават сёння з намі ў карагодзе танцавалі хлопчыкі і дзяўчынкі, якія пасля Новага года, а можа, і раней трапяць у новыя сем’і –
ужо зараз для гэтага афармляюцца неабходныя дакументы.
Напрыканцы свята дзеці атрымалі цацкі і салодкія прысмакі. Вось толькі, здаецца, галоўным падарункам для іх сталі ўвага, добры настрой і адчуванне таго, што яны патрэбныя.
Акцыя “Нашы дзеці” стала прыкладам для многіх іншых добрых спраў. Грамадскія аб’яднанні “Белая Русь”, “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”, Таварыства Чырвонага Крыжа, ветэранскія арганізацыі таксама праводзяць дабрачынныя акцыі, прысвечаныя Новаму году. У святочны час кожны дзень тысячы дзяцей на Брэстчыне задзейнічаны ў розных мерапрыемствах. Акурат напярэдадні выхаду газеты ў брэсцкім Палацы прафсаюзаў прайшлі два дабрачынныя ранішнікі, арганізаваныя абласным аб’яднаннем прафсаюзаў. Мерапрыемства сабрала больш чым 800 дзяцей з усёй вобласці. Хлопчыкаў і дзяўчынак асабіста павіншаваў старшыня аб’яднання Мікалай Басалай.
У апошнія гады да дабрачыннасці ў Рэспубліцы Беларусь, у прыватнасці – на Брэстчыне, актыўна падключыліся прадстаўнікі бізнесу. Лаяльная ў адносінах да спонсараў дзяржаўная палітыка і эканамічная падтрымка спрыяе гэтаму. А далучыцца да агульнай вялікай добрай справы можна хоць зараз – час дазваляе.
Зразумела, ствараць цуды не толькі па сілах кожнаму, але і вельмі прыемна. Побач з намі заўсёды ёсць той, каму патрэбна даць веру і надзею на лепшае. А магчымасць ажыццявіць хоць адно дзіцячае жаданне, выклікаць яго ўсмешку і бляск у вачах – гэта і ёсць сапраўдны цуд.
Вольга МАШНОВА, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.